Аляксандр Браніслававіч Скібнеўскі нарадзіўся ў Маскве ў рабочай сям'і. Вучыўся ў Другім Ляфортаўскім гарадскім вучылішчы, дзе прымаў актыўны ўдзел у школьных спектаклях. Паказваў лялечныя прадстаўленні для дзяцей-равеснікаў, сам пісаў п'есы. Калі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, А. Скібнеўскі быў падлеткам, але працаваў у харчовым камітэце, на заводзе «Серп і молат» і адначасова з гэтым быў рэжысёрам аматарскага драматычнага гуртка.
У 1926 г. А. Скібнеўскі закончыў Дзяржаўныя эксперыментальныя тэатральныя майстэрні ў Маскве (клас А. Таірава). Працаваў у розных тэатрах. У Чыце быў кіраўніком «Рабочага тэатра», у Разані – арганізатарам Тэатра рабочай моладзі (ТРАМ), потым – мастацкім кіраўніком краявога саўгасна-калгаснага тэатра Сярэдневолжскага краю. Пасля першай алімпіяды нацыянальных тэатраў у Маскве ў 1930 г. А. Скібнеўскі быў прызначаны мастацкім кіраўніком Туркменскага нацыянальнага тэатра ў Ашхабадзе. Працаваў рэжысёр таксама ў Кіеве, Карагандзе, Свярдлоўску, Кіраве, Ульянаўску і інш.
У аснове прафесійнай дзейнасці А. Скібнеўскага ляжала актыўная прапаганда творчай спадчыны К. Станіслаўскага і У. Неміровіча-Данчанкі. Карыстаючыся на практыцы большасцю палажэнняў сістэмы, прапускаючы яе праз свой вялікі рэжысёрскі вопыт, творча выкарыстоўваючы яе найбольш каштоўныя элементы (вучэнне аб арганіцы, звышзадачы, скразным дзеянні і г. д.), А. Скібнеўскі не імкнуўся да вонкавых пастановачных эфектаў. Галоўнае ён бачыў у тым, каб раскрыць думку аўтара, мастацкую накіраванасць твора. Асабліва ярка гэта выявілася ў А. Скібнеўскага ў час працы ў Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Я. Коласа (1949–1958), куды ён быў запрошаны галоўным рэжысёрам. Першай работай А. Скібнеўскага на сцэне віцебскага тэатра быў спектакль «Вяселле Крачынскага» А. Сухаво-Кабыліна (1949), які многа даў трупе для росту акцёрскага майстэрства. У гэтым жа годзе рэжысёр паставіў актуальную ў той час п'есу «Чужы цень» К. Сіманава, вырашаную як палітычна-востры спектакль, які выхоўваў пачуццё годнасці за сваю Радзіму. Цёпла быў прыняты гледачом спектакль «Сям'я» І. Папова (1950).
Вялікую ўвагу А. Скібнеўскі надаваў пастаноўцы твораў беларускіх аўтараў. Значнай падзеяй у жыцці тэатра стаў спектакль «Раскіданае гняздо» Я. Купалы (1951). Ён быў вырашаны як гераічная народная трагедыя. Рэжысёр і акцёры дабіліся паэтычнага гучання твора, у ім за гісторыяй адной сялянскай сям'і бачылася жыццё беларускага народа. Спектакль атрымаў высокую ацэнку гледачоў і крытыкаў. Вяртанне на сцэну выдатнага твора нацыянальнай класічнай драматургіі было справай прынцыпова важнай, і вялікая доля заслугі ў гэтым належыць менавіта А. Скібнеўскаму.
Да ліку ўдалых работ рэжысёра адносіцца спектакль «Машэка» В. Вольскага (1954). Асноўная накіраванасць пастаноўкі заключалася ў паказе магутнасці беларускага народа, яго імкнення жыць вольна, без паноў. У працы над спектаклем А. Скібнеўскі выявіў сябе выдатным знаўцам народнай творчасці, быту і характару народа. У 1957 г. А. Скібнеўскі паставіў спектакль аб рэвалюцыйных падзеях на Беларусі «Святло з Усходу» П. Глебкі. Аўтар і пастаноўшчык бачылі сваю задачу ў тым, каб пры дапамозе сімвалічнага абагульнення расказаць пра лёс усяго народа ў эпоху вялікіх пераўтварэнняў у грамадстве. Рэжысёр здолеў быць гранічна сціслым і дакладным у адборы выяўленчых сродкаў, змог пазбегнуць перагрузкі бытавымі дэталямі. У аснове пастаноўкі былі героіка, рэвалюцыйны запал, пафас барацьбы народа. Спектакль атрымаў першую прэмію Міністэрства культуры БССР сярод пастановак, прысвечаных 40-годдзю Кастрычніка.
На сцэне Коласаўскага тэатра А. Скібнеўскі з поспехам паставіў такія спектаклі па творах беларускіх аўтараў, як «Выбачайце, калі ласка!» А. Макаёнка (1953), «На крутым павароце» К. Губарэвіча (1956), «Людзі і д'яблы» К. Крапівы (1958). Сярод лепшых пастановак А. Скібнеўскага: «Жывы труп» Л. Талстога, «Тры сястры» А. Чэхава, «На дне» М. Горкага (усе 1951), «Настаўнік танцаў» Лопэ дэ Вэгі (1952), «Ноч памылак» О. Голдсміта (1954), «Мараль пані Дульскай» Г. Запольскай (1956) і інш. Усяго ў Коласаўскім тэатры рэжысёр паставіў каля трыццаці спектакляў. Пастаноўкі У. Скібнеўскага вызначаліся яснасцю рэжысёрскай задумы, дакладным адборам выяўленчых сродкаў, глыбокай псіхалагічнай характарыстыкай персанажаў, маштабнасцю сацыяльных абагульненняў.
Аляксандр Скібнеўскі з'яўляецца аўтарам тэатразнаўчых артыкулаў, а таксама метадычных дапаможнікаў («Пастановачны план спектакля», «Методыка выкладання рэжысуры» і інш.). Яго пяру належыць манаграфія аб творчасці выдатнага майстра беларускай сцэны А.К. Ільінскага («Народны артыст СССР А.К. Ільінскі», 1954). Уклад А. Скібнеўскага ў развіццё беларускага тэатральнага мастацтва значны і каштоўны. Ён выявіўся ў стварэнні яркіх, паўнацэнных спектакляў, у творчым удасканаленні трупы тэатра, росце сцэнічнага майстэрства яго моладзі. За плённую творчую дзейнасць рэжысёр быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
З 1958 па 1963 гг. А. Скібнеўскі працаваў галоўным рэжысёрам Рускага тэатра імя А.С. Пушкіна ў Харкаве. У 1958–1970 гг. выкладаў у Харкаўскім інстытуце мастацтваў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.