Дата нараджэння:
30.09.1914 Пінск, г., Брэсцкая вобласць
Дата смерці:
07.07.1996 Мінск, г.
Кароткая даведка:
вучоны-хімік, сын Я. Коласа, збіральнік і папулярызатар спадчыны песняра, арганізатар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, узнагароджаны медалямі
Варыянты імя:
Міцкевіч Данііл Канстанцінавіч
Імёны на іншых мовах:
Мицкевич Даниил Константинович (руская);
2081 сімвал
Даведка
Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч нарадзіўся ў Пінску ў сям’і пісьменніка Я. Коласа. У час Першай сусветнай вайны бацькі эвакуіраваліся ў Перм і на Куршчыну (Расія). У 1921 г. яны вярнуліся ў Беларусь, жылі ў Мінску. У 1928 г. Д.К. Міцкевіч скончыў 13-ю Мінскую сямігадовую школу. У 1928‒1929 гг. вучыўся на вячэрніх курсах замежных моў. Потым паступіў у восьмы клас хімпрафшколы. У 1936 г. Д.К. Міцкевіч скончыў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), потым вучыўся ў аспірантуры і выкладаў ва ўніверсітэце. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў у эвакуацыі ў Ташкенце, працаваў вучоным-хімікам у Сярэднеазіяцкім універсітэце і хімічнай групе АН БССР. Займаўся распрацоўкай хімічных сумесяў для ваеннай прамысловасці. У жніўні – лістападзе 1943 г. выконваў абавязкі дэкана хімічнага факультэта БДУ, які тады знаходзіўся на станцыі Сходня пад Масквой. З 1944 г. працаваў у Інстытуце хіміі АН БССР старшым навуковым супрацоўнікам, вучоным сакратаром, загадчыкам лабараторыі.
Пасля смерці бацькі Д.К. Міцкевіч быў прызначаны дырэктарам заснаванага ў 1956 г. Літаратурнага музея Я. Коласа. З 1957 па 1980 г. узначальваў музей, з 1980 г. з’яўляўся старшым навуковым супрацоўнікам. Дзякуючы яго намаганням музей стаў галоўным цэнтрам коласазнаўства. Вучоны распрацаваў канцэпцыю мемарыялізацыі памятных мясцін Я. Коласа на Стаўбцоўшчыне, выступаў у навучальных установах, працоўных калектывах, сустракаўся з наведвальнікамі музея. Ён аўтар успамінаў, прысвечаных Я. Коласу, артыкулаў па коласазнаўстве і праблемах культуры, зборнікаў матэрыялаў. Сярод іх ‒ «Якуб Колас: жыццё і творчасць» (1959), «Жыццё для народа» (1962), «Любіць і помніць: успамінае сын Якуба Коласа» (2000). Вобраз Д.К. Міцкевіча знайшоў адлюстраванне ў творах беларускіх мастакоў В.С. Пратасені і У.П. Масленікава, а таксама скульптара В.П. Занковіча.
Даніла Канстанцінавіч узнагароджаны медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941‒1945 гг.» (1945), медалём Францыска Скарыны (1995). У 1970 г. удастоены звання заслужанага дзеяча культуры БССР.