Беларускі музыказнавец-фалькларыст Віктар Іванавіч Ялатаў нарадзіўся ў Баку (Азербайджан). Яго юнацтва прыпала на гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1942 г. Віктар Ялатаў тэрмінова быў накіраваны на фронт, дзе ў складзе асобнага горна-стралковага атрада прымаў удзел у абароне Каўказа. Пасля дэмабілізацыі скончыў музычнае вучылішча і паступіў у Азербайджанскую дзяржаўную кансерваторыю (цяпер Бакінская музычная акадэмія імя У. Гаджыбекава). У 1955 г. Віктар Ялатаў з адзнакай скончыў кансерваторыю, паступіў у Інстытут аспірантуры Акадэміі навук БССР і пачаў навуковыя даследаванні ў галіне беларускай народнай музыкі ў аднаго з прадстаўнікоў выдатнай трыяды музыколагаў, класіка ўсходнеславянскай этнамузыкалагічнай навукі ХХ ст. В.М. Бяляева.
З 1957 г. В.І. Ялатаў працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (цяпер Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі). У гэты час вучоны займаўся фундаментальнымі распрацоўкамі гісторыка-тэарэтычнай праблематыкі ў народным і прафесійным музычным мастацтве. Вынікам навуковых даследаванняў стала доктарская дысертацыя «Тэарэтычныя асновы беларускай народнай музыкі». У гэтай рабоце В.І. Ялатаў сфармуляваў чатыры асноўныя задачы сваёй «тэарэтычнай трылогіі»: сістэматычнае даследаванне ладу, рытму, мелодыкі беларускай народнай музыкі з пункту погляду іх канструктыўных і выразных сродкаў; даследаванне агульных прынцыпаў уздзеяння гэтых сродкаў на характар музыкі, раскрыццё ўзаемасувязей, ладу, рытму, мелодыкі; даследаванне ладу, рытму, мелодыкі з пункту погляду іх эвалюцыі; выяўленне механізмаў эвалюцыі.
Над рашэннем гэтых чатырох задач В.І. Ялатаў працаваў не адзін год. Вынікам фундаментальнай распрацоўкі тэарэтычных асноў беларускай народнай музыкі стала падрыхтоўка і выданне трох кніг: «Ладавыя асновы беларускай народнай музыкі» (1964), «Рытмічныя асновы беларускай народнай музыкі» (1966), «Меладычныя асновы беларускай народнай музыкі» (1970). Гэтая праца стала прыкметнай з'явай не толькі ў беларускім, але і ў сусветным музыказнаўстве, выявіла шырыню навуковых поглядаў аўтара, тэарэтычны склад яго мыслення, грунтоўнае веданне гісторыі, філалагічных навук.
У дзейнасці В.І. Ялатава арганічна спалучаліся даследчык-тэарэтык і нястомны збіральнік народных песенных скарбаў: за 25 гадоў навуковай дзейнасці вучоны абследаваў амаль усю тэрыторыю Беларусі, працаваў у прымежных тэрыторыях Расіі і Украіны. Па матэрыялах экспедыцыі 1957–1960 гг. В.І. Ялатаў падрыхтаваў і выдаў зборнік «Ад песні да песні» (1961), у якім спрабаваў адлюстраваць гістарычны працэс фарміравання і развіцця беларускай песеннай творчасці. В.І. Ялатаў ніколі не ўпускаў з пад увагі рысы агульнасці, якія выразна праяўляюцца ў музыцы ўсходнеславянскіх народаў. Праблему ўзаемасувязей ён закранаў у многіх сваіх працах. У кнізе «Песні ўсходнеславянскай агульнасці» (1977) аўтар адлюстраваў вынікі вывучэння ўзаемадзеяння нацыянальных музычных традыцый у зоне непасрэдных кантактаў беларускіх, рускіх і ўкраінскіх народаў, дзе абмен культурнымі каштоўнасцямі адбываецца асабліва інтэнсіўна.
Значны ўклад даследчык унёс у падрыхтоўку і выданне шматтомнага збору «Беларуская народная творчасць» – і як член рэдакцыйнай калегіі, і як складальнік музычнай часткі, і як аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да тамоў «Песні савецкага часу» (1970), «Радзінная паэзія» (1971), «Дзіцячы фальклор» (1972), «Жніўныя песні» (1974), «Веснавыя песні» (1979), «Валачобныя песні» (1980), «Восеньскія і талочныя песні» (1981). Як аўтарытэтны даследчык у галіне музыказнаўства В.І. Ялатаў пэўны час уваходзіў у склад рэдакцыйнага савета Беларускай савецкай энцыклапедыі.
Віктар Іванавіч Ялатаў адыграў немалаважную ролю ў развіцці тэарэтычнай думкі ў галіне беларускай этнамузыкалогіі. У 1986 г. яму была прысвоена Дзяржаўная прэмія Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.