Дата нараджэння: 27.04.1930 Мінск, г.
Дата смерці: 26.03.2017
Кароткая даведка: жывапісец, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968)
Імёны на іншых мовах: Danzig Mai Vilfavitch (не вызначана); Данциг Май Вольфович (руская);
Чалавеку, які цікавіцца беларускім выяўленчым мастацтвам, словы “мой Мінск” адразу нагадаюць карціну з выявай моста, які перасякае па дыяганалі палатно і амаль падыходзіць да вядомага ўсім мінчанам Чырвонага касцёла. Аўтар гэтага твора – мастак Май Вольфавіч Данцыг. Ён прыйшоў у беларускае мастацтва на мяжы 50–60 гг. мінулага стагоддзя ў час нараджэння так званага “суровага стылю”. У гэты перыяд савецкае выяўленчае мастацтва зрабіла рэзкі скачок наперад, што было абумоўлена з’яўленнем маладога пакалення таленавітых творцаў, якія вызначаліся абвостраным эмацыянальным успрыманнем жыцця, імкненнем знайсці новыя тэмы і новую мастацкую форму. Да іх належаў і Май Данцыг. Ён ужо з першых крокаў сваёй творчасці заявіў аб сабе, як жывапісец буйных сацыяльна важных тэм.
Нарадзіўся мастак у Мінску. Яго бацька, выкладчык фізкультуры, у вольны ад працы час маляваў і выхоўваў у хлопчыка любоў да мастацтва. Ён бачыў свайго сына музыкантам і аддаў яго вучыцца ў музычную школу па класу скрыпкі. За тры гады вучобы Май добра авалодаў інструментам. Ён мог стаць славутым скрыпачом, але ўсе планы пераблытала вайна. Разам з іншымі бежанцамі сям’я апынулася на Волзе ў г. Ульянаўск, які запомніўся хлопчыку холадам, голадам, цяжкай працай. Пасля вызвалення Мінска Данцыгі вярнуліся ў родны горад. У 1947 г. тут адкрылася мастацкае вучылішча, студэнтам якога стаў Май. Потым ён паступіў у Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя В.І. Сурыкава. Дыпломная работа Данцыга “Насустрач жыццю”, атрымала ацэнку “выдатна”. Зараз яна захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Пасля заканчэння ў 1958 г. з залатым медалём Сурыкаўскага інстытута Данцыга запрасіў на працу рэктар Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута В. Цвірка на кафедру жывапісу.
Першыя работы мастака – узвышана-эмацыянальныя. Нават назвы адпавядаюць іх сэнсу: “Я ведаю, горад будзе”, “Гудзе зямля салігорская” і інш. Данцыг заўжды працаваў “з натуры”. Ён з эцюднікам абышоў увесь Мінск, малюючы родны горад у розныя гады. Пісаў з дахаў дамоў, з балконаў, з расчыненых вокнаў… Пісаў новыя мікрараёны, старажытныя закуткі. Сярод работ, прысвечаных гораду, – “Мінск абуджаецца”, “Растуць новыя кварталы”, “Новы Мінск”, “Мой горад старажытны і малады” і інш. Многія мастакі прызнаюцца, што пасля Данцыга сказаць што-небудзь новае пра Мінск на мове жывапісу вельмі цяжка. Яго карціны сталі сапраўднай візітнай карткай беларускай сталіцы.
Ёсць яшчэ адна тэма ў творчасці мастака, дзе ён сказаў сваё асабістае важкае слова, – гэта тэма вайны. У творах Данцыга яна адлюстравалася ярка, выразна, натхнёна. І, нягледзячы на тое, што вайна – гэта заўсёды гора, смерць, насілле, жорсткасць, яго работы: “Аб Вялікай Айчыннай…”, “Партызанская балада”, “Рэквіем”, “І памятае свет уратаваны…”, “Партызанскае вяселле”, “Беларусь – маці партызанская” і іншыя прасякнуты жыццесцвярджальным пачаткам, невынішчальнай прагай жыцця.
Сённяшні Май Данцыг па сутнасці свайго характару, па стану душы так і застаўся прадстаўніком “суровага стылю”, трыбунам і публіцыстам, які ўсёй сваёй творчасцю сумяшчае ідэалы і рэальнасць. Яму цесна і няўтульна ў “малых” формах. Па словах мастака, “карцінкі для кватэр і офісаў – зусім не ганебна. Але для мяне вялікае палатно – арганічная неабходнасць, частка мастацкага вобраза”*. Нават партрэты Данцыг піша ў вялікіх памерах, падбіраючы для іх людзей неардынарных, высакародных: А. Адамовіча, В. Быкава, А. Анікейчыка, Б. Акуджаву, Д. Граніна, Э. Клімава, Г. Таўстаногава і інш.
Кожная эпоха нараджае мастакоў, творчасць якіх можна лічыць біяграфіяй часу. Да такіх творцаў належыць і Май Данцыг. Сёння ён выкладае на кафедры жывапісу ў Беларускай акадэміі мастацтваў, працуе над новымі творамі.
У 2000 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася персанальная выстаўка мастака, якая стала сведчаннем шырокага грамадскага прызнання таленту жывапісца. Творы Данцыга захоўваюцца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (Масква), у зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, музейных калекцыях Расіі, Нідэрландаў, Германіі, Бельгіі, Італіі, ЗША і іншых краін свету.
* Беларусь. 2001. С. 29.