Лазар Маркавіч Лісіцкі (творчы псеўданім Эль Лісіцкі) – мастак-авангардыст, архітэктар, канструктар, графічны дызайнер, майстра фотамантажу, інжынер – нарадзіўся 22 лістапада 1890 г. у сяле Пачынак Смаленскай губерні (Расія). Скончыў Аляксандраўскае рэальнае вучылішча ў Смаленску.
Пачатак творчага шляху Л. Лісіцкага звязаны з Віцебскам, куды сям’я пераехала са Смаленскай губерні. Ён браў урокі жывапісу ў Ю. Пэна. У 1909–1914 гг. вучыўся на архітэктурным факультэце Вышэйшай тэхнічнай школы ў г. Дармштат (Германія). Адначасова шмат падарожнічаў, падпрацоўваў каменшчыкам.
У час Першай сусветнай вайны вярнуўся ў Расію, у 1915 г. паступіў у Рыжскі політэхнічны інстытут, які быў у эвакуацыі ў Маскве. У 1918 г. атрымаў дыплом і кваліфікацыю інжынера-архітэктара. Вучобу сумяшчаў з працай асістэнта ў архітэктурным бюро.
З 1916 г. Л. Лісіцкі пачаў прафесійна займацца жывапісам. Ён удзельнічаў у выстаўках Яўрэйскага таварыства заахвочвання мастацтваў (1917, 1918 і 1920). У 1917 г. Л. Лісіцкі заняўся ілюстраваннем дзіцячых і дарослых кніг яўрэйскіх аўтараў, якія выдаваліся на ідыш. Актыўна працуючы з графікай, цесна супрацоўнічаў з кіеўскім выдавецтвам «Идишер фолкс-фарлаг»: распрацаваў эмблему выдавецтва і заключыў кантракт на ілюстраванне 11 кніг.
У 1919–1920 гг. па запрашэнні М. Шагала выкладаў графіку і архітэктуру ў Вышэйшай народнай мастацкай школе ў Віцебску. Сярод яго калег былі Ю. Пэн і К. Малевіч. Першапачаткова мастак знаходзіўся пад уплывам М. Шагала і прытрымліваўся ў творчасці класічных форм. У той час К. Малевіч заснаваў новы мастацкі кірунак – супрэматызм. Паступова яго работы настолькі захапілі Л. Лісіцкага, што ён не толькі зрабіў выбар у карысць супрэматызму, але і прыўнёс у гэты творчы кірунах некаторыя новаўвядзенні.
Віцебскі перыяд Л. Лісіцкага адрозніваецца экспрэсіўнасцю. У ходзе шматлікіх эксперыментаў ён імкнуўся зрабіць супрэматызм больш практычна накіраваным, увасобленым у архітэктурных забудовах. З’яўляецца аўтарам візуальнай канцэпцыі «проўн» («Праект сцвярджэння новага»). Распрацаваў праект «Горад», з’яўляецца аўтарам тэатральных эскізаў, плана афармлення будынка Віцебскага камітэта па барацьбе з беспрацоўем і інш.
Развіваў ідэю прасторавага супрэматызму, стварыў вядомы плакат «Клінам чырвоным бі белых» (1920). Як графік і авангардыст асабліва праславіўся плакатам, створаным у час Вялікай Айчыннай вайны – «Усё для фронту, усё для перамогі». З’яўляўся мастацкім афарміцелем «Альманаха УНОВИС № 1» (1920). У 1921 г. уступіў у аб’яднанне «Сцвярджальнікі новага мастацтва», прымаў актыўны ўдзел у яго стварэнні і дзейнасці.
У 1921 г. Л. Лісіцкі выкладаў у мастацка-тэхнічных майстэрнях у Маскве курсы архітэктуры і манументальнага жывапісу. Найбольш значным для мастака стаў перыяд, звязаны з камандзіроўкамі ў Германію і Галандыю. Там Л. Лісіцкі пазнаёміўся з многімі вядучымі еўрапейскімі жывапісцамі таго часу. У Галандыі ўступіў у авангардысцкае аб'яднанне галандскіх архітэктараў і мастакоў «Стыль», прадстаўнікі якога выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці неапластыцызм – кірунак у заходне-еўрапейскім жывапісе I паловы XX ст. Працы Л. Лісіцкага сталі атрымліваць шырокую вядомасць і міжнароднае прызнанне. Асабліва вылучаўся фотамантаж «Гарызантальныя хмарачосы». Аднак гэты праект і многія іншыя архітэктурныя задумы Л. Лісіцкага так і засталіся ў выглядзе аркушаў, малюнкаў і чарцяжоў. З буйных архітэктурных праектаў рэалізаваны толькі адзін – тыпаграфія маскоўскага часопіса «Огонек» (1932). У асноўным майстра самавыяўляўся праз часовыя выставачныя прасторы, якія да нашых дзён захаваліся толькі на фотаздымках.
У 1930-я гг. узмацніўся ўплыў цэнзуры, работы Л. Лісіцкага страцілі сваю экспрэсію. Талент майстра ўвасабляўся ў афармленні савецкіх часопісаў «СССР на стройке», «15 лет РККА», «СССР строит социализм» і інш.
Памёр Л. Лісіцкі 30 снежня 1941 г. пасля цяжкай хваробы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.