Дата нараджэння: 23.02.1878
Дата смерці: 15.05.1935
Кароткая даведка: беларускі і расійскі мастак, тэарэтык мастацтва, адзін з заснавальнікаў супрэматызму
Імёны на іншых мовах: Малевич Казимир Северинович (руская);
Казімір Севярынавіч Малевіч быў не толькі выдатным мастаком, але і педагогам, тэарэтыкам мастацтва, філосафам. Створаны ім супрэматызм – кірунак у авангардысцкім мастацтве сярэдзіны 1910–1920 гг. – паўплываў на сучасны жывапіс, архітэктуру і дызайн.
Нарадзіўся К. Малевіч непадалёку ад Кіева ў сям'і кіраўніка цукровага завода, выхадца з валынскай шляхты. Маляваць пачаў з 11 гадоў. Бацька не падтрымліваў захапленне сына і накіраваў яго ў агранамічнае вучылішча, якое той скончыў у 1892 г. У 1895–1896 гг. К. Малевіч вучыўся ў Кіеўскай школе малявання М.І. Мурашкі. У 1896 г. сям'я пераехала ў Курск. Там К. Малевіч пазнаёміўся з творчасцю мастакоў-перадзвіжнікаў і пачаў займацца жывапісам як аматар. Ён марыў аб вучобе ў Маскве і, каб мецьь на гэта грошы, уладкаваўся чарцёжнікам ва Упраўленне Маскоўска-Кіева-Варонежскай чыгункі. У 1904 г. пераехаў у Маскву, дзе некалькі разоў паступаў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. З 1906 па 1910 г. вучыўся ў прыватнай студыі Ф. Рэрберга.
Раннія творы К. Малевіча «Бялізна на плоце» (1902–1903), «На бульвары» і «Жанчына з кветкай» (1903), «Квітнеюць яблыні» (1904) блізкія да імпрэсіянізму, якім мастак захапіўся пад уплывам палотнаў К. Манэ. Наступныя работы «Царква» (1905), «Партрэт незнаёмай з сям'і мастака» і «Пейзаж з жоўтым домам (Зімовы пейзаж)» (1906) сведчылі аб тым, што менавіта імпрэсіянізм прывёў К. Малевіча ў абстрактнае мастацтва. У 1907 г. ён упершыню прыняў удзел у XIV выстаўцы Маскоўскага таварыства мастакоў. Творчыя пошукі вялі К. Малевіча ад імпрэсіянізму да сімвалізму. Яго «Эскізы фрэскавага жывапісу» (1908), прадстаўленыя ў Маскоўскім таварысте мастакоў, нагадвалі рускія абразы, аднак іх яркая дэкаратыўнасць уласціва хутчэй мадэрну. У стылі сімвалізму напісаны і іншыя работы гэтага перыяду – «Плашчаніца», «Дуб і дрыяды», «Дзве дрыяды», «Адпачынак. Кампанія ў ціліндрах» (усе 1908). У 1910–1912 гг. у творчасці К. Малевіча адбываецца рашучы пераход ад сімвалізму да неапрымітывізму і фавізму. З 1910 г. ён пачаў удзельнічаць у выстаўках таварыстваў мастакоў «Бубновы валет», «Саюз моладзі» і «Асліны хвост», членам якіх з'яўляўся. У гэты ж час былі напісаны палотны «Жанчына з дзіцём» (1910–1911), «Пахаванне селяніна» (1911), «Жніво» (1912), «Дрывасек» (1912) і інш. Постаці і фон на карцінах складаліся з цыліндраў і конусаў, утваралі добра зрытмізаваную структуру механічнага руху. У далейшай творчасці К. Малевіча стала назіралася спалучэнне прынцыпаў кубізму і футурызму (карціны «Станцыя без прыпынку», 1911; «Тачыльшчык» і «Жанчына з вёдрамі» (1912–1913) і іншыя.). У 1913 г. К. Малевіч стаў адным з арганізатараў Усерасійскага з'езда футурыстаў. У гэтым жа годзе стварыў дэкарацыі і касцюмы для футурыстычнай оперы «Перамога над Сонцам». Менавіта ў час працы над ёй да мастака прыйшла ідэя карціны «Чорны квадрат». У 1915 г. ён прадставіў на «Апошняй выстаўцы футурыстаў» («0,10») у Петраградзе серыю з 39 абстрактных карцін пад назвай «Супрэматызм». Гэту назву прыдумаў сам (ад лацінскага supremus – найвышэйшы). Супрэматызм па К. Малевічу – спалучэнне афарбаваных прасцейшых геаметрычных фігур. Гледачам на выстаўцы прапаноўвалася і яго аўтарская брашура «От кубизма и футурызма к супрематизму», з тэарэтычным абгрунтаваннем новага кірунку, «нулявой формай» якога быў славуты «Чорны квадрат». Менавіта праз гэта палатно К. Малевіч тлумачыць пачаткі супрэматызму: «Чорны квадрат на белым полі быў першай формай выразу беспрадметнага адчування: квадрат – адчуванне; белае поле – «нічога» акрамя гэтага адчування. (...) Супрэматычны квадрат і формы, якія паўстаюць з гэтага квадрата, можна прыраўняць да прымітыўных рысак (знакаў) першабытнага чалавека, якія разам не стваралі арнаменту, але выяўлялі пачуццё рытму»*.
