Дата нараджэння: 01.06.1946 Янкавічы, в., Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць
Кароткая даведка: пісьменнік, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1987), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1996)
Імёны на іншых мовах: Далидович Генрих Вацлавович (руская);
Генрых Далідовіч належыць да таго пісьменніцкага пакалення, актыўнае творчае станаўленне якога прыпала на 1970-я гады. Прызнаны мастак-псіхолаг, нястомны даследчык чалавечага жыцця і нашага беларускага мінулага, ён стварыў сапраўды значныя і адметныя творы, напісаныя з мастацкай грунтоўнасцю, усхвалявана і смела. Дыяпазон выяўлення творчай асобы пісьменніка шматгранны: яму падуладны навелістычны жанр і раманны эпас, ён выдатны стыліст, майстар літаратурнага пейзажа.
Радзіма Генрыха Вацлававіча – вёска Янкавічы, што ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. Нарадзіўся ён у коласаўскім краі, на слыннай зямлі пісьменніцкіх талентаў. Рос у звычайнай сялянскай сям’і, дзе культывавалася павага да працы, зямлі, бацькоў, шанаваліся духоўна-верніцкія традыцыі. Бацька – каваль, маці – сялянка, якая нарадзіла і выхоўвала шасцярых дзяцей. Да пятнаццаці год жыў на хутары, у “бяскрайным полі, дзе ўзімку снег, белізна, улетку – поле, мора зеляніны…”. Да пяці год бацькі навучылі чытаць па-польску, у першым класе спазнаў беларускую мову. З роднай вёскі пасля заканчэння Дзераўнянскай дзесяцігодкі юнак падаўся па веды ў “вялікі” свет. Дарога прывяла ў сцены Белдзяржуніверсітэта, на філфак, які ён закончыў у 1968 г. Затым Г. Далідовіч пайшоў па жыцці настаўніцкай сцежкай: выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Шабыньскай васьмігодцы на Барысаўшчыне, некаторы час быў завучам гэтай школы. Служыў у войску. Лёс Г. Далідовіча, як бачна, складваўся даволі тыпова.
У 1968 г. часопіс “Маладосць” змясціў апавяданне “Ліст да Олі”, якое стала важкай заяўкай маладога празаіка, засведчыла пра несумненны псіхалагічна-даследчыцкі патэнцыял яго таленту. Жыццёвы выбар быў прадвызначаны: апантанасць мастацкім словам не давала спакою, клікала да актыўнай творчай працы. І таму Г. Далідовіч развітаўся са школай, настаўніцтвам і пераехаў у Мінск. Тут, у літаратурным цэнтры Беларусі, ён знайшоў сябе. Не адзін год шчыраваў у аддзеле прозы часопіса “Полымя” (з 1973 г.), аднак асабліва многа часу і сіл аддадзена часопісу “Маладосць”, у якім ён працаваў з 1979 г. спачатку намеснікам галоўнага рэдактара, а з 1991 г. пісьменнік узначальваў рэдакцыйны калектыў.
На сённяшні дзень колькасць кніг, выдадзеных ім, набліжаецца да дваццаці, а першай стала кніга “Дажджы над вёскай”, якая ўбачыла свет у 1974 г. Потым былі зборнікі апавяданняў і аповесцяў: “Цяпло на першацвет” (1976), “Маладыя гады” (1979), “Міланькі” (1980), “На новы парог” (1983), “Станаўленне” (1985), “Міг маладосці” (выбранае, 1987), “Жывы покліч” (1995). Амаль дзесяць год было аддадзена стварэнню цыкла гістарычных раманаў “Гаспадар-камень” (1986; Літаратурная прэмія СП БССР імя І. Мележа 1987), “Пабуджаныя” (1988), “Свой дом” (1992; часопісны варыянт, 1989). Заходнебеларускай рэчаіснасці празаік прысвяціў раман “Заходнікі” (1994; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1996).
Для Г. Далідовіча ад самага пачатку творчасці галоўным аб’ектам мастацкага даследавання стала псіхалогія чалавека, свет яго думак і пачуццяў. Эстэтычнае крэда аўтара бачыцца ў імкненні паказваць чалавечае жыццё, маляваць вобразы сваіх герояў псіхалагічна дакладна, паўнакроўна і змястоўна. Таму заканамерна, што празаік істотна перагледзеў і дапрацаваў шэраг сваіх ранейшых твораў.
