Дата нараджэння: 05.03.1951 Мінск, г.
Кароткая даведка: кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1992), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1986), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне музыкі (2001)
Імёны на іншых мовах: Горелова Галина Константиновна (руская);
Галіна Канстанцінаўна Гарэлава – прызнаны майстар сучаснай беларускай кампазітарскай школы, яркі прадстаўнік неарамантызму ў айчыннай музыцы. Яна стварыла індывідуальны стыль, адметны паэтычнасцю і маляўнічасцю музычных вобразаў, лірычнай экспрэсіяй, выразнасцю мелодыкі, нацыянальным каларытам.
Нарадзілася Г. Гарэлава ў Мінску. У 1972 г. паступіла ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (клас кампазіцыі прафесара Д. Смольскага), якую скончыла ў 1977 г. Потым пад кіраўніцтвам прафесара А. Багатырова працягвала вучобу ў асістэнтуры-стажыроўцы. Пасля заканчэння некаторы час працавала ў Баранавіцкім музычным вучылішчы. На працягу некалькіх гадоў Г. Гарэлава наведвала майстар-класы прафесара Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі Ю. Фартунатава. У 1979 г. была прынята ў Беларускі саюз кампазітараў. У 1980 г. пачала выкладаць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У 2009 г. стала прафесарам, з 2013 г. загадвае кафедрай кампазіцыі.
У пачатку творчай дзейнасці Г. Гарэлава звярнулася да вакальнай музыкі. У ліку лепшых студэнцкіх работ цыкл «Романсы на стихи Л. Стаффа» («Приглашение», «Когда тебя встречу», «Пчела», «Колыбельная», 1974) і дыпломная работа «Лирическая кантата» (словы народныя і Г. Гарэлавай, 1977). Наступныя творы – любоўна-лірычныя цыклы на вершы М. Багдановіча «Дзявочыя песні» (1979) і «Грустные песни» (вершы А. Ахматавай, 1980) – сталі каштоўным укладам у беларускую музычную лірыку. Цікавасць Г. Гарэлавай да вакальных жанраў абумоўлена перш за ўсё захапленнем паэзіяй. Менавіта паэтычны тэкст натхніў кампазітара на стварэнне цыклаў «Хвала беднякам» (словы П. Ж. Беранжэ, 1983), «Романсы на стихи Э. Верхарна» («Май», «Июнь», «Август», «Ноябрь», 1984), «Вокальный цикл на стихи поэтов Латинской Америки» (1986). Этапнымі творамі, напісанымі ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гг., сталі кантаты «В год мирового пожара» (словы Л. Арагона, Г. Апалінэра, А. Таркоўскага і інш., 1989; Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1992) і «Тысяча лет надежды» (на вершы паэтаў Х–ХХ ст., 1990). Талент Г. Гарэлавай найбольш ярка праявіўся і ў вакальных цыклах, дзе адлюстравана беларуская тэма. Гэта – «Чатыры песні над калыскаю» (словы Е. Лось, Л. Геніюш і Н. Тулупавай, 1988) і «Тры малітвы перад Грунвальдам» (2010).
Асаблівую цікавасць прадстаўляе інструментальная музыка Г. Гарэлавай. Яна з’яўляецца аўтарам некалькіх аркестравых твораў. Сярод іх – для сімфанічнага аркестра паэмы «Бандароўна» (па аднайменным творы Я. Купалы, 1986), «Миф сокровенный» (2008), «Страсти по Марку» («Семь картин Шагала», 2011). Прыярытэтам для кампазітара з’яўляецца жанр інструментальнага канцэрта. Яна напісала шмат твораў для розных інструментаў (скрыпкі, габоя, трубы, гітары, балалайкі, трамбона, альта і інш.). Сярод лепшых – канцэрты: для скрыпкі з аркестрам (1979), для балалайкі з аркестрам (1991), для трамбона і сімфанічнага аркестра (1996), для альта, струнных і званоў (2000), «Allegresse» для вялікага сімфанічнага аркестра (2002), для ўдарных інструментаў і струннага аркестра (2008–2009), «Da Lontano» («Издалека») для гітары і струннага аркестра (2013) і інш. Асобнае месца ў творчасці Г. Гарэлавай займае канцэрт «Троицкие фрески» для дзвюх труб, струнных і ўдарных (1998), за які кампазітар атрымала спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2001). Яшчэ адзін этапны твор – канцэртная фантазія «Ingemisco» («Виновный, вздыхаю и каюсь…») для струннага аркестра і альта (2007), створаная для Ю. Башмета і выкананая ім у адным з канцэртаў II Міждународнага фестывалю Ю. Башмета (Мінск, 2007). Значнае месца ў творчасці Г. Гарэлавай займаюць творы для гітары. Самымі раннімі сярод іх з’яўляюцца варыяцыі ў характары Чаконы «Мирский замок» (1985, 1991 – новая рэдакцыя). Потым быў створаны цыкл з 3-х п’ес для гітары і віяланчэлі («Дом мой погружался в вечерние сумерки», «Татьянин день», «Прощаясь у края дороги», 2001) і напісана сюіта ў 4-х частках для гітары і клавесіна «Воспоминания о Несвиже» (2000). Шырокую вядомасць атрымаў «Канцэрт для гітары, струнных і званоў» у 3-х частках: «Вечны рух», «Перапыненая серэнада», «Харал» (1994). Першым яго выканаўцам быў вядомы гітарыст В. Жывалеўскі і Сімфанічны аркестр Беларускага радыё. Са шматлікіх твораў камерна-інструментальнай музыкі Г. Гарэлавай вылучаюцца фантазіі «Пастораль» (1993) і «Al Sereno» (1998), фартэпіянныя цыклы «Вячэрні альбом» (1995), «Четыре сентиментальных воспоминания» (1996), «Два искушения Адама» (1998), санаты «К взлетающей птице» (1995), «Прикосновения» (1996), «Рисунки на греческой вазе» (2001), сюіты «Скворец над домом звонаря», «Возвращается сердце в Краков...» і «Три гобелена из Вавеля» (2004), «Элегии середины апреля» (2012) і інш. Канцэрты Г. Гарэлавай – адна з самых яркіх старонак беларускай музыкі. У іх пераважае лірычная вобразнасць і багатая музычная палітра, гучаць фальклорныя матывы. Плённа працавала Г. Гарэлава і ў жанры сцэнічнага мастацтва. Яна напісала музыку да спектакляў «Совиновники» (па п’есе В. Гётэ, 1993), «Хітрыкі Бабы Ягі» (па казцы А. Якімовіча, 1994), «Чайка» (па п’есе А. Чэхава, 1995); тэлеспектакляў «Олимпиада» (па рамане І. Пташнікава, 1988), «Сымон-музыка» (па паэме Я. Коласа, 1989), радыёпастаноўкі «Усміхніся, прынцэса!» (па казцы У. Ягоўдзіка). Вялікую ўвагу надавала Г. Гарэлава творам для дзяцей. Яна з’яўляецца аўтарам некалькіх нотных зборнікаў, куды ўваходзяць камерна-інструментальныя ансамблі і п’есы для розных інструментаў, якія арыентаваны на фальклор. Кампазітар лічыць, што выхаванне і навучанне дзяцей на матэрыяле нацыянальнага фальклору – адзін з прагрэсіўных напрамкаў музычнай педагогікі. У 1986 г. за стварэнне дзіцячай музыкі Г. Гарэлава атрымала прэмію Ленінскага камсамола БССР. У 2004 г. стала заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі. Яна ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2006), Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2012).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.