Дата нараджэння:
20.11.1935 Макараўка, в., Дубровенскі раён, Віцебская вобласць
Кароткая даведка:
мастак тэатра, жывапісец, графік, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2007), кавалер ордэна Ф. Скарыны
Варыянты імя:
Апіёк Мікалай Апанасавіч
Імёны на іншых мовах:
Apiek Mikalai Apanasavitch (не вызначана); Apiyok Mikalai Afanasievich (не вызначана); Опиок Николай Афанасьевич (руская);
4444 сімвалы
Даведка
Адметнае месца ў беларускім выяўленчым мастацтве займае Мікалай Афанасьевіч Апіёк, творчасць якога грунтуецца на лепшых дасягненнях беларускай мастацкай школы – фігуратыўнасці, духоўнай шчырасці, прыгажосці і вобразнасці.
Нарадзіўся ён у в. Макараўка Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Пірагоўскай сямігадовай школы ў 1951–1955 гг. вучыўся ў Віцебскім мастацка-графічным вучылішчы, у 1956–1957 гг. на пятым курсе Мінскага мастацкага вучылішча. Некаторы час працаваў у сістэме Мастацкага фонду БССР у Віцебску. У 1964 г. скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў Ф. Дарашэвіча, А. Мазалёва, Я. Чамадурава. У 1964–1974 гг. працаваў мастаком-пастаноўшчыкам у Гродзенскім абласным драматычным тэатры, дзе аформіў дзясяткі спектакляў. Сярод лепшых – “Шануй бацьку свайго” В. Лаўрэнцьева і “Дамы і гусары” А. Фрэдры (1964), “Яшчэ раз пра каханне” Э. Радзінскага і “Першы ўрок” К. Губарэвіча (1967), “Адкуль грэх?” А. Петрашкевіча і “Амністыя” М. Матукоўскага (1970). Мастак добра адчуваў жанравую своеасаблівасць п’есы, характар эпохі, рэжысёрскую канцэпцыю пастаноўкі. У сцэнаграфіі да класічных твораў выкарыстоўваў лепшыя традыцыі дэкарацыйнага мастацтва, у тым ліку беларускіх майстроў, у рабоце над сучаснымі спектаклямі шукаў сваё асабістае бачанне пастановак. Своеасаблівы дзівосны свет дзіцячай казкі ярка ўвасобіў у афармленні спектакляў “Жыла-была сыраежка” В. Зіміна (1970) і “Снежная каралева” Я. Шварца (1978, у Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы). Працуючы ў сцэнаграфіі, М. Апіёк ніколі не пакідаў мальберта: маляваў карціны, партрэты, пейзажы і нацюрморты. З 1966 г. удзельнічае ў рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках, у гэтым жа годзе прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. Персанальныя выстаўкі адбываліся ў Мінску (1995, 2004, 2006), Польшчы (1991), Германіі (1997, 1998, 1999).
У сярэдзіне 1970-х гг. пераехаў у Мінск. Супрацоўнічаў з Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы. Але з кожным годам усё больш займаўся станковым жывапісам. Першыя значныя палотны “Год 1929” (1976), “Купалле 41” (1977), “Кветкі пераможцам” (1980) вызначаюцца ўвагай да народнага тыпажу, манументальнасцю кампазіцыі, пругкасцю ліній, насычанай гамай фарбаў. З іх пачынаецца ўзлёт мастака-каларыста, майстра фігуратыўнай карціны, у тым ліку гістарычнай, дзе аўтар звяртаецца да мінуўшчыны сваёй краіны. Менавіта гэтай тэме прысвечаны палотны “Слуцкія ткачыхі” (1990), “Святочны выезд Радзівіла (Каханкі) у г. Нясвіж” (2001), “З гісторыі Полацка. У. Чарадзей” (2002–2003), трыпціх “Старонкі гісторыі. Усяслаў Чарадзей. XI стагоддзе” (2007–2011). Непасрэдная сувязь з тэатральным і музычным жыццём беларускай сталіцы прынесла надзвычайны плён: у творчасці мастака з’явіліся партрэты акцёраў у ролях гістарычных асоб – “А. Дзянісаў у ролі Міколы Гусоўскага” і “У. Рагаўцоў у ролі Ф. Скарыны” (1980), “Л. Давідовіч у ролі каралевы Боны” (2002), “Г. Давыдзька ў ролі Вітаўта, М. Кірычэнка ў ролі Ягайлы” (2003), – а таксама дзеячаў беларускай культуры – кампазітараў Я. Глебава і І. Лучанка, акцёраў С. Станюты і Б. Гарлавана, рэжысёраў В. Раеўскага і М. Пташука, драматурга А. Дударава, скульптара У. Церабуна і інш. Асаблівай старонкай мастацкай дзейнасці М. Апіёка стала ваенна-патрыятычная тэма. Ён з’яўляецца арганізатарам і кіраўніком студыі “Шчыт Айчыны” пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь, задача якой сродкамі выяўленчага мастацтва адлюстроўваць сённяшні дзень Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Менавіта гэтай тэме прысвечаны трыпціх “Шчыт Айчыны – 2004” (2005), карціны “Вялікай Перамозе прысвячаецца” і “Выпускнікі Мінскага сувораўскага” (2006). Жывапісным творам М. Апіёка ўласцівы разнапланавасць і рамантызацыя сюжэтаў, нечаканасць кампазіцыйнай пабудовы, каларыстычная гармонія, сюжэтная насычанасць. Яго карціны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, дырэкцыі выставак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама ў прыватных калекцыях у Расіі, Польшчы, Германіі, Галандыі і іншых краінах.
За плённую дзейнасць у галіне выяўленчага мастацтва М. Апіёку ў 2002 г. прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі”. Ён з’яўляецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2007), узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2011).