Сямён Гаўрылавіч Зорыч нарадзіўся ў Сербіі ў шляхецкай сям’і Неранчычаў. У раннім узросце быў усыноўлены і прывезены ў Расію стрыечным дзядзькам М. Ф. Зорычам, які не меў нашчадкаў мужчынскага полу. У 1754 г. быў залічаны на вайсковую службу ў расійскую армію ў якасці гусара. Ужо праз некалькі гадоў у час Сямігадовай вайны 1756–1763 гг. неаднаразова праявіў смеласць у баі, за што быў узведзены ў паручнікі, а потым і ў ротмістры. Ён добра ездзіў вярхом на кані, адменна страляў, валодаў шпагай. У далейшым С.Г. Зорыч як бліскучы афіцэр удзельнічаў у шматлікіх ваенных аперацыях. У час руска-турэцкай вайны 1768–1774 гг. камандаваў перадавымі часткамі расійскай арміі, трапіў у турэцкі палон (1770), у якім знаходзіўся на працягу пяці гадоў. Пасля вяртання ў Расію стаў ад’ютантам князя Р.А. Пацёмкіна і быў прадстаўлены Кацярыне ІІ. За баявыя заслугі С.Г. Зорыч атрымаў ордэн Святога Георгія ІV ступені, быў узведзены ў генерал-маёры, прызначаны шэфам Ахтырскага гусарскага палка (1777). Дзякуючы прывабнаму знешняму выгляду і рэпутацыі героя знаходзіўся пры двары расійскай імператрыцы ў якасці фаварыта, меў вялікі ўплыў, які, аднак, не працягваўся доўга. У 1778 г. С.Г. Зорыч быў адпраўлены ў адстаўку.
Адстаўны генерал некаторы час вандраваў па Еўропе, пасля чаго пасяліўся ў падараваным яму Кацярынай ІІ Шклове (Магілёўская губерня). Вёў шыкоўнае жыццё, славіўся гасціннасцю і здзіўляў усіх раскошай. Часта да яго з’язджаліся адусюль знаёмыя, якія гасцявалі па два тыдні і больш. Для іх наладжваліся балы, маскарады, аматарскія спектаклі, феерверкі, каруселі. Гаспадаранне С.Г. Зорыча ў Шклове стала для мястэчка часам эканамічнага і культурнага росквіту. Новы ўладальнік пабудаваў тут некалькі прадпрыемстваў па вырабе камзолаў, ваеннага абмундзіравання, сукна, канатаў, парусіны, шаўкаткацкую і золатавышывальную мануфактуры, вінакурню, цагельны, гарбарны і конезаводы, палац і аранжарэю.
У 1778 г. С.Г. Зорыч на асабістыя сродкі заснаваў шляхетнае вучылішча – першы ў Расійскай Імперыі прыватны кадэцкі корпус, і да канца жыцця з’яўляўся яго кіраўніком. Прызначана яно было для дзяцей збяднелай шляхты, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання. Прымаліся туды хлопчыкі з васьмі гадоў, якія на працягу наступных васьмі гадоў вывучалі як агульнаадукацыйныя прадметы – Закон Божы, матэматыку, мовы, гісторыю, геаграфію, маляванне, так і спецыяльныя ваенныя дысцыпліны – артылерыю, тактыку, ваенную і грамадзянскую архітэктуру, фехтаванне і інш. У вучылішчы мелася вялікая бібліятэка, якую С.Г. Зорыч спецыяльна набыў для ўстановы ў 1781 г. Існавалі таксама музей з заалагічнай калекцыяй, мадэлямі машын, глобусамі, картамі, фізічнымі і іншымі прыборамі і карцінная галерэя з вялікай колькасцю копій і арыгінальных твораў вядомых мастакоў, значным зборам гравюр, карцін і статуй Дрэздэнскай галерэі і інш. Вучылішча спачатку размяшчалася ў невялікім флігелі, а з 1793 г. у спецыяльна пабудаваным для яго каменным будынку. Пры ім дзейнічаў шпіталь, меўся вялікі адкрыты манеж для верхавой язды, была свая музычная каманда, аркестр і тэатр. Паводле хадайніцтва фундатара выхаванцы вучылішча ўводзіліся ў ранг афіцэраў (з 1785 г.) і ўладкоўваліся на ваенную ці цывільную службу. Пасля смерці С.Г. Зорыча навучальная ўстанова была перайменавана ў Шклоўскі кадэцкі корпус і перададзена ў ведамства беларускага губернатара П.І. Севярына. У далейшым кадэцкі корпус быў пераведзены ў Гродна, потым у Маскву, дзе пад іншай назвай праіснаваў да 1918 г.
