Радзівіл Мікалай Крыштоф (мянушка Сіротка), сын Мікалая Радзівіла Чорнага
Дата нараджэння:
02.08.1549
Дата смерці:
28.02.1616
Кароткая даведка:
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, пісьменнік, мецэнат
Псеўданімы:
Сиротка; Сіротка
Варыянты імя:
Радзівіл Мікалай Крыштаф
Імёны на іншых мовах:
Radziwiłł Mikołaj Krzysztof (Sierotka) (польская); Радзивилл Николай Христофор Сиротка (руская);
5836 сімвалаў
Даведка
Павагу суайчыннікаў і памяць нашчадкаў у вяках заслужыў прадстаўнік славутага роду Радзівілаў буйны і палымяны патрыёт Бацькаўшчыны Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка.
Нарадзіўся Мікалай Крыштоф у г. Цьмелеў Свентакшыскага ваяводства (Польшча). Яго бацькам быў буйны магнат Вялікага княства Літоўскага князь Мікалай Радзівіл Чорны, канцлер ВКЛ, віленскі ваявода, апякун беларускіх кальвіністаў, маці – графіня Эльжбета Шыдлавецкая, дачка ваяводы Кракава. Як і ўсе Радзівілы, хлопчык атрымаў мянушку, якую звязваюць з польскім каралём Жыгімонтам II Аўгустам. Дзіцячыя гады М. К. Радзівіла прайшлі ў Нясвіжы, дзе яго адукацыяй займаўся бацька. Мікалай Сіротка скончыў створаную Мікалаем Радзівілам Чорным пратэстанцкую гімназію. Пазней слухаў лекцыі па розных галінах ведаў ва універсітэтах Германіі і Швейцарыі. Пасля заканчэння вучобы Мікалай Сіротка шмат падарожнічаў па Заходняй Еўропе, дзе і трапіў пад уплыў папскага нунцыя кардынала Камедоні і вядомага рэлігійнага і палітычнага дзеяча, езуіцкага прапаведніка П. Скаргі. У 1567 г. Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка з кальвінізму перайшоў у каталіцтва. Ён адабраў у кальвіністаў друкарню, заснаваную М. Радзівілам Чорным, спаліў выдадзеныя ў гэтай друкарні пратэстанцкія кнігі, у тым ліку Брэсцкую Біблію. Будаваў манастыры і касцёлы. Ватыкан высока ацаніў схіленне Радзівіла Сіроткі да каталіцызму, аб гэтым сведчыць той факт, што Мікалай Крыштоф быў прыняты ў рады мальтыйскіх рыцараў. Шмат часу і сіл аддаў ён для ажыццяўлення ў 1596 г. Брэсцкай уніі, мэтай якой было аб’яднанне пад кіраўніцтвам Папы Рымскага ў Рэчы Паспалітай праваслаўнай і каталіцкай цэркваў і ўтварэнне уніяцкай царквы. Разам з тым Сіротка мірыўся з дзейнасцю святароў іншых канфесій у сваіх маёнтках, нават дапамагаў матэрыяльна ў будаўніцтве праваслаўнай царквы ў Міры.
