Кароткая даведка:
жывапісец, педагог, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1982), Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва (2017), кавалер ордэна Францыска Скарыны (2019)
Імёны на іншых мовах:
Toustsik Uladzimir Antonavitch (англійская); Товстик Владимир Антонович (руская);
5269 сімвалаў
Даведка
Уладзімір Антонавіч Тоўсцік – самабытны мастак са сваім адметным светаадчуваннем, філасофіяй і жывапіснымі рашэннямі. Яго творчасць – яркая і неардынарная з’ява ў сучаснай культуры.
Нарадзіўся ён у Мінску. Маляваннем захапіўся яшчэ ў дзяцінстве, вельмі любіў заняткі па гісторыі ў школе, шмат чытаў. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 75 з мастацкім ухілам паступіў на аддзяленне інтэр’ера Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Праз два гады навучання У.А. Тоўсцік перавёўся на аддзяленне станковага жывапісу, якое скончыў у 1972 г. У 1973 г. для працягу адукацыі быў накіраваны ў творчую майстэрню Акадэміі мастацтваў СССР у г. Баку. Там пад кіраўніцтвам выдатнага жывапісца і педагога М.Г. Абдулаева шмат працаваў. Сярод твораў гэтага перыяду «Апшэронскі нацюрморт» (1975), «Калі ласка! Чайханшчык» (1976) і інш. Пасля заканчэння навучання (1976) пачаў працаваць на кафедры малюнка ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце: быў выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам, з 2001 г. стаў загадчыкам кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. За гады выкладчыцкай дзейнасці У.А. Тоўсцік падрыхтаваў метадычныя дапаможнікі «Рисунок и его роль в работе над дипломной картиной» і «Рисунок» (2001), вучэбныя праграмы па малюнку, альбом «Учебный рисунок в Белорусской государственной академии искусств» (2005).
Прафесійны творчы шлях мастака пачаўся з 1972 г., калі ён стаў прымаць удзел у выстаўках. Дыпломную карціну «Памяць» прадставіў на Усесаюзнай выстаўцы дыпломных работ у Маскве і Ленінградзе, карціну «Стайня» – на ІІІ Рэспубліканскай маладзёжнай выстаўцы ў Мінску ў 1972 г. У 1978 г. У.А. Тоўсцік быў прыняты ў склад Беларускага саюза мастакоў. Ён малюе тэматычныя карціны, партрэты, пейзажы, нацюрморты. Часта выкарыстоўвае калажны прынцып пабудовы кампазіцыі, які дае больш магчымасцей паказаць гледачу тое, што хвалюе мастака. Яго работы заўсёды маюць падкрэслена індывідуальны характар, вылучаюцца асобым складам мыслення, разуменнем і бачаннем гісторыі і культуры, мінулага і сучаснага, дабра і зла. Творы У.А. Тоўсціка вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі, дзе сучаснасць звязваецца з гісторыяй, інтымны свет з прыродным наваколлем, беларускія рэаліі з заходнееўрапейскімі. Адраджэнне духоўнай і нацыянальнай культуры беларускага народа стала адной з галоўных тэм яго твораў. У 1970–80-я гг. мастак звярнуўся да гісторыка-патрыятычнай і нацыянальнай праблематыкі: «Легенда старога замка» (1979), «Песня. Дакрананне» (1980), «А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю… (М. Багдановіч)» (1981), «Год 1913, 9 лютага. Пецярбургская прэм’ера» (1982) і інш. Яго карціны «У гарадскім садзе іграе духавы аркестр…» (1984), «Вясна 1985 года. Пачатак» (1985) і іншыя карысталіся поспехам таксама і на ўсесаюзных выстаўках. Сярод твораў гэтага перыяду шмат партрэтаў. Мастак стварыў вобразы этнографа М. Раманюка (1979), мастака М. Селяшчука (1980), драматурга В. Дуніна-Марцінкевіча (1982), пісьменніка Я. Брыля (1983), жонкі Любові (1984) і інш. За серыю жывапісных работ «Людзі маёй рэспублікі» ў 1982 г. У.А. Тоўсцік быў узнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамола БССР. У 1990-х гг. мастак пісаў шматзначныя сінтэтычныя кампазіцыі алегарычнага характару, дзе часта вялікую ролю адыгрывалі вобразы рамантычных жанчын: «Малітва» (1990), «Успамін аб Эладзе» (1992), «Жарт» (1993), «Серабро і золата» (1994), «На сцэне. Прэм’ера», «Жанчына, кветкі і птушкі», «Мелодыя для флейты» (усе 1995 г.), «На Каляды ў Венецыі» (1996), «Цырк. Жанчына-воблака» (1997) і інш. У 1990 г. ён атрымаў ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь», а ў 1994 г. за серыю «Святло і цені» (1987–1993) узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. З пачаткам 2000-х гг. у творчасці мастака з’явіўся новы кірунак – ён пачаў прымаць актыўны ўдзел у мастацкім афармленні буйнейшых у краіне збудаванняў: Мінскай гарадской ратушы, канцэртнай залы «Верхні горад», Палаца Незалежнасці, Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, гасцініцы «Еўропа», Мірскага замка. Манументальныя творы майстра на тэму нацыянальнай гісторыі, гісторыі горада Мінска пачатку ХХ ст., жаночага хараства ўдала ўпісаліся ў прастору інтэр’ераў гэтых аб’ектаў і ўпрыгожылі іх архітэктуру. Сярод іх – «Мінск. Верхні рынак. Раніца» (2004), «Мінск – губернскі горад. 1913 год» (2004), «Партрэт Мікалая Радзівіла Сіроткі» (2005), «Ладдзя часу» (2006) і інш. У апошняе дзесяцігоддзе У. А. Тоўсцік напісаў карціны «Метамарфозы» (2010), «Успамін. Трамвай на Першамайскай» (2011), «Мінск. Свята горада» (2012), «Прага. Вечар на Карлавым мосце» (2013), габелены «Паляванне» і «Зборы на паляванне» (2010), «Мой Мінск» (2013, у суаўтарстве) і інш. У 2017 г. па выніках рэспубліканскага конкурсу мастак стаў лаўрэатам першай Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва ў намінацыі «Жывапіс» (за трыпціх «Вербная нядзеля»).
Творы У.А. Тоўсціка захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў, у музеях Азербайджана, Галандыі, Італіі, ЗША, а таксама ў прыватных калекцыях Фінляндыі, Германіі, Славеніі, Швейцарыі, Грэцыі, Ізраіля, Польшы і інш.