Таксама шырокай вядомасцю карыстаўся і прыгонны тэатр С.Г. Зорыча. Арганізаваны ён быў у 1778 г. першапачаткова з мясцовых дзяўчат, здольных да тэатральнага і танцавальнага мастацтваў. У далейшым у выступленнях прымалі ўдзел навучэнцы шляхетнага вучылішча і гастралёры-іншаземцы – вядомыя музыканты, спевакі, драматычныя артысты, якія на шляху ў сталіцу абавязкова давалі некалькі канцэртаў у Шклове. Адабраныя для тэатра прыгонныя пражывалі ў асобным доме пад строгім наглядам. Акрамя майстэрства тэатральнага танца, ім выкладаліся свецкія звычаі, чытанне, пісьмо, лік, а таксама французская мова, на якой, па сведках сучаснікаў, яны размаўлялі вельмі вольна. Існавалі пры тэатры балетная і музычная школы, дзе працавалі спецыяльна запрошаныя педагогі, а таксама давалі ўрокі майстэрства заезджыя артысты. Сярод выкладчыкаў былі піяністка і спявачка Э. Саж, музыкант А. Баргезі, хормайстар П. Пётух, балетмайстры П. Барцанці, Марыядзіні, М. Пранчынскі і інш. Выхаванцы школ вызначаліся высокім прафесійным майстэрствам, а найбольш здольных С. Г. Зорыч накіроўваў на вучобу ў Санкт-Пецярбург. Сярод артыстаў з прыгонных вылучаліся П. і К. Азарэвічы, К. Буткевіч, Я. Палітыка, Я. Чуцікаў і інш.
Тэатральныя паказы адбываліся ў спецыяльным будынку, узведзеным у 1780 г., а таксама ў залах пры аранжарэі. Зала тэатра была створана па ўсіх правілах акустыкі, мела два ярусы лож, выдатную па тэхнічных магчымасцях сцэну, а таксама магла трансфармавацца ў памяшканне для правядзення маскарадаў і банкетаў. Рэпертуар тэатра арыентаваўся на рускія тэатральныя традыцыі і складаўся з алегарычных балетаў з харамі, міфалагічных пантамім, камедый, трагедый, камічных опер вядомых кампазітараў таго часу Э. Ванжура, Б. Галупі, Дж. Паізіела і інш. Прадстаўленні суправаджаліся ігрой некалькіх аркестраў («хатняга», сімфанічнага і рагавой музыкі), складзеных з прыгонных, а таксама з нямецкіх і чэшскіх музыкантаў. Меўся ў Шклове таксама і хор цыган, спевы і танцы якога карысталіся вялікай папулярнасцю. Шмат увагі ўдзялялася мастацкаму афармленню прадстаўленняў, розным эфектам і ператварэнням. Дэкарацыйнай часткай загадвалі як вядомыя архітэктары, мастакі і скульптары (Я. Канціеры, Р.Х. Зомер, А. Главацкі), так і мастакі з прыгонных (Д. Фёдараў, К. Русаў). Тэатр, які стаў буйнейшым прафесійным цэнтрам музычнага і культурнага жыцця краю, праіснаваў да 1800 г. Пасля роспуску трупы прыгонныя артысты былі размеркаваны ў вайсковыя аркестры і розныя тэатры, у тым ліку ў трупы Санкт-Пецярбургскіх імператарскіх тэатраў. Некаторыя з іх у далейшым атрымалі шырокую вядомасць.
Няспынныя святы і прадстаўленні ў шклоўскім маёнтку патрабавалі непамерных выдаткаў. Прыгонная гаспадарка ўжо не задавальняла патрэбы С.Г. Зорыча. Яго фінансавае становішча не выратавала нават павышэнне па службе, якое граф атрымаў, калі на трон узышоў Павел І. У 1797 г. Сямён Гаўрылавіч у чыне генерал-лейтэнанта стаў камандуючым Ізюмскім гусарскім палком. Праз год фінансавыя растраты ў давераным яму вайсковым злучэнні прывялі да канчатковай адстаўкі. Пасля вяртання ў Шклоў ён працягваў шыкоўнае жыццё. Аднак грашовыя праблемы, выкліканыя картачнымі даўгамі, і вялікі пажар у горадзе, які амаль поўнасцю знішчыў вучылішча, прывялі яго да хваробы і ў хуткім часе да смерці (1799). Шклоў паступова пачаў губляць сваё значэнне.
Вялікі ўклад, які ўнёс С.Г. Зорыч у асвету і развіццё Шклова ў XVIII ст., быў адзначаны ўжо ў нашы дні. Пісьменнік У. Мехаў у 1974 г. напісаў аповесць «Старадаўняя гравюра» пра асобу князя Зорыча і яго спробы зрабіць са Шклова Парыж. Матэрыял кнігі лёг у аснову сцэнарыя дакументальнай стужкі з элементамі мастацкага фільма «Шклоўскі афорт» (2008) рэжысёра Ю. Цвяткова. Таксама ў 2007 г. у гарадскім парку Шклова быў усталяваны помнік славутаму генералу, які нямала зрабіў для таго, каб горад на Дняпры ўвайшоў у айчынную гісторыю.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.