Казімір Малевіч прыхільна сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю і актыўна ўключыўся ў культурную перабудову грамадства. Ён стаў прафесарам Вольных мастацкіх майстэрняў у Маскве і Вольных дзяржаўных навучальных мастацкіх майстэрняў у Петраградзе. У 1918 г. афармляў першую пастаноўку п'есы У. Маякоўскага «Містэрыя-буф».
У кастрычніку 1919 г. М. Шагал запрасіў К. Малевіча ў Віцебск на пасаду прафесара Народнай мастацкай школы «новага рэвалюцыйнага ўзору». Яго дзейнасць у гэтым беларускім горадзе была яркай і шматграннай. Казімір Малевіч кіраваў мастацкім афармленнем свята 3-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі (1920), плённа супрацоўнічаў з тэатрам, імкнуўся да новага асэнсавання архітэктуры, стварыў мастацкае аб’яднанне «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (руская абрэвіятура УНОВИС), прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі часопісаў «Искусство» і «УНОВИС», шмат выкладаў. У Віцебску былі напісаны асноўныя тэарэтычныя працы мастака «Супрематизм» (1920) і «Бог не скинут : искусство, церковь, фабрика» (1922).
У 1922 г. К. Малевіч вярнуўся ў Петраград, дзе ўзначаліў арганізаваны ім Дзяржаўны інстытут мастацкай культуры і Вышэйшыя мастацка-тэхнічныя майстэрні са спецыялізацыяй па архітэктуры, мадэляванні з металу і дрэва, паліграфіі, тэкстылі, кераміцы, жывапісе, скульптуры. Этапнай вяршыняй яго творчасці ў 1920-я гг. стала эксперыментальная пластыка, у якой мастак развіваў сваю канцэпцыю выхаду супрэматычных форм у трохмерную прастору. З гіпсу і дрэва К. Малевіч ствараў гарызантальныя «планіты» і вертыкальныя «архітэктоны», якія ўяўляюць сабой ідэальныя, без практычнага прызначэння праекты абстрактных форм архітэктуры. У іх мастаку бачыліся геаметрычныя прасторавыя структуры гарадоў будучага. У комплексе з «архітэктонамі» трэба разглядаць працу К. Малевіча над супрэматычнымі формамі з фаянсу, над арнаментам набіўных тканін, вытворчым адзеннем – кампанентамі адзінага і гарманічнага стылю.
З мэтай наладжвання шырокай прапаганды дасягненняў савецкага мастацтва і ўстаноўкі цесных рабочых кантактаў з дэмакратычнымі цэнтрамі замежнага авангарда К. Малевіч у 1927 г. наведаў школу «Баўхаўс» (Германія). У 1929 г. у Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі дэманстравалася вялікая выстаўка К. Малевіча. Экспазіцыя давала магчымасць убачыць творчы шлях мастака з эпахальнымі здабыткамі і новымі тэндэнцыямі. У пачатку 1930-х гг. К. Малевіч працаваў у жанрах партрэта і пейзажа Ён напісаў карціны «Скача чырвоная конніца» (1918–1930), «Дзяўчына з чырвоным дрэўкам» (1932), «Аўтапартрэт» (1933), «Дзяўчына з грэбенем» (1935) і інш.
Апошнія дзесяць гадоў жыцця мастака былі азмрочаны палітычным праследаваннем, якое суправаджалася артыкуламі-даносамі ў друк. У 1927 г. закрылі Дзяржаўны інстытут мастацкай культуры. У 1930 г. яго арыштавалі як «нямецкага шпіёна» (праз тры месяцы вызвалілі). Здароўе было падарвана, аднак К. Малевіч яшчэ паспеў у апошні раз прыняць удзел у выстаўцы «Мастакі РСФСР за 15 гадоў», якая адбылася ў 1932 г. Ён памёр у Ленінградзе. Быў пахаваны ў пасёлку Нямчынаўка пад Масквой.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.
* Цыт па: Мастацтва Беларусі. 1989. № 2. С. 54.