Дата нараджэння:
30.08.1954 Копысь, г. п., Аршанскі раён, Віцебская вобласць
Кароткая даведка:
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, Старшыня Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, Старшыня Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы
Імёны на іншых мовах:
Лукашенко Александр Григорьевич (руская);
3823 сімвалы
Даведка
Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка нарадзіўся 30 жніўня 1954 г. у г.п. Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Вучыўся ў Александрыйскай сярэдняй школе Шклоўскага раёна. З дзяцінства быў актыўным, па-за вучобай захапляўся спортам і музыкай. У 1975 г. скончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А. Куляшова з дыпломам гісторыка. У гэтым жа годзе А.Р. Лукашэнка быў прызваны ў армію, служыў у пагранічных войсках, з’яўляўся інструктарам палітаддзела Заходняй пагранічнай акругі (г. Брэст). У 1980–1982 гг. займаў пасаду намесніка камандзіра роты па палітрабоце воінскай часці. У 1985 г. скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і атрымаў спецыяльнасць эканаміста.
У перыяд з 1977 па 1990 г. Аляксандр Лукашэнка быў сакратаром камітэта камсамола аддзела прадгандлю Магілёва, інструктарам Кастрычніцкага райвыканкама Магілёва, адказным сакратаром таварыства "Веды" Шклова, намеснікам старшыні калгаса "Ударнік" Шклоўскага раёна, намеснікам дырэктара камбіната будаўнічых матэрыялаў Шклова, сакратаром парткама калгаса імя У.І. Леніна. З 1987 па 1994 г. Аляксандр Лукашэнка ўзначальваў саўгас "Гарадзец" Шклоўскага раёна.
У 1990 г. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка быў выбраны народным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, дзе ўзначальваў камісію Вярхоўнага Савета па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур, створаных пры дзяржаўных органах кіравання. У чэрвені 1993 г. узначаліў парламенцкую камісію па барацьбе з карупцыяй.
10 ліпеня 1994 г. Аляксандр Лукашэнка выбраны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. 9 верасня 2001 г. выбраны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на другі тэрмін. 19 сакавіка 2006 г. адбыліся выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аляксандр Лукашэнка быў выбраны на трэці тэрмін. 19 снежня 2010 г. быў перавыбраны на пасаду Кіраўніка беларускай дзяржавы. 11 кастрычніка 2015 г. Аляксандр Лукашэнка зноў выбраны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. 9 жніўня 2020 г. атрымаў перамогу на прэзідэнцкіх выбарах.
Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з’яўляецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, Старшынёй Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, Старшынёй Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы. Узнагароджаны ордэнам святога апостала Андрэя Першазванага (1996, Расійская Федэрацыя), ордэнам Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай I ст. Беларускай Праваслаўнай Царквы (1998), ордэнам Хасэ Марці (2000, Рэспубліка Куба), ордэнам Рэвалюцыі (2000, Лівія), ланцугом ордэна Рыцараў Труны Гасподняй Іерусалімскага Патрыярхата (2000), ордэнам "За заслуги перед Отечеством" II ст. (2001, Расійская Федэрацыя), ордэнам прападобнага Сергія Раданежскага I ст. Рускай Праваслаўнай Царквы (2002,), Ганаровым Крыжом французскага Супраціўлення (2004, Французская Рэспубліка), ордэнам святога благавернага князя Дзімітрыя Данскога I ст. Рускай Праваслаўнай Царквы (2005), ордэнам свяціцеля Кірылы Тураўскага І ст. Беларускай Праваслаўнай Царквы (2006), святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра I ст. Рускай Праваслаўнай Царквы (2007), Вялікім ланцугом ордэна Вызваліцеля (2007, Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла), ордэнам Франсіска Міранды I кл. (2010, Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла), Лентай ордэна Рэспублікі Сербія (2013), Презідэнцкім ордэнам “Сияние” (2013, Грузія), орденам Аляксандра Неўскага (2014, Расійская Федэрацыя), ордэнам святога Саввы І ст. Сербскай Праваслаўнай Царквы (2014), ордэнам прападобнага Серафіма Сароўскага І ст. Рускай Праваслаўнай Царквы (2015), ордэнам Рэспублікі (2016, Рэспубліка Малдова), ордэнам Гейдара Аліева (2016, Азербайджанская Рэспубліка), ордэнам Першага Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан — Лідара Нацыі Нурсултана Назарбаева (2019, Рэспубліка Казахстан), лаўрэат шэрага міжнародных прэмій.
Матэрыял падрыхтаваны на аснове інфармацыі, размешчанай на афіцыйным інтэрнэт-партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.