Уладзімір Іванавіч Буднік – яркі прадстаўнік беларускай песеннай культуры. Ён узбагаціў вакальнае мастацтва новым зместам, злучыў у сваёй музыцы глыбокі псіхалагічны настрой з тонкім лірызмам, аб’яднаў мелодыю з паэтычным словам. Выразнасць, эмацыянальная непасрэднасць, сакавіты нацыянальны каларыт забяспечылі яго творам вядомасць, зрабілі іх папулярнымі і даступнымі слухачам розных пакаленняў.
Нарадзіўся У. Буднік у Жыткавічах (Гомельская вобласць). Пасля заканчэння мясцовай музычнай школы паступіў у Гомельскае музычнае вучылішча імя Н.Ф. Сакалоўскага (клас баяна), дзе ўдасканальваў выканаўчае майстэрства, паглыбляў музычныя веды, самастойна авалодаў ігрой на фартэпіяна. У час вучобы, захапіўшыся кампазіцыяй, апрацоўваў беларускія і рускія народныя песні, напісаў некалькі п’ес для баяна. Музычную адукацыю У. Буднік працягваў на падрыхтоўчым аддзяленні Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага пад кіраўніцтвам вядомага кампазітара П. Падкавырава. Пасля двух гадоў вучобы паспяхова здаў уступныя экзамены і стаў студэнтам аддзялення кампазіцыі (клас прафесара А.В. Багатырова). Пад яго кіраўніцтвам навучыўся працаваць у самых розных жанрах. Напісаў Прэлюдыю і фугу для квартэта драўляных духавых інструментаў, Струнны квартэт, шэраг фартэпіянных п’ес, у якіх выкарыстаў інтанацыі беларускай народнай музыкі. Сімфонія ў чатырох частках і Кантата для дзіцячага хору сталі дыпломнымі работамі У. Будніка. Пасля заканчэння кансерваторыі ў 1975 г. ён працаваў у жанрах аркестравай і камерна-інструментальнай музыкі. У творах для баяна – Сюіце (1976) і Дзіцячай сюіце (1977) – выразна адчуваюцца сувязі з песенна-танцавальным фальклорам беларускага Палесся. У 1977 г. У. Буднік стаў членам Саюза кампазітараў БССР.
Яшчэ студэнтам зацікавіўся песенным жанрам. Гэтаму спрыялі вядомыя кампазітары У. Алоўнікаў і І. Лучанок, якія выкладалі ў кансерваторыі музычна-тэарэтычныя дысцыпліны. Да песні У. Буднік звярнуўся у час службы ў арміі. Гэты жанр стаў вядучым у яго творчасці. Кампазітар пісаў лірычныя, патрыятычныя, гумарыстычныя песні. Галоўны іх герой – сучасны чалавек з яго пачуццямі, думкамі, унутраным светам. Найбольш ярка талент У. Будніка праявіўся ў лірычных песнях, дзе раскрываецца шчырасць і прыгажосць чалавечага пачуцця. Самыя вядомыя і папулярныя сярод іх – «Пах чабаровы», «Палессе», «Папараць-кветка», «Кацярына», «Два шчырыя словы», «Белая лілея», «Яна-Яначка», «Пашкадуй» і інш. У іх увасабляецца шырокі спектр уражанняў і настрояў, здольнасць знайсці нестандартны падыход да формы і структуры твора. Лірычнасцю, меладычнасцю напоўнены патрыятычныя і маладзёжныя песні «Востраў юнацтва», «Развітанне са школай», «Ребята, не видавшие войны», «Братава пілотка» і інш. Выразнымі інтанацыямі, песеннымі зваротамі насычаны цыклы «Я твой трубач, товарищ комсомол» і «Честь мундира», што надае ім даверлівы тон апавядання, пазбягаючы такіх традыцыйных прыёмаў, як чаканны рытм і дэкларатыўная мелодыка. Уладзімір Буднік пісаў песні на вершы Я. Купалы, М. Танка, Н. Гілевіча, У. Карызны, П. Макаля, А. Русака; плённае супрацоўніцтва звязвала яго з А. Грачанікавым, А. Лягчылавым, І. Скурко і іншымі аўтарамі. Песні кампазітара выконвалі Т. Раеўская, Н. Мікуліч, В. Вуячыч, А. Цівуноў, М. Скорыкаў, вядомыя ансамблі «Песняры», «Сябры», «Чараўніцы» і іншыя вакальныя калектывы. Працуючы ў песенным жанры, У. Буднік працягваў займацца буйнымі музычнымі творамі. Ён з’яўляецца аўтарам кантат «На могиле партизана» (словы А. Кабульскаса, 1978), «Любоў мая, Беларусь» (словы А. Алпеева, 1998), «Слезы Родины» ў чатырох частках для Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча (2006); сімфаніч¬най паэмы «Сказ пра Палессе» (1988), Сімфаньеты (2003), некалькіх інструментальных твораў для фартэпіяна, баяна, трубы, габоя і інш. У 1979–1984 гг. У. Буднік працаваў загадчыкам музычнай часткі Беларускага тэатра імя Я. Купалы, дзе ў спектаклях «Тая, якая сама па сабе блукае» паводле Р. Кіплінга (1981) і «Успаміны» А. Арбузава (1982) гучыць яго музыка. Кампазітар таксама аўтар музыкі да пастановак «Ах, які пасаж!» (старадаўнія рускія вадэвілі, з У. Кур’янам, 1986) і «Кот у ботах» паводле Ш. Перо (1990) Беларускага тэатра імя Я. Коласа, а таксама радыёспектакля «Вуліца П. Блахіна» (1982) і тэлевізійнага фільма «Лёгкі хлеб» (1986).
Творы У. Будніка добра вядомы масаваму слухачу. Яны ўваходзяць у рэпертуар аркестравых, інструментальна-ансамблевых і харавых калектываў. Дасягненні кампазітара адзначаны высокімі ўзнагародамі. У 1979 г. песня «Я зачараваная табой» стала лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады. У 1982 г. за цыкл песень «Я твой трубач, товарищ комсомол» У. Буднік быў удастоены звання лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, а ў 1993 г. за песні «Янка Купала», «Маці-зямля», «Бажэна», «Сумная каліна», «На шляху дзікіх гусей» узнагароджаны прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.