Дата нараджэння:
23.10.1924 Іскозы, в., Дубровенскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
12.10.2014 Гродна, г.
Кароткая даведка:
мовазнавец, педагог, аўтар шматлікіх даследаванняў па розных галінах мовазнаўства, у т.л. дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў, слоўнікаў і г.д., выдатнік народнай асветы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ст., медалямі
Імёны на іншых мовах:
Лепешев Иван Яковлевич (руская);
5863 сімвалы
Даведка
Выдатны мовазнавец Іван Якаўлевіч Лепешаў шмат зрабіў для развіцця беларускай мовы, папулярызацыі і абароны роднага слова. Вучонага з поўным правам можна назваць патрыярхам беларускай фразеалогіі і парэміялогіі.
Нарадзіўся І. Лепешаў у в. Іскозы Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. У 1940 г. скончыў восем класаў Ліцвінаўскай сярэдняй школы, здаў экстэрнам экзамены за дзявяты клас і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, але паспеў закончыць толькі першы курс. Вучобу перапыніла Вялікая Айчынная вайна. Навучальную ўстанову скончыў у 1948 г. Некаторы час працаваў настаўнікам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў розных школах. У 1959 г. закончыў з адзнакай філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы (завочна), а потым аспірантуру пры Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.М. Горкага (1971). У 1973 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Фразеалогія ў творах К. Крапівы”, а ў 1985 г. доктарскую дысертацыю “Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы”. Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1987 г.
З 1971 г. І. Лепешаў працаваў на кафедры беларускай мовы Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы (цяпер Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы). Асноўнымі сферамі навуковых даследаванняў вучонага з’яўляліся фразеалогія, мова мастацкай літаратуры, розныя аспекты культуры мовы і маўлення, марфалагічныя, сінтаксічныя, фразеалагічныя нормы і выпадкі іх парушэння ў вуснай і пісьмовай мовах. Першымі працамі ў галіне лексікаграфічнага і тэарэтычнага апісання літаратурнай фразеалогіі сталі “Фразеалагічны слоўнік для сярэдняй школы” (1973, з Н.В. Гаўрош і Ф.М. Янкоўскім), “Фразеалогія ў творах К. Крапівы” (1976). Спецыфіку мовы мастацкай літаратуры І. Лепешаў раскрыў у кнізе “Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора” (1981) – першае даследаванне такога тыпу і першы дапаможнік па гэтай навучальнай дысцыпліне. У ёй даюцца прафесійныя тлумачэнні разнастайных моўных таямніц, загадкавых лінгвістычных з’яў, якія сустракаюцца на старонках мастацкіх твораў, прызначаных для вывучэння ў сярэдняй школе. Аўтар пераконвае ў тым, што цэласнае ўспрыманне і ацэнка твора магчымыя толькі пры адзінстве літаратуразнаўчага і лінгвістычнага падыходу. Плённымі былі даследаванні вучонага ў галіне беларускай фразеалогіі. Каля 450 фразеалагізмаў беларускай літаратурнай мовы аўтар растлумачыў у “Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў” (1981) – першая спроба ў беларускім мовазнаўстве стварыць слоўнік такога тыпу. Даследчык раскрыў сэнс, унутраную форму ўстойлівых выразаў са страчанай або зацемненай матывіроўкай сучаснага значэння і інш. У 1993 г. выйшла другая частка гэтага слоўніка, дзе раскрываецца паходжанне каля 900 фразеалагізмаў. Першая спроба складання дыферэнцыйнага слоўніка дыялектных фразеалагізмаў, сабраных у гаворках Гродзенскай і Віцебскай абласцей, таксама належыць І. Лепешаву – “З народнай фразеалогіі” (1991). Даследаванням у сферы фразеалогіі прысвечаны і такія працы, як “Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы” (1984), “Фразеалогія сучаснай беларускай мовы” (1998), “У фразеалагічную скарбонку” (2004). Плёнам саракагадовых пошукаў стаў “Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы” ў двух тамах (1993). Другое дапрацаванае і дапоўненае выданне выйшла пад назвай “Слоўнік фразеалагізмаў беларускай мовы” ў 2008 г. Для яго стварэння аўтару давялося прачытаць амаль усю беларускую мастацкую літаратуру, каб адшукаць і выпісаць дзясяткі тысяч фразеалагічных цытат. Складзена картатэка акадэмічнага тыпу, якая дазволіла апісаць адносна ўсю літаратурную фразеалогію. Гэта фундаментальная праца стала вялікім дасягненнем вучонага, важкім набыткам беларускай лінгвістыкі. Неабходнасць выдзялення ў курсе сучаснай беларускай літаратурнай мовы асобных раздзелаў парэміялогіі і парэміяграфіі, у якіх павінны вывучацца прыказкі як моўныя адзінкі, што рэальна існуюць, абгрунтоўваецца ў дапаможніку “Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства” (2006). Тут упершыню даецца тэарэтычны і часткова практычны матэрыял для сістэматызаванага вывучэння прыказак з семантычнага, этымалагічнага, граматычнага і стылістычнага пунктаў гледжання. У “Слоўніку беларускіх прыказак” (1996) даследчык апісаў найбольш ужывальныя прыказкі, растлумачыў іх сэнс, даў іх сітуацыйную і стылістычную характарыстыку. Выкарыстанне прыказак як моўных адзінак ілюстравана прыкладамі з мастацкіх і публіцыстычных твораў. Паказана, у якіх парэміялагічных зборніках прыводзіцца пэўная прыказка ці яе разнавіднасці. Пры некаторых ёсць даведкі пра паходжанне. Таксама ў слоўніку адлюстравана варыянтнасць прыказак і сінанімічныя адносіны паміж імі. У 2014 г. быў выдадзены “Этымалагічны слоўнік прыказак”.
Даследчык з’яўляецца аўтарам навучальных дапаможнікаў для студэнтаў і вучняў школ “Моўныя самацветы” (1985), “У слоўнікавую скарбонку” (1999), “Практыкум па беларускай мове” (2001, у суаўтарстве), “Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні” (2002), “Чаму мы так гаворым” (2003), “Практыкум па фанетыцы, арфаэпіі, графіцы і арфаграфіі” (2007, у суаўтарстве), “Культура маўлення” (2007), “Лінгвістычны аналіз тэксту” (2009). Вядомы і такія навукова-папулярныя кнігі Івана Лепешава, як “Дазнанні” (2000), “У пошуках ісціны” (2007), “Літаратура, мова, гісторыя: надзённае” (2010), “Упоравень з часам” (2012), “Перад змярканнем” (2013).
Больш чым за чатыры дзесяцігоддзі І. Лепешавым было створана шмат манаграфій, слоўнікаў, навучальных дапаможнікаў, метадычных распрацовак, навуковых і публіцыстычных артыкулаў. На даследчыцкім рахунку вучонага – каля 620 навуковых прац, сярод іх – 45 кніг, якія прынеслі шырокую вядомасць. Ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кенігсберга” і іншымі, знакам “Выдатнік народнай асветы”, шэрагам ганаровых грамат.