Актыўна ўдзельнічаў князь і ў палітычным жыцці. Ён займаў высокія дзяржаўныя пасады ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Быў маршалкам надворным (з 1569 г.) і маршалкам вялікім ВКЛ (з 1579 г.), кашталянам (з 1586 г.) і ваяводам трокскім (з 1590 г.), ваяводам віленскім (з 1604 г.). І гэта толькі найбольш значныя пасады і званні. У час заключэння Люблінскай уніі 1569 Радзівіл Сіротка спачатку, як і большасць паноў ВКЛ, адмаўляўся прысягаць каралю Жыгімонту II Аўгусту са сваіх маёнткаў на Падляшшы. У 1573 г. прымаў удзел у выбары новага караля Рэчы Паспалітай (выступаў за кандыдатуру французскага прынца Генрыха Валуа). Падтрымліваў унутраную і знешнюю палітыку Стафана Баторыя. Праявіў сябе Радзівіл Сіротка і ў ратнай справе. Удзельнічаў у Лівонскай вайне: у 1567 г. узначальваў уласны атрад у Радашковіцкай аперацыі, у 1568 г. прымаў удзел у аблозе Улы, а ў 1579 г. – у кампаніі Стафана Баторыя. Пад Полацкам быў цяжка паранены. Некаторы час лячыўся на лепшых курортах Германіі і Італіі, а ў 1583 г. накіраваўся ў Святую зямлю. У час гэтага падарожжа Мікалай Крыштоф вёў дзённік, у якім занатоўваў свае ўражанні. Яго цікавілі прыродныя ўмовы і гаспадарка тых месцаў, дзе ён пабываў, дзівосныя жывёлы, сфінксы, піраміды, пячоры са старажытнымі пахаваннямі, народныя звычаі, святы, адносіны паміж народамі. Апісваў Сіротка храмы, палацы, руіны, расказваў пра матэрыялы, з якіх яны былі зроблены, параўноўваў убачаныя пабудовы з італьянскімі і французскімі. Цікава, што рэлігійныя інтарэсы ў гэтых запісах былі ў аўтара на другім плане. Ён нават неаднойчы абвяргаў тыя ці іншыя сцвярджэнні Бібліі. Свой дзённік Мікалай Крыштоф Сіротка выдаў толькі ў 1601 г. пад назвай “Пэрэгрынацыя” (на лацінскай мове), каб “пашырыць кругагляд землякоў”. На працягу некалькіх стагоддзяў кніга карысталася вялікім попытам і вытрымала каля 20 выданняў на розных еўрапейскіх мовах.
Пасля вяртання з падарожжа Сіротка распачаў шырокае будаўніцтва ў сваіх уладаннях. У Нясвіжы ён узвёў езуіцкі, бенедыкцінскі і дамініканскі манастыры, фарны касцёл. Замест былога драўлянага палаца пабудаваў мураваны. Для ўзвядзення гэтых пабудоў запрасіў славутых еўрапейскіх архітэктараў, сярод якіх быў Дж. (Ян) М. Бернардоні. Ён перабудаваў Мірскі замак, узвёў у Міры мураваны касцёл. У 1586 г. разам з братамі стварыў Нясвіжскую, Клецкую, Алыцкую ардынацыі і стаў першым нясвіжскім ардынатам. Дабіўся ад караля прывілеі на наданне Нясвіжу магдэбургскага права і герба. Уласнай прывілеяй 1579 г. даў Міру права на самакіраванне, якое шэрагам палажэнняў нагадвала магдэбургскае права і з’яўлялася сведчаннем росквіту прыватнаўласніцкага горада. Шмат увагі надаваў князь збору мастацкіх і культурных каштоўнасцей. У Нясвіжскім замку стварыў карцінную галерэю, захоўваў у ім калекцыю зброі. Бібліятэка Сіроткі, якая размяшчалася ў Вільні і часткова ў Мірскім і Нясвіжскім замках, налічвала больш за 700 кніг, на той час гэта была значная колькасць*. На падставе прывезенай з Брэста ў Вільню друкарні бацькі, Мікалай Крыштоф Сіротка заснаваў пры Віленскай езуіцкай акадэміі друкарню, для якой набыў сучаснае абсталяванне. Пераважная большасць яе выданняў вылучалася сваім мастацкім афармленнем і паліграфічным выкананнем. Па ініцыятыве М. К. Радзівіла Сіроткі і на яго сродкі ў 1613 г. была выдадзена славутая Радзівілаўская карта – першая дакладная карта ВКЛ, якая да сярэдзіны XVIII ст. з’яўлялася своеасаблівым даведнікам пра Беларусь. Карта была надрукавана на чатырох вялікіх лістах. У дадатку да яе прыводзілася падрабязнае апісанне Літвы, Белай Русі, Палесся. Кароткія нататкі расказвалі пра гісторыю дзяржавы, славутыя бітвы.
У гісторыю Беларусі М. К. Радзівіл Сіротка ўвайшоў як дзяржаўны дзеяч, які адстойваў самастойнасць Вялікага княства Літоўскага ў межах Рэчы Паспалітай, дзеяч контррэфармацыі ў Беларусі, падарожнік і мецэнат.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2009 г.
* У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі вядзецца база даных “Radziviliana”, якая змяшчае бібліяграфічныя запісы кніг з калекцыі прыватнай бібліятэкі Радзівілаў у Нясвіжы.