Нарадзіўся Іван Якаўлевіч Спрогіс 2 ліпеня 1833 г. на мызе Штокмансгоф (зараз г. Плявінас, Латвія). Паходзіў з сям’і латышскіх сялян Якава Спрогіса і Ажы (Ганны) Сілінь. Быў ахрышчаны ў лютэранскую веру (меў імя Яніс), але ў 1844 г. сям’я прайшла новае хрышчэнне ў праваслаўную веру, пасля чаго хлопчык стаў насіць імя Іван.
Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай царкоўна-прыходскай школе, затым вучыўся ў ў Рызе ў духоўным вучылішчы і семінарыі. Пасля заканчэння ў 1861 г. семінарыі юнак паступіў у Пецярбургскую духоўную акадэмію, аднак з-за ўдзелу ў студэнцкіх беспарадках быў адлічаны з другога курса. У 1863 г., дзякуючы хадайніцтву У.В. Стасава, які служыў ў Імператарскай Санкт-Пецярбургскай публічнай бібліятэцы, Івану Спрогісу ўдалося ўладкавацца на пасаду памочніка загадчыка чытальнай залы гэтай бібліятэкі.
У 1864 г. І. Спрогіс па запрашэнні папячыцеля Віленскай навучальнай акругі І.П. Карнілава пераехаў у Вільню ў якасці звышштатнага настаўніка пры Упраўленні акругі і спецыяліста бібліятэчнай справы для ўпарадкавання кніг, звезеных ў Вільню з зачыныненых рымска-каталіцкіх манастыроў і якія сфармавалі фонд Віленскай публічнай бібліятэкі. Некаторы час І. Спрогіс займаў пасаду загадчыка гэтай бібліятэкі.
У жніўні 1865 г. прызначылі памочнікам архіварыуса Віленскага цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг М. Гарбачэўскага, затым з 1880 г. па 1915 г. узначальваў архіў. За гэты час праз яго рукі прайшлі сотні тысяч дакументаў. Іван Якаўлевіч рабіў вопіс архіва, распрацаваў яго навукова-даведачны апарат, складаў геаграфічныя паказальнікі.
Іван Спрогіс падрыхтаваў прадмовы і саставіў паказальнікі да шэрагу тамоў выдання “Акты, изданные Виленскою археографическою комиссиею”. Таксама Іван Якаўлевіч публікаваў свае тэксты асобнымі выданнямі і ў перыёдыцы. З’яўляўся ганаровым сябрам Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.
З 1 студзеня 1870 г. І. Я. Спрогіс увайшоў у склад Віленскай археаграфічнай камісіі. Займаўся адборам і падрыхтоўкай дакументаў да публікацыі. Разам з М. Гарбачэўскім, П. Гільтэбрантам і інш. рыхтаваў выданні “Акты Виленской археографической комиссии”. Асабіста І. Спрогісу належаць прадмовы і паказальнікі да шэрагу тамоў актавых зборнікаў. Работы Івана Якаўлевіча таксама публікаваліся як асобнымі выданнямі, так і ў перыёдыцы («Известия Академии наук», «Записки Северо-Западного отдела Императорского Русского географического общества», «Виленский вестник», «Витебские губернские ведомости», «Литовские епархиальные ведомости» і інш.).
Іван Якаўлевіч прымаў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні ІХ Археалагічнага з’езда ў Вільні, з’яўляўся старшынёй на архіўна-архелагічным аддзяленні. У сваім дакладзе на з’ездзе звяртаў увагу на праблему з даведачным апаратам архіва, які знаходзіўся не ў лепшым стане і патрабаваў дапрацоўкі.
За сваю службу і прафесійную дзейнасць І. Спрогіс быў адзначаны ордэнамі Святога Станіслава ІІІ ступені (1879), Святой Ганны ІІІ ступені (1886), Святога Станіслава ІІ ступені і Святой Ганны ІІ ступені (1890), Святога Уладзіміра IV cтупені. Двойчы атрымліваў найвысокія ўзнагароды па чыну надворнага саветніка. 1 студзеня 1914 г. Іван Якаўлевіч быў узведзены ў чын Правадзейнага стацкага саветніка. У гэтым жа годзе выйшаў зборнік “Пятидесятилетие службы Ивана Яковлевича Спрогиса”, які мае 5 частак, звязаных з юбілеем яго службы, размешчаны фотаздымак і аўтабіяграфія І. Спрогіса, бібліяграфічны спіс яго работ.
Іван Спрогіс меў высокае прызнанне як спецыяліст і навуковец, ён уваходзіў ў склад розных навуковых суполак – з’яўляўся членам-карэспандэнтам Імператарскага Маскоўскага археалагічнага таварыства (з 1873 г.), членам-супрацоўнікам Імператарскага геаграфічнага таварыства (з 1888 г.), ганаровым сябрам Віцебскай вучонай археаграфічнай камісіі, ганаровым членам Віленскага Свята-Духаўскага брацтва і інш.
Багаты архіў І. Спрогіса складаецца з дзвюх чатак: адна (136 спраў) знаходзіцца ў Аддзеле рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітета, а другая (13 спраў) захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Латвіі. Асобнае месца займае асабісты дзённік архіварыуса, які ахоплівае час ад прыезда І. Спрогіса ў Вільню і да пачатку Першай сусветнай вайны. Дзённік быў на захаванні ў калекцыянера А. Жыркевіча з 1914 па 1925 г., потым трапіў у Сімбірск (зараз г. Ульянаўск), а пазней па воле ўладальніка быў перададзены ў Літаратурны музей Л. Талстога ў Маскве, адкуль быў перавезены ў Латвію.
Жыццё Івана Якаўлевіча Спрогіса з’яўляецца прыкладам адданай службы на карысць навукі і людзей. Яго ўнёсак у архіўную і бібліяграфічную справу вельмі значны. Памёр І. Спрогіс у Кіеве ў 1918 г., па іншых звестках – у 1916 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.