Дата нараджэння:
21.09.1923 Лучны Мост, п., Бярэзінскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
25.10.2015
Кароткая даведка:
вучоны-фізік, грамадскі дзеяч, акадэмік НАН Беларусі, АН СССР і шэрага замежных АН, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы (1978), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998), Дзяржаўнай прэміі СССР (1973), Ленінскай прэміі (1980), прэміі НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В.А. Капцюга (2001), кавалер ордэнаў Леніна (1971, 1975, 1978, 1983), ордэна Дружбы (Расія), ордэна Ф. Скарыны, ганаровы грамадзянін Мінска, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны
Імёны на іншых мовах:
Борисевич Николай Александрович (руская);
3528 сімвалаў
Даведка
Выдатны вучоны-фізік Мікалай Аляксандравіч Барысевіч заклаў асновы шэрага арыгінальных навуковых напрамкаў у галіне малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі, лазернай фізікі, інфрачырвонай тэхнікі. Ён аўтар звыш 230 навуковых прац, у тым ліку дзвюх манаграфій.
Нарадзіўся вучоны ў пасёлку Лучны Мост Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў падпольшчыкам, партызанам, воінам Савецкай Арміі. За ратныя подзвігі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеней і двума ордэнамі Чырвонай Зоркі. У 1950 г. М. Барысевіч закончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт, у 1954 г. – аспірантуру Дзяржаўнага аптычнага інстытута ў Ленінградзе. З таго часу ўся яго навуковая і навукова-арганізацыйная дзейнасць непарыўна звязана з Акадэміяй навук Беларусі. З 1955 г. – ён намеснік дырэктара і адначасова кіраўнік лабараторыі фізікі інфрачырвоных прамянёў Інстытута фізікі АН БССР. З 1969 г. – прэзідэнт АН БССР. На гэтай пасадзе М.А. Барысевіч працаваў 18 гадоў (да сакавіка 1987 г.). З мая 1992 г. – ганаровы прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі.
Навуковыя работы М.А. Барысевіча прысвечаны люмінесцэнцыі і спектраскапіі складаных малекул, квантавай электроніцы, інфрачырвонай тэхніцы. Ім распрацавана статыстычная тэорыя фотафізічных працэсаў у складаных малекулах, уведзены новыя паняцці і спектральныя характарыстыкі малекул і распрацаваны метады іх вызначэння. Вучоны выявіў тэрмічна актывіраваную замаруджаную флуарэсцэнцыю і новы від кааператыўнай люмінесцэнцыі пароў складаных малекул. У 1978 г. разам з доктарам фізіка-матэматычных навук Б.С. Непарэнтам адкрыў з'яву стабілізацыі-лабілізацыі складаных малекул, якая садзейнічала стварэнню лазераў на пары арганічных злучэнняў (выкарыстоўваецца ў спектраскапіі, люмінесцэнцыі, фотахіміі, квантавай электроніцы). За даследаванні рассейвання выпрамянення дысперснымі сістэмамі і стварэнне новага класа аптычных фільтраў для шырокай вобласці інфрачырвонага спектра яму прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР 1973 г.; за цыкл работ па спектраскапіі свабодных складаных малекул – Ленінская прэмія 1980 г. М.А. Барысевічам створана шырока вядомая ва ўсім свеце навуковая школа: ім падрыхтавана каля 40 кандыдатаў навук, 7 яго вучняў – дактары навук, 2 – члены-карэспандэнты НАН Беларусі.
Асабісты ўклад у навуку і самаадданая навукова-арганізацыйная дзейнасць М.А. Барысевіча былі высока ацэнены: ён удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Таленавіты вучоны і арганізатар навукі, чулы, уважлівы і патрабавальны настаўнік, Мікалай Аляксандравіч карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай навуковай грамадскасці Рэспублікі Беларусь, Расіі і ўсяго свету. У 1972 г. ён выбраны членам-карэспандэнтам, а ў 1981 г. – правадзейным членам АН СССР. М.А. Барысевіч з’яўляецца акадэмікам Еўрапейскай Акадэміі навук, мастацтва і славеснасці (1991), замежным членам Чэхаславацкай Акадэміі навук (1977) і Славенскай Акадэміі навук і мастацтва (1981); Польская Акадэмія навук узнагародзіла яго медалём М. Каперніка, Чэхаславацкая Акадэмія – залатым медалём “За заслугі перад навукай і чалавецтвам”, Славацкая Акадэмія – медалём “За выключныя заслугі перад навукай”. Імя беларускага акадэміка М.А. Барысевіча можна знайсці ў такіх прэстыжных міжнародных выданнях, як “Кто есть кто в мире”, “Международный справочник выдающихся деятелей” (ЗША), “Выдающиеся люди” (Англія), “Пять тысяч биографий со всего мира” (ЗША) і інш.