Прадстаўнік буйнейшага магнацкага роду Альбрыхт Станіслаў Радзівіл (мянушка Абаронца Правоў) нарадзіўся на Валыні ў маёнтку Алыка. Яго бацька Станіслаў Радзівіл, староста жамойцкі, маршалак вялікі Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), аўтар рэлігійных твораў, перакладчык (ведаў 12 моў), у шлюбе з Марынай Мышкай меў дзвюх дачок і чатырох сыноў. Альбрыхт Станіслаў быў малодшым. Ён рана застаўся сіратой (у 1599 г. памёр бацька, праз год не стала маці). Апякунства над дзецьмі атрымаў родны дзядзька Мікалай Крыштоф Радзівіл (мянушка Сіротка) – вядомы мецэнат, пісьменнік, уладар Нясвіжа. Ён аддаў Альбрыхта і яго старэйшага брата Мікалая ў Віленскую акадэмію, пасля заканчэння якой Радзівілы вучыліся ў Вюрцбургу, з 1609 г. у Лёвенскім універсітэце. Тут Альбрыхт Станіслаў атрымаў грунтоўную адукацыю: авалодаў некалькімі мовамі (лацінскай, нямецкай, італьянскай і інш.), набыў палітычныя веды, вывучаў гісторыю, цікавіўся музыкай. У канцы 1612 г. браты вярнуліся на радзіму.
Альбрыхт Станіслаў Радзівіл рана пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці краіны. У 1613 г. быў абраны паслом на сейм ад Валынскага ваяводства, дзе ўпершыню публічна выступіў. Дзякуючы высокаму становішчу ў грамадстве, выдатнай адукацыі і незвычайным здольнасцям у 1619 г. стаў падканцлерам ВКЛ. Ён карыстаўся аўтарытэтам сярод магнатаў, заступніцтвам караля польскага Жыгімонта III Вазы, быў паслядоўным абаронцам прывілеяў ВКЛ і адстойваў яго роўнасць з Польшчай. На сейме 1623 г. прызначаны канцлерам ВКЛ (на гэтай пасадзе знаходзіўся больш за 30 гадоў). У 1632 г. пасля смерці караля Жыгімонта III Вазы Альбрыхт Станіслаў падтрымаў абранне на трон Рэчы Паспалітай яго сына. Аднак адносіны з Уладзіславам IV Вазай складваліся няпроста. Як шчыры католік Радзівіл выступаў супраць легалізацыі правоў пратэстантаў і праваслаўных, асудзіў планы караля пачаць вайну з Турцыяй. У канфліктах паміж Польшчай і ВКЛ бараніў інтарэсы суайчыннікаў, выступаў за мірныя метады іх вырашэння. Смерць Уладзіслава IV Вазы ён успрыняў без выразнага ўзрушэння і на выбарах 1648 г. выказаўся за Яна II Казіміра Вазу. Пры новым каралі заставаўся абаронцам інтарэсаў ВКЛ і свайго роду.
Альбрыхт Станіслаў Радзівіл меў зямельныя ўладанні на Валыні (Алыка і інш.), у Беларусі – Нягневічы, Налібакі, маёнткі ў Літве і Польшчы. Трымаў шматлікія дзяржаўныя ўладанні – Барысаўскае (з 1629 г.), Пінскае (з 1631 г.), Геранёнскае (з 1644 г.) староствы, быў адміністратарам Кобрынскай і Шавельскай эканомій. У канцы 1652 г. кароль прапанаваў яму Віленскае ваяводства, але Радзівіл адмовіўся (лічыў, што канцлерства дае больш магчымасцей уплываць на дзяржаўныя справы).
На працягу жыцця Альбрыхт Станіслаў займаўся мецэнацкай і літаратурнай дзейнасцю. Ён заснаваў касцёл у Алыцы і езуіцкі калегіум у Пінску, з’яўляўся аўтарам і перакладчыкам твораў, напісаных на латыні. Сярод іх найбольш вядомымі з’яўляюцца “Кароткі выклад падзей у Польскім каралеўстве ў час панавання Жыгімонта III, Уладзіслава IV і Яна Казіміра” (часткова апублікаваны ў польскім перакладзе Э. Катлубаем у 1848 г.) і падрабязны “Дзённік” за 1632–1656 гг. – каштоўная крыніца па ўнутранай і знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай (апублікаваны ў польскім перакладзе Э. Рачынскім у 1839 г.; на беларускую мову фрагменты з яго перакладзены У. Свяжынскім). У сваіх творах Альбрыхт Станіслаў Радзівіл пісаў пра дзяржаўную, міжнародную, рэлігійную, сацыяльную палітыку правячых колаў Рэчы Паспалітай; культуру, звычаі, побыт, жыццё шляхты і вышэйшых саслоўяў.
У апошнія гады жыцця канцлер цяжка хварэў і ўсё менш займаўся палітычнай дзейнасцю. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) і Паўночнай вайны (1655–1660) выехаў у Прусію, у 1656 г. прымаў удзел у перагаворах з Даніяй і Галандыяй у Гданьску, дзе і памёр. Альбрыхта Станіслава пахавалі ў езуіцкай капліцы ў радавым маёнтку. У 1946 г. астанкі былі перанесены ў агульную магілу на каталіцкія могілкі ў Алыцы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.