Кароткая даведка:
пісьменніца, журналіст, аўтар зборнікаў паэзiі, прозы, драматычных твораў, эсэ, твораў для дзяцей
Варыянты імя:
Рублеўская Людміла Іванаўна
Імёны на іншых мовах:
Рублевская Людмила Ивановна (руская); Шнип Людмила Ивановна (руская);
5248 сімвалаў
Даведка
У сучаснай беларускай літаратуры жанчынамі-пісьменніцамі напісана нямала твораў, пазначаных вострай праблематычнасцю, глыбінёй пачуццяў, філасофскімі разважаннямі. Адна з іх – паэтэса, празаік, драматург, крытык Людміла Рублеўская (Людміла Іванаўна Шніп). Яе раманы з’яўляюцца найбольш яркімі ўзорамі новай гістарычнай прозы беларускай літаратуры пачатку ХХІ ст.
Нарадзілася яна ў Мінску ў сям’і служачых. Скончыла аддзяленне архітэктуры Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума (1984). Працавала па спецыяльнасці ў праектна-канструктарскім бюро вытворчага аб’яднання “Гарызонт”. У 1986 г. паступіла на аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве, праз год перавялася на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, які скончыла ў 1994 г. У розныя гады Л. Рублеўская працавала ў газеце “Наша слова”, часопiсе “Першацвет”, штотыднёвiку “Лiтаратура i мастацтва”. З 2003 г. з’яўляецца лiтаратурным аглядальнiкам газеты “СБ. Беларусь сегодня”. Яе намаганнямі створана аб’яднанне “Лiтаратурнае прадмесце”.
Людміла Рублеўская заявіла пра сябе найперш як паэтэса. Першы верш быў надрукаваны ў 1983 г. на рускай мове ў газеце “Знамя юности”. У 1990 г. выйшлі паэтычныя зборнікі “Крокі па старых лесвіцах” і “Адукацыя”, якія яскрава раскрываюць выбраны ёй кірунак – шлях гістарычнага, нацыянальна-духоўнага светапазнання. Псіхалагізм, філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці, прыхільнасць да гістарычнага рамантызму характэрны для творчасці Л. Рублеўскай. Зборнік “Замак месячнага сяйва” (1992) уражвае сваёй маштабнасцю і глыбінёй мастацкага выяўлення. Паэтэса стварыла цэлую галерэю гістарычных вобразаў славутых людзей Беларусі розных эпох і часоў (пачынаючы ад XI і да XX ст.), раскрыўшы духоўны вопыт папярэднікаў, сэнс іх учынкаў і поглядаў. Партрэтна-псіхалагічныя балады “Ефрасіння”, “Балада пра Якуба Венжыка”, “Балада пра нясвіжскага дойліда”, “Балада пра Янку Коклю”, “Балада пра Напалеона Орду” і іншыя напісаны з мэтай знайсці адказ на пытанні сучаснасці. Гэта роздум пра чалавечую долю, драматычны лёс асобы, выбар у пэўных абставінах. Балады і вершы пра мінулае сведчаць пра гістарызм як асноватворны метад мастацкага светапазнання Л. Рублеўскай, інтэлектуалізацыю яе паэзіі, культуралагічную заглыбленасць аўтарскай думкі. Арганічна ўвайшлі ў творчасць урбаністычныя матывы. Паэтэса не ідэалізуе горад мінулых часоў і крытычна ўспрымае яго сучасны характар і жыццё (вершы “Начны горад”, “Гарадскія дзеці”, “Вечаровы дождж”, “Гарадская зіма”, “Гарадская восень” і інш.). Людміла Рублеўская верыць, што гарадскі свет перайначыцца тады, калі ў ім адродзіцца родная мова, уваскрэснуць народныя традыцыі, калі людзі будуць паважаць гістарычную спадчыну, годна шанаваць сваю зямлю. У пазнейшых зборніках “Балаган” (2000), “Рыцарскія хронікі” (2001), “Над замкавай вежай” (2003) гісторыя як бы трансфармуецца, губляе прывязку да канкрэтных асоб і набывае больш філасофскі сэнс. Некаторым творам уласцівы былінны стыль, своеасаблівая рытміка верша. У 2007 г. убачыла свет кніга “Шыпшына для Пані”, якая ўспрымаецца як падсумаванне паэтычных набыткаў.
У сучаснай беларускай прозе Л. Рублеўская заняла трывалае месца як майстар гісторыка-дэтэктыўных містычных сюжэтаў. У яе раманах “Золата забытых магіл” (2003), “Скокі смерці” (2005), “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію”, “Сутарэнні Ромула”, “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега” (усе 2012), аповесцях “Дзеці Гамункулуса” (2000), “Сэрца мармуровага анёла” (2001), “Пярсцёнак апошняга імператара” (2005), “Ночы на Плябанскіх млынах” (2006), цыклах апавяданняў “Старасвецкія міфы горада Б” (1996–2000), “Шляхецкія апавяданні” (1996–2002) і іншых творах гістарычная тэма прасочваецца ад міфалагічнай старажытнасці да XX ст. Проза адметная тонкім псіхалагізмам, інтэлектуальнасцю, лірычнасцю і мяккім гумарам.
Людміла Рублеўская – аўтар драматычных паэм “Пасля Цэзара” (1993), “Amor ardens” (1997), п’ес “Апошнія гастролі Агасфера” (1993), “Янук, рыцар Мятлушкі” (1994), “Дзед Мароз і лясун” (1996), “Спадчына бабулі Зімавухі” (1997). Асобныя драматычныя творы ставiлiся на сцэнах беларускiх тэатраў. Па паэме “Апошняя з Алелькавічаў” (1998) зняты аднайменны фільм на беларускім тэлебачанні ў 1999 г. Гістарычная драма “Людвіка і Фабіян” (у суаўтарстве з В. Скалабанам) выйшла асобнай кнігай у 2006 г., таксама ў гэтым жа годзе выдадзены зборнік гістарычных эсэ “Беседы о философах”, кніга краязнаўчых артыкулаў “Я – минчанин”. Цыкл казак для дзяцей “Прыгоды мышкі Пік-Пік” вытрымаў тры выданні (2000, 2008, 2011). У суаўтарстве з В. Скалабанам пісьменніца стварыла зборнік архіўных даследаванняў па гісторыі беларускай літаратуры “Время и бремя архивов и имен: очерки, эссе, пьеса” (2009). Выступае ў друку як крытык і літаратуразнавец. Творы Л. Рублеўскай перакладалiся на дзясяткi моў свету. Сваімі кнігамі пісьменніца сведчыць, што мінулае і сучаснасць здольныя адчуваць узаемны ўплыў, а іншыя часавыя каардынаты не перашкаджаюць блізкім па духу людзям разумець адзін аднаго. Творчасць Л. Рублеўскай пазначана цікаўнасцю да ўсяго надзвычайнага, выключнага, настойлівым жаданнем спазнаць таямніцы гэтага свету, уменнем гарманічна і цэласна яго адлюстроўваць.