Дата нараджэння:
10.11.1749 Нясвіж, г., Мінская вобласць
Дата смерці:
02.10.1800
Кароткая даведка:
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, драматург, кампазітар
Імёны на іншых мовах:
Radziwiłł Maciej (польская); Радзивилл Мацей (руская);
3548 сімвалаў
Даведка
У культурным жыцці Беларусі XVIII – пачатку XIX ст. вылучаецца імя таленавітага паэта і кампазітара Мацея Радзівіла, які адносіўся да так званай шыдлавецкай галіны славутага роду Радзівілаў.
Нарадзіўся ён у сям’і польнага стражніка Лявона Міхала Радзівіла і Ганны Людвікі Мыцельскай. Пасля смерці бацькі новым мужам маці стаў вялікі гетман літоўскі, ваявода віленскі князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька, які прыхільна ставіўся да пасынка. Як і ўсе маладыя людзі з багатых і ўплывовых сем’яў, хлопчык вучыўся ў хатніх умовах. Ён атрымаў цудоўную адукацыю, асабліва музычную, бо яго айчым, гаспадар Нясвіжа, стваральнік палацавага оперна-балетнага тэатра і славутай капэлы запрашаў да сябе лепшых артыстаў і музыкантаў Еўропы. Згодна з тагачаснымі традыцыямі Мацей Радзівіл удасканальваў свае веды ў розных навуках за мяжой, дзе пазнаёміўся з найноўшымі дасягненнямі музычнага мастацтва. Пасля вяртання ў Нясвіж ён зблізіўся са сваім зводным братам Каралем Станіславам Радзівілам Пане Каханку, які, як і яго бацька Радзівіл Рыбанька, быў вядомым мецэнатам. Пры ім дзейнасць Нясвіжскага оперна-балетнага тэатра дасягнула найвышэйшага ўздыму. Мацей Радзівіл актыўна ўключыўся ў творчае жыццё Нясвіжа. Пачаў пісаць уласныя творы. Спачатку выступіў як драматург. Напісаў лібрэта да оперы “Агатка, або Прыезд пана”, музыку да якой стварыў кампазітар нямецкага паходжання Ёган (Ян) Голанд. Опера была пастаўлена ў Нясвіжы ў 1784 г. з нагоды наведвання Нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім. Дзеянне твора адбывалася на фоне родных аўтару нясвіжскіх рэалій. У заслугу М. Радзівілу можна паставіць тое, што ён апаэтызаваў людзей з народа. Але галоўныя героі твора, напісанага для адпаведнай аўдыторыі, – прыгонныя сяляне Агатка і Антак, якія змагаюцца за сваё шчасце, перамогу між тым атрымліваюць з рук добрага пана. Гэта была адна з першых опер, створаных і пастаўленых у Беларусі ў XVIII ст. Яна мела досыць працяглае жыццё на сцэнах тэатраў Рэчы Паспалітай. У 1786 г. Мацей Радзівіл стварыў оперу “Войт альбанскага сялення”, да якой сам напісаў ужо не толькі словы, але і музыку і нават выконваў у першых пастаноўках галоўную ролю.
Нясвіжскі кампазітар быў аўтарам шасці паланезаў для камернага аркестра (1788), якія адносяцца да самых ранніх аркестравых узораў гэтага папулярнага ў XVIII ст. у Еўропе танца. У 1788–1797 гг. ім былі напісаны Дывертысмент для камернага аркестра, Серэнада для струннага квартэта, Саната для скрыпкі і фартэпіяна. Па эстэтычна-стылявой арыентацыі, мастацкіх якасцях і ўзроўню кампазітарскай тэхнікі гэтыя творы, як сведчыць музыказнавец В. Дадзіёмава, стаяць у адным радзе з тымі ўзорамі “лёгкай музыкі”, якія складалі своеасаблівую атмасферу сваёй эпохі.
Мацей Радзівіл валодаў маёнткамі ў Літве і Польшчы, прымаў удзел у палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага. У 1780 г. ён быў паслом на сойме. У 1786–90-х гг. займаў пасаду падкаморага ВКЛ, з 1790 г. быў кашталянам віленскім. У 1792 г. у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай перадаў у распараджэнне войска ВКЛ замкі, арсеналы і радзівілаўскую армію, якімі распараджаўся як апякун малалетняга Д. Г. Радзівіла – адзінага нашчадка велізарных латыфундый. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794 г., уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады і дараваў волю сваім сялянам, якія падтрымалі паўстанне.
Апошнія гады жыцця Мацей Радзівіл правёў у сваім маёнтку Паланэчка (Навагрудскае ваяводства), які на пэўны час стаў культурным асяродкам у краі.