Сапраўдны літаратурны поспех і вядомасць Г. Далідовічу прынёс цыкл аповесцей пра вясковых настаўнікаў: “Усё яшчэ наперадзе”, “Міланькі”, “Завуч”, “Дырэктар”. Гэтыя творы склалі тэтралогію, першы твор якой выдадзены ў 1972 г., а заключны – у 1979 г. Напісаны аповесці на аўтабіяграфічнай аснове, аб’яднаны вобразам настаўніка Паўла Васільца. Удумліва асэнсоўвае пісьменнік тэму вёскі ў аповесці “На новы парог”. Цяжкі, балючы надлом у душы селяніна Гаптара выкліканы тым, што яго родную вёску Бабчын Скон выключылі з перспектывы сучаснага жыцця, палічылі лішняй і непатрэбнай, асудзілі на смерць. “…Калі думаць, далёка ўперад заглядваць, дык трэба і пра такое падумаць: а ці ўсё зводзіць у вёсцы вясковае, а ці не прыйдзецца некалі зноў вёску рабіць?”, – з такім пытаннем разам са сваім героем Г. Далідовіч у канцы 1970-х празорліва ўглядаўся ў будучыню. Відаць, самы прыцягальны магнетычны бок Далідовічавай прозы – тэма кахання. Амаль кожны твор пісьменніка змяшчае любоўныя ці сямейна-бытавыя калізіі, напоўнены інтымнымі страсцямі. Г. Далідовіч – пісьменнік вельмі чуйны да ўнутранага свету жанчыны, ён умее тонка выявіць усю гаму інтымных пачуццяў. Пра гэта яскрава гавораць апавяданні “Асенняе лета”, “Маня”, “Слёзкі палявыя”, “Ада”, “Быць разам”, аповесць “Юля” і інш. Творы такога кшталту аб’ядналіся ў кнігу “Жар кахання: апавяданні пра жанчын” (1996).
Г. Далідовіч выявіў сябе як пісьменнік гісторыка-эпічнага мыслення. Яго мастацка-гістарычная трылогія прысвечана аднаму з самых складаных і драматычных момантаў нашага мінулага – станаўленню беларускай дзяржаўнасці ў 1917–1919 гг. Раманы “Гаспадар-камень”, “Пабуджаныя”, “Свой дом” узнаўляюць жыццё беларускай вёскі і горада да пярэдадня Першай сусветнай вайны, рэвалюцыйныя падзеі на Беларусі, нямецкую і белапольскую акупацыю, лёс дзяржаўнасці, супрацьстаянне партый, рухаў, ідэй… Творы нагадваюць усім нам пра адказнасць перад гісторыяй і будучыняй.
Да заходнебеларускай тэмы празаік падступаўся ў аповесці “Жывы покліч”, напісанай у пачатку 1980-х і прысвечанай яго бацькам і іншым “маладым бацькам 1944 і 1945 гадоў”. У гэтым творы аўтар закрануў тэму “заходнікаў”, іх жыцця адразу пасля выгнання фашыстаў.
У рамане “Заходнікі” адлюстравана рэчаіснасць першых пасляваенных гадоў у былой Заходняй Беларусі. Час гэты, як паказвае пісьменнік, быў суровы, жорсткі, поўны сацыяльных і чалавечых драм. Аўтар даследуе праблему “ўсходнікі–заходнікі” найперш як ідэалагічную, уласцівую пэўнаму часу, а затым і як маральна-этычную катэгорыю. Мастацкае даследаванне рэчаіснасці Г. Далідовіч звязвае з паняццямі нацыянальнага, хрысціянскага і агульначалавечага. Толькі ў такім агульнагуманістычным кантэксце бачыцца агіднасць і ваяўнічая агрэсіўнасць ідэалогіі сталінскага таталітарызму. З аднаго боку, гэта выдатна ўвасоблена мастаком на прыкладзе трагічнай гісторыі сям’і Грыгарцэвічаў – шчырых рупліўцаў і сумленных працаўнікоў беларускай зямлі. З другога боку, гэта праблема вырашаецца пісьменнікам і на вобразах носьбітаў новай улады, новай палітыкі і ідэалогіі, найперш, праз вобраз Кураглядава – спачатку старшыні сельсавета, потым – старшыні калгаса.
Гісторыя, на жаль, застаецца для многіх з нас неспазнанай зямлёй, якую яшчэ трэба адкрываць і абжываць. У гэтым дапамагаюць не толькі працы гісторыкаў, але і мастацкія творы, такія, як раман Г. Далідовіча “Кліч роднага звона” (1995). Гэта разгорнутае мастацкае палатно, у якім даследуецца тэма станаўлення і росквіту Вялікага княства Літоўскага. Ужо ў першай кнізе рамана выразна праглядваецца маральна-філасофская скіраванасць думкі пісьменніка: “Толькі той край блаславенны ў Бога, дзе шануюцца продкі і іхняе далей доўжаць нашчадкі. Калі ж гэтая повязь абарваная, дык нашчадкі няшчасцяць свой край, сябе, сваіх дзяцей і ўнукаў, а ўрэшце выраджаюцца, і на гэтай зямлі прарастае наноснае семя...”. Звон мінулага кліча нас, сённяшніх беларусаў, памятаць пра гэта, быць годнымі дзецьмі сваёй зямлі.