Кароткая даведка:
вучоны ў галіне цеплафізікі, аўтар прац па прамысловай цеплаэнергетыцы, ачыстцы газавых прамысловых выкідаў, метадах цеплавільготнай апрацоўкі матэрыялаў, член-карэспандэнт НАН Беларусі
Імёны на іншых мовах:
Смольский Бекир Михайлович (руская);
3138 сімвалаў
Даведка
Нарадзіўся таленавіты вучоны ў Мінску. У 1935 г. скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). Працоўную дзейнасць пачаў у мантажных, праектных і навуковых арганізацыях. У гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на розных франтах, быў удзельнікам вызвалення Беларусі і Польшчы. Баявыя заслугі Б.М. Смольскага адзначаны ордэнамі і медалямі. Пасля дэмабілізацыі з 1946 г. пачаў працаваць у політэхнічным інстытуце на кафедры цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі. У 1948 г. стаў кандыдатам, праз дзесяць гадоў доктарам тэхнічных навук, у 1961 г. яму прысвоена званне прафесара, у 1967 г. выбраны членам-карэспандэнтам АН Беларусі. З 1959 па 1971 г. Б.М. Смольскі – намеснік дырэктара Інстытута цепла- і масаабмену АН Беларусі па навуковай рабоце. Пад яго кіраўніцтвам створана буйнейшая ў СССР навукова-тэхнічная база для тэарэтычных і эксперыментальных даследаванняў у галіне цеплафізікі. З 1971 г. быў загадчыкам лабараторыі Інстытута цепла- і масаабмену АН Беларусі.
Навуковыя даследаванні вучонага прысвечаны прамысловай цеплаэнергетыцы, ачыстцы газавых прамысловых выкідаў, метадам цеплавільготнай апрацоўкі матэрыялаў, працэсам пераносу цеплаты і рэчыва ва ўмовах вакууму, вызначэнню аптымальных умоў інтэнсіфікацыі сублімацыйнага абязводжвання капілярна-порыстых рэчываў, вывучэнню ўплыву тэрмадыфузіі пры тэрмічнай апрацоўцы капілярна-порыстых матэрыялаў.
Першыя работы Б.М. Смольскага звязаны з прамысловай цеплатэхнікай і прамысловай аэрадынамікай. Былі вырашаны пытанні ў галіне барацьбы з вытворчай шкоднасцю на прадпрыемствах тарфяной, тэкстыльнай, дрэваапрацоўчай і запалкавай прамысловасці. Вучоным апублікаваны шэраг работ па пытаннях павышэння прадукцыйнасці печаў для абпалу будаўнічай цэглы і ўстановак для сушкі керамічных вырабаў. Праведзеныя ім даследаванні дазволілі стварыць высокапрадукцыйныя тунэльныя сушылкі для цэглы-сырцу і ажыццявіць круглагадовую вытворчасць будаўнічай цэглы ў Беларусі. Вучоным былі праведзены вопыты па вывучэнні структуры турбулентнасці ў неізатэрмічных газавых патоках.
Дзейнасць у галіне цеплавільготнай апрацоўкі тэрмаадчувальных матэрыялаў, а таксама працэсаў пераносу цяпла і рэчыва ва ўмовах вакууму дала магчымасць укараніць у народную гаспадарку новыя сушыльныя ўстаноўкі і эфектыўныя тэхналагічныя рэжымы сушкі тэрмалабільных матэрыялаў. Вынікам даследаванняў стала манаграфія “Внешний тепло- и массообмен в процессе конвективной сушки” (1957). Бекіру Міхайлавічу належаць таксама працы “Реодинамика и теплообмен нелинейно вязкопластичных материалов” (1970; разам з З.П. Шульманам, В.М. Гарыславец), “Нетрадиционный теплообмен” (1974; разам з Л.А. Сяргеевай, У.Л. Сяргеевым). Ён аўтар звыш 50 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій.
Вучоны з'яўляўся членам рэдакцыйнай калегіі двух навуковых часопісаў (“Весці Акадэміі навук Беларусі. Серыя фізіка-энергетычных навук”, “Инженерно-физический журнал”), старшынёй рэспубліканскага савета па навуковай праблеме “Маса- і цеплаперанос у тэхналагічных працэсах” і інш. За плённую навуковую дзейнасць Б.М. Смольскі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі.