Яркім і арыгінальным музыкантам, самабытным кампазітарам з’яўляецца Валерый Кірылавіч Іваноў, творы якога рытміка-інтанацыйным ладам блізкія да беларускіх фальклорных, а стылявымі якасцямі нагадваюць узоры сусветнай вакальнай класікі.
Нарадзіўся ён у г. п. Глуск Магілёўскай вобласці. Музычныя здольнасці ў В. Іванова праявіліся рана. Яшчэ ў школе пачаў пісаць песні. У час вучобы ў Гродзенскім музычна-педагагічным вучылішчы ствараў інструментальныя мініяцюры для флейты і скрыпкі. У 1968 г. стаў слухачом падрыхтоўчых курсаў, а ў 1970 г. студэнтам аддзялення кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). Яго настаўнікамі былі П.П. Падкавыраў, А.В. Багатыроў, У.У. Алоўнікаў, М.І. Аладаў, Д.Б. Смольскі і інш. У 1975 г. скончыў кансерваторыю і два гады працаваў выкладчыкам у Маладзечанскім музычным вучылішчы. У 1977 г. В. Іваноў быў прыняты ў Саюз кампазітараў Беларусі. У 1980 г. скончыў асістэнтуру-стажыроўку ў Вільнюскай дзяржаўнай кансерваторыі пад кіраўніцтвам Ю. Юзелюнаса. Доўгі час выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. З 2009 г. працуе ў Інстытуце сучасных ведаў імя А.М. Шырокава.
Кампазітар з’яўляецца аўтарам інструментальных і вакальных твораў, мелодый да спектакляў і кінафільмаў. Аднак асноўныя яго дасягненні ў жанры песні. Сярод першых твораў – «Цеплыня», «Адно толькі слова», «Зорка вясенняя», «Пахне чабор», напісаныя на вершы беларускіх паэтаў. Валерый Іваноў стварае песні пра сяброўства, каханне («Кахання нашага пара», «Каханая», «Развітанне», «Сляды юнацтва», «Моим друзьям», «Ты, да я, да мы с тобой» і інш.). Самае важнае месца ў творчасці займае патрыятычная тэма. Зліццё музыкі і тэксту, упэўненасць выказванняў, яркае ўвасабленне пратэсту супраць зла на зямлі робяць творы ўражлівымі («Сыновья Победы», «О подводниках», «Полный вперед», «Камсамол – бацькоўская вернасць і гордасць», «Этот день» і інш.). Высокае майстэрства праявіў В. Іваноў у раскрыцці патрыятычнай тэмы ў песнях аб Беларусі, роднай зямлі («Нарадзіўся я ў маі», «Сын зямлі», «Тобою горжусь, Беларусь», «Родны бераг», «Край, в котором ты живешь» і інш.). У 1989 г. за цыкл песень «Будьте долгу верны» кампазітар быў узнагароджаны сярэбраным медалём імя А.В. Аляксандрава. Светлыя, лірычныя творы В. Іванова прасякнуты сардэчнай цеплынёй і высакародным густам, вылучаюцца пластычнасцю меладычнай лініі, насычанасцю пачуцця, пранікнёнасцю. Яны запамінаюцца не толькі музыкай і паэзіяй, але і сваёй драматургіяй, вобразнасцю мыслення. Аўтар звяртаўся да паэтычных тэкстаў як на рускай мове, так і беларускай. Найбольш папулярныя песні створаны па беларускамоўных творах. «Раз ды разок», «Гуляць дык гуляць», «Сёння свята ў нашай хаце» і іншыя прынеслі яму вядомасць, успрымаюцца слухачамі з вялікім задавальненнем і прыхільнасцю і ўжо фалькларызаваліся. Валерый Іваноў супрацоўнічаў з такімі паэтамі, як А. Турава, Л. Пранчак, П. Панчанка і інш. У 1986 г. выйшаў нотны зборнік песень на вершы беларускіх паэтаў «Спатканне». Вялікая колькасць сачыненняў увайшла ў рэпертуар вакальных ансамбляў («Сябры», «Песняры», «Верасы» і інш.) і асобных спевакоў (Я. Паплаўскай, І. Афанасьевай, Л. Долінай, В. Вуячыча, В. Дайнекі, Л. Успенкай, Р. Аляхно і інш.). Творы кампазітара гучаць па радыё, тэлебачанні, на фестывалях.
Песенная творчасць В. Іванова цесна звязана з яго вакальна-сімфанічнымі, аркестравымі, камернымі творамі. У розных музычных жанрах пераважнае месца займае грамадзянская тэма. У 1977 г. была створана вакальна-сімфанічная паэма на вершы М. Танка «Элегія аб чацвёртай бярозе», прысвечаная салдатам, якія загінулі ў барацьбе з фашызмам. У ёй псіхалагічна абрысаваны не толькі ўнутраны стан чалавека, але і раскрыты яго перажыванні праз апісанне агульнай атмасферы, у якой адбываецца ўвасабляемае музыкай дзеянне. У 1978 г. за гэты твор кампазітар атрымаў прэмію Ленінскага камсамола Беларусі. Непарыўнае яднанне з Беларуссю адлюстравана ў музычна-стылістычных асаблівасцях дзвюх сімфоній (1974, 1980), сімфанічнай паэмы «Посвящение старому городу» (1979), фрэсцы-карціне «Солдатское поле» (1985) і інш. Надзвычай маляўнічая тэмбравая палітра ўласціва драматычнай паэме «Сымон-музыка» (1983) для аркестра народных інструментаў. Светлай шырокай мелодыяй з ярка нацыянальным пачаткам надзелена музычная карціна «Спеў дубраў» (1978) з цыкла «Зямля бацькоў» (1977–1981), дзе кампазітар захаваў і перадаў увесь каларыт і самабытнасць беларускай прыроды, яе хараство.
Сярод іншых твораў – канцэрт для трубы з аркестрам (1992), цыкл «Мы не памятаем ужо вайны» (2003, з паэтам А. Лягчылавым), тры музычныя карціны для аркестра народных інструментаў, камерна-інструментальная музыка, п’есы для фартэпіяна, эстраднага аркестра. Таксама ён з’яўляецца аўтарам музыкі да спектакляў, радыёпастановак, тэлевізійных фільмаў («Жменя сонечных промняў» (1977), «Суседзі» (1978), «Ціхія троечнікі» (1980), «Фруза» (1981), «Нецярпенне душы» (1987) і інш.), кінафільмаў («Справа для сапраўдных мужчын» (1983), «Не забудзьце выключыць тэлевізар» (1986), «Павадыр» (2001) і інш.). У аркестравай, камернай і прыкладной музыцы В. Іваноў праявіў сябе як майстар лірыкі, тонкі, шчыры музыкант. Рамантызацыі вобразаў у песні, п’есе, сімфанічнай паэме кампазітар дасягнуў, выкарыстоўваючы розныя выяўленчыя сродкі. Пявучасць і яркая эмацыянальнасць яго музыкі, шырокі інструментальны меладызм, тонкае адчуванне тэмбравай фарбы і нацыянальнага фальклору надаюць яго творам самабытныя рысы.
У 1988 г. В. Іваноў стаў заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі, у 1998 г. народным артыстам Беларусі. Ён з’яўляўся старшынёй журы Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Золотая пчелка», Нацыянальнага тэлевізійнага фестывалю-конкурсу юных талентаў «Сузор’е надзей», Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, членам журы Міжнароднага музычнага фестывалю «Залаты шлягер».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.