Кароткая даведка:
жывапісец, графік, мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які адным з першых айчынных мастакоў звярнуўся да нацыянальнай тэматыкі, удзельнік грамадзянскай вайны
Варыянты імя:
Філіповіч Міхась
Імёны на іншых мовах:
Filipovitch Mikhas Matsveevitch (не вызначана); Филиппович Михаил Матвеевич (руская);
4414 сімвалы
Даведка
Адным з заснавальнікаў нацыянальнай мастацкай школы, аўтарам шматлікіх твораў пра жыццё і побыт беларусаў у першай палове ХХ ст. быў Міхаіл Мацвеевіч Філіповіч.
Нарадзіўся ён у Мінску ў сям’і чыгуначніка. Рана застаўшыся без бацькоў, выхоўваўся ў сям’і сваякоў. Пачатковую адукацыю атрымаў у царкоўнапрыходскай школе, у 1910–1917 гг. вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы. Дзякуючы выкладчыкам, вядомым мінскім мастакам К. Ермакову і Д. Полазаву, прыродныя мастацкія здольнасці былі ўдасканалены і набылі прафесійныя рысы. Менавіта ў гэты перыяд ён захапіўся беларускімі народнымі рамёствамі і пачаў рабіць акварэльныя замалёўкі з адлюстраваннем арнаментальных посцілак і вопраткі, сабраныя ў далейшым у альбоме «Беларускія ткацкія ўзоры». Для працягу мастацкай адукацыі ў 1918 г. М. Філіповіч паехаў у Маскву. Некаторы час наведваў заняткі ў прыватнай студыі мастака А. Хатулёва, вучыўся ў Маскоўскім межавым інстытуце, Дзяржаўных вольных мастацкіх майстэрнях. У 1920 г. накіраваны ў Вышэйшыя дзяржаўныя мастацка-тэхнічныя майстэрні, дзе з перапынкам вучыўся да 1930 г. Сярод яго выкладчыкаў былі выдатныя мастакі таго часу К. Каровін, А. Дрэвін, Р. Фальк.
У 1921–1924 гг. М. Філіповіч жыў у Мінску, працаваў інструктарам аддзела выяўленчага мастацтва пры Галоўпалітасвеце, загадчыкам мастацкага аддзела ў Беларускім дзяржаўным музеі, арганізоўваў выстаўкі. У 1923 г. займаўся афармленнем Беларускага павільёна на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве. У гэты перыяд плённа маляваў у тэхніцы алейнага жывапісу і акварэлі: захапляўся супрэматызмам («Супрэматызм», «Максімальнае выяўленне колеру», «Канструкцыя плоскасцей»), пісаў карціны на гістарычныя тэмы («Бітва на Нямізе»), на гарадскія сюжэты («Царква ў Слуцку», «Дамініканскі касцёл», «Духаў манастыр», «Дом на ўскраіне Мінска»), партрэты («М. Станюта», «П. Мрачкоўская», «Стары беларус з люлькай», «Стары пастух з трубой»), ілюстраваў беларускія народныя казкі («Каваль-багатыр», «Каваль і аднавокае гора», «Сучкін сын», «Іванка-дурачок», «Паляшук і чорт»), рабіў эскізы дэкарацый для Беларускага першага дзяржаўнага тэатра. Працягваў цікавіцца М. Філіповіч і народным мастацтвам. У час экспедыцый па Беларусі ім былі створаны альбомы з замалёўкамі ўзораў тканін, разьбы, народных строяў, сялянскіх забудоў і прадметаў побыту, якія і зараз маюць вялікую гістарычную каштоўнасць – «Народная драўляная разьба», «Народныя паясы», «Віцебская набіванка», «Беларускае народнае адзенне» і інш. У гэты ж час з’явіліся яго карціны на фальклорна-этнаграфічныя матывы – «На Купалле», «Карагод (Ляльнік)», «Веснавое свята», «Казачны сюжэт» і іншыя, якія былі прадстаўлены ў 1922 г. на яго першай і адзінай персанальнай выстаўцы ў Мінску. У далейшым мастак прымаў удзел ва ўсебеларускіх мастацкіх выстаўках, Міжнароднай выстаўцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Парыжы (1925), выстаўцы «Мастацтва кнігі» ў Лейпцыгу (1927), выстаўцы твораў мастакоў Беларусі, прысвечаных 25-годдзю БССР у Маскве (1944) і інш.
Скончыўшы навучанне ў 1930 г., М. Філіповіч застаўся працаваць у Маскве. Удзельнічаў у творчых паездках у калгасныя і прамысловыя рэгіёны СССР, займаўся мастацкім афармленнем заводаў і фабрык, стварэннем плакатаў і лозунгаў для друку. Сярод твораў гэтага перыяду – «Меліярацыя ва Узбекістане» (1930), «Каменны мост. Масква» (1935), «Данская казачка» (1936), «Адэса. Бераг мора» (1937). У перадваенныя гады ў Мінску пісаў карціны пераважна савецкага ідэалагічнага характару для гістарычнага музея – «Пагранічнікі ў лесе з сабакам», «Сталін і Арджанікідзэ ў штабе Заходняга фронту», удзельнічаў у падрыхтоўцы дэкарацый да оперы А. Туранкова «Кветка шчасця» (1939). У ваенныя гады маляваў карыкатуры для беларускіх сатырычных выданняў «Партызанская дубінка», «Раздавім фашысцкую гадзіну», ствараў карціны ваеннай тэматыкі – «Кавалерыйская атака. Разгром немцаў пад Масквой», «Танкавая атака» і інш. Апошнія гады жыцця М. Філіповіч правёў у Маскве. Сярод прац гэтага перыяду – карціны «Партызаны», «Краявід з домам», «У парку», «Дрэва», невялікія скульптуры «Лявоніха», «Цымбаліст», «Дудар», «Жанчына ў нацыянальнай вопратцы», «Жалейка» і інш.
Творчасць М. Філіповіча малавядома нашым сучаснікам. Вялікая колькасць твораў мастака 1920–1930-х гг. была страчана ў Вялікую Айчынную вайну. Да нашых дзён збераглося толькі каля 100 яго прац, большая частка якіх захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.