Адышла ў вечнасць цэлая эпоха, а з ёю і шматлікія ідэалы мінулага. У памяці засталося толькі тое, што не згубіла сваёй адметнасці і сёння. Гэта песні, створаныя на словы паэта Міхаіла Ясеня (Міхаіла Аронавіча Гольдмана). На гэтых песнях, якія з’явіліся і сорак, і пяцьдзясят гадоў таму, вырасла не адно пакаленне беларусаў, іх любяць і помняць, яны гучаць на тэлебачанні і радыё, іх спяваюць і вядомыя артысты (І. Кабзон, Я. Еўдакімаў, Т. Раеўская), і самадзейныя выканаўцы. Гэта – «Памяць сэрца», «Ліст з 45-га», «Майскі вальс» – адны з лепшых песень аб Вялікай Айчыннай вайне, і напісаны яны менавіта на словы М. Ясеня.
Міхаіл Аронавіч Гольдман нарадзіўся 18 жніўня 1924 г. у Мінску. Вучыўся ў школе, рана навучыўся чытаць і захапляўся творамі Я. Коласа, Я. Маўра, З. Бядулі. Пасля заканчэння восьмага класа вучыўся ў будаўнічым тэхнікуме. Вайна застала юнака на занятках па гэадэзіі. Разам з сям’ёй Міхаіл пешшу ішоў да Барысава і праз пэўны час апынуўся ў Сталінградзе, дзе ўладкаваўся на завод. У жніўні 1942 г. стаў чырвонаармейцам, быў артылерыйскім разведчыкам, сувязістам, тапографам. Да канца вайны М. Гольдман знаходзіўся на Волхаўскім фронце, прымаў удзел у прарыве блакады Ленінграда, штурмаваў лінію Манергейма, быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу», «За абарону Ленінграда», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай Вайне 1941–1945 гг.» і інш. Да красавіка 1947 г. служыў у Германіі.
Пасля дэмабілізацыі М. А. Гольдман вярнуўся ў родны горад, закончыў школу рабочай моладзі і Беларускі політэхнічны інстытут, працаваў інжынерам-канструктарам. Атрымаў 15 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы, стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу тэхнічнай творчасці (1966), быў узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР.
Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца на пачатку 1950-х гг., падчас вучобы ў інстытуце. У гэты час М. Гольдман быў рэдактарам насценнай газеты, пісаў вершы, гумарэскі, сцэнарыі студэнцкіх вечарын, некалькі яго вершаў з’явіліся ў перыядычным друку. Знакамітая пісьменніца А. Васілевіч прапанавала М. Гольдману ставіць пад сваімі творамі псеўданім Ясень. Лёс звёў пачынаючага паэта М. Ясеня з маладымі кампазітарамі І. Ронькіным і Д. Смольскім. Тандэм Ясень–Смольскі даў добры плён: з’явіўся шэраг песень, сярод якіх «Матери ждут сыновей», «Солдаты, солдаты…», аднак сапраўдную вядомасць набыла песня «Абеліскі».
Паўвека доўжылася творчая праца М. Ясеня. За гэты час паэт напісаў больш за сотню вершаў, вялікая колькасць якіх сталі песнямі. Сусветная вядомымі сталі «Памяць сэрца», «Ліст з 45-га», «Майскі вальс», «Здымак у газеце» на музыку Ігара Лучанка. Песня «Памяць сэрца» ў выкананні В. Вуячыча атрымала першую прэмію на першым Усесаюзным конкурсе на лепшае выканане савецкай песні ў кастрычніку 1966 г.
З М. Ясенем супрацоўнічала каля пяцідзесяці беларускіх кампазітараў, сярод якіх: Я. Цікоцкі, У. Алоўнікаў, Л. Захлеўны, У. Буднік, Э. Зарыцкі, В. Войцік, У. Солтан, Э. Казачкоў, В. Сярых… Усе творцы адзначалі, што вершы М. Ясеня, нягледзячы на іх знешнюю прастату, валодаюць надзвычайнай музычнай вобразнасцю і самі кладуцца на музыку. Вельмі плённым стала супрацоўніцтва паэта з Л. Захлеўным. Каля чатырох дзясяткаў песень стварыў кампазітар на словы М. Ясеня. Сярод іх: «Гісторыя аднаго кахання», «Буйніцкае поле», «Перамога», «Дзявятае мая», «Бацькоў не забывай», «Міласэрнасць», «Вяргіня» і інш.
Міхаіл Ясень – чалавек вялікага таленту: яго вершы ўвайшлі ў залаты фонд грамадзянскай лірыкі. Яны захапляюць сваёй эмацыянальнай яскравасцю, значнасцю вобразаў, яркім меладызмам. Галоўнай у творчасці паэта стала тэма Вялікай Айчыннай вайны. Па якасці і мастацкім увасабленні ваенна-патрыятычнай тэмы літаратурна-мастацкая спадчына М. Ясеня не мае сабе роўных. Разам з тым паэт, карэнны мінчанін, лічыў сябе неад’емнай часткай беларускага народа. Разам з усёй краінай перажываў радасныя і трагічныя падзеі ў яе гісторыі і заўсёды адклікаўся на іх.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.