Дата нараджэння:
13.06.1956 Маларыта, г., Брэсцкая вобласць
Кароткая даведка:
спартсмен (цяжкая атлетыка), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён ХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў (1980, Масква), сярэбраны прызёр ХХV летніх Алімпійскіх гульняў (1992, Барселона), пераможца міжнародных спаборніцтваў "Дружба-84", чэмпіён свету (1980, 1991) і Еўропы (1980, 1888, 1991, 1992, 1996), кавалер ордэна Дружбы народаў, ганаровы грамадзянін Маларыцкага раёна
Імёны на іншых мовах:
Taranenko Leonid (не вызначана); Тараненко Леонид Аркадьевич (руская);
2674 сімвалы
Даведка
Леанід Тараненка нарадзіўся ў Маларыце, што на Брэстчыне. У невялікім раённым цэнтры кіраўнікі розных спартыўных секцый наперабой запрашалі падлетка да сябе, аднак Леанід аддаў перавагу цяжкай атлетыцы і стаў займацца ў маладога трэнера Пятра Сацюка. Цяжкае матэрыяльнае становішча прымусіла юнака змяніць прыярытэты і авалодаць спецыяльнасцю токара-фрэзероўшчыка.
Жыццё Леаніда Тараненкі раптоўна перамянілася пасля 18 лютага 1974 года: падчас удзелу ў рэспубліканскім першынстве добраахвотнага таварыства “Ураджай” ён пазнаёміўся з Іванам Пятровічам Лагвіновічам. Кандыдат тэхнічных навук Іван Лагвіновіч працаваў у НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і быў трэнерам-аматарам. Ён распрацаваў сваю методыку падрыхтоўкі спартсменаў найвышэйшага ўзроўню і прапанаваў яе асваенне Леаніду Тараненку. У выніку склаўся тандэм таленавітага спартсмена і трэнера-вынаходніка.
Праз тры гады ўпартай працы Леанід Тараненка прадэманстраваў першыя вынікі сваёй работы: штурхнуў штангу масай 213 кг, падняў у рыўку 167 кг і з сумай 380 кг стаў рэкардсменам рэспублікі ў вагавой катэгорыі да 110 кг. Праз паўтара года спартсмен змог штухнуць штангу масай 230 кг, падняў у рыўку 180 кг і ўстанавіў новы рэкорд СССР. У 1979 г. Леанід Тараненка выйграў Спартакіяду народаў СССР і стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату свету, на першынстве Еўропы ў маі 1980 г. устанавіў два сусветныя рэкорды.
У ліпені 1980 г. падчас правядзення ХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў наш спартсмен падняў у рыўку 182,5 кг, штурхнуў штангу масай 240 кг і з сумай дваябор’я 422,5 кг стаў алімпійскім чэмпіёнам. Знакаміты балгарскі спартсмен Валянцін Хрыстаў, галоўны сапернік Леаніда Тараненкі, адстаў ад беларуса на 17,5 кг.
Пасля завяршэння маскоўскай Алімпіяды Леанід планаваў прыняць удзел у чэмпіянаце свету 1982 г., аднак цяжкая хвароба прымусіла адмовіцца ад удзелу ў спаборніцтвах. Пасля шэрагу складаных аперацый Леанід Тараненка пад наглядам Івана Лагвіновіча працягваў трэніроўкі і з трыумфам вярнуўся ў вялікі спорт: у 1983 г. выйграў Спартакіяду народаў СССР; у 1984 г. стаў пераможцам турніру “Дружба-84”; у 1985–1986 гг. заваяваў сярэбраныя, у 1988 і 1991 гг. – залатыя ўзнагароды чэмпіянатаў Еўропы, у 1990 г. стаў чэмпіёнам свету.
У 1992 г. на ХХV летніх Алімпійскіх гульнях у Барселоне Леанід Тараненка падняў у рыўку 187,5 кг, штурхнуў штангу масай 237,5 кг і з сумай дваябор’я 425 кг заваяваў сярэбраны медаль Алімпіяды. У 1996 г. пасля перамогі на чэмпіянаце Еўропы Леанід Аркадзьевіч Тараненка пакінуў вялікі спорт.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.