Дата нараджэння: 16.12.1874 Куранец, в., Вілейскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці: 05.01.1914
Кароткая даведка: жывапісец, рысавальшчык, аўтар партрэтаў, пейзажаў, бытавых кампазіцый
Псеўданімы: Alpero
Імёны на іншых мовах: Альперович Лев Абрамович (руская); Альперович Лейба Абрамович (руская);
Леў Абрамавіч Альпяровіч нарадзіўся ў мястэчку Куранец Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер вёска Вілейскага раёна Мінскай вобласці) у беднай сям’і. Каля 1882 г. бацькі пераехалі ў Мінск. У 1890 г. Л. Альпяровіч паступіў у рысавальную школу І. П. Трутнева ў Вільні. З 1892 па 1896 г. ён займаўся малюнкам і жывапісам у “Рысавальнай школе і агульнаадукацыйным вучылішчы Адэскага таварыства вытанчаных мастацтваў”. У 1897 г. Л. Альпяровіч стаў вучнем Вышэйшага мастацкага вучылішча пры Імператарскай акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. Гады вучобы былі цяжкімі і складанымі з-за жыццёвых абставін (безграшоўе, хвароба, правал на экзамене і інш.) і выратавала яго толькі заступніцтва І. Рэпіна, які ўзяў юнака спачатку к сабе ў майстэрню вольным слухачом, а пасля дапамог аднавіць вучобу ў Акадэміі. У 1902 г. Л. Альпяровіч атрымаў званне мастака. У гэтым жа годзе, як сведчыць большасць крыніц, мастак пасяліўся ў Мінску.
Працаваў Л. Альпяровіч у жанры партрэта, пейзажа, бытавых кампазіцый. Большасць яго работ маюць характар эцюдаў. У кнізе “Живопись Белоруссии ХІХ – начала ХХ в.” Л. Дробаў гэты факт тлумачыць так : “У художника не хватало материальных средств и времени, чтобы начатую работу доводить до конца”*. Па стылістыцы яго творы былі самых розных мастацкіх напрамкаў. Асобныя з іх напісаны ў рэалістычнай манеры – “На каменяломні” (1905?), “Прачка” (канец 1900), “Вечар у сям’і” (канец 1900 – пачатак 1910) і інш.; некаторыя пад уплывам імпрэсіянізму (у большасці гэта эцюды); сімвалізму – “Бераг ракі” (сярэдзіна 1900), “Каля мора” (1905), “Пахаванне гімназісткі” (канец 1900 – пачатак 1910); рамантызму: “Берлін увечары. Над Шпрэе” (1906 –1909), “Дамок” (канец 1900 – пачатак 1910). Вядома, што ў 1906 – 1909 гг. ім была ажыццёўлена паездка ў Еўропу і гэта таксама паўплывала на фарміраванне яго стылю.
У літаратуры пра яго жыццё і творчасць маецца інфармацыя пра прыжыццёвы ўдзел мастака ў мінскіх выстаўках (1906, 1910 – 1913). У 1925 г. 20 твораў Л. Альпяровіча экспанаваліся на Першай Усебеларускай выстаўцы. Потым было забвенне і толькі ў чэрвені 1939 г. яго сябра, мінскі скрыпач Ю. Жухавіцкі арганізаваў персанальную выстаўку творчай спадчыны Л. Альпяровіча, якая захавалася ў сям’і. З нагоды яе адкрыцця мастак М. Манасзон на старонках газеты “Літаратура і мастацтва” апублікаваў водгук з прывядзеннем кароткіх біяграфічных звестак. Аўтар ухваліў партрэты Л. Альпяровіча, напісаныя з вялікім майстэрствам, пейзажы, “у якіх адчуваецца вялікая жыццёрадаснасць, глыбокая лірычнасць, высокая паэтычнасць”**.
Леў Альпяровіч з’яўляецца найбольш тыповым прадстаўніком “сярэбранага веку” у мастацтве Беларусі. Аб гэтым сведчыць рознааблічная творчасць мастака, шматлікасць стыляў. У снежні 2004 г. у пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь была адкрыта выстаўка жывапісу і графікі Л. Альпяровіча да 130-годдзя з дня нараджэння. Выстаўка мела назву "Мастак сярэбранага веку" і працавала на працягу паўгода. У 2014 г. да 140-годдзя з дня нараджэння мастака ў рамках выдавецкага праекта “Славутыя мастакі з Беларусі” Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь было ажыццёўлена выданне альбома “Леў Альпяровіч” (аўтар тэксту і складальнік В. Вайцахоўская).
Творы Л. Альпяровіча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Адэскім мастацкім музеі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.
*Живопись Белоруссии XIX – начала XX в. / Л. Н. Дробов ; под редакцией А. И. Мальдиса. – Минск, 1974. – С. 264.
**Літаратура і мастацтва. – 1939. – 11 чэрвеня (№23). – С.3.