Яркі, неардынарны творца Генадзь Буралкін з'яўляецца аўтарам многіх манументальных, станковых і графічных работ. З 1976 г. прымае ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках. Яго вабяць разнастайныя матэрыялы – дрэва, камень, бронза. Творы Г. Буралкіна знаходзяцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, музеях Беларусі і іншых краін, прыватных калекцыях. Скульптар узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Нарадзіўся Г. Буралкін у г. Ленінагорску (Казахстан) у сям'і ссыльнага перасяленца з Беларусі. Вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1970–1976). З 1980 г. уваходзіць у Беларускі саюз мастакоў (з 1990 па 2001 г. – яго старшыня). У 1995 г. па ініцыятыве Г. Буралкіна Саюз мастакоў стаў членам Міжнароднай асацыяцыі мастакоў пры ЮНЭСКА ў Парыжы. Жыве і працуе вядомы скульптар у Мінску.
Асноўныя тэмы творчасці ўзяты з народнага жыцця, знітаваны з гісторыяй, нацыянальнымі паданнямі. Работы мастака вызначаюцца манументальнасцю, філасафічнасцю вобразаў, вытанчанасцю формаў. Сярод асноўных твораў вылучаюцца манумент шахцёрскай славы ў Салігорску (1976), мемарыяльны знак у гонар 850-годдзя Гродна (1978), скульптурныя серыі “Скачок” (1998–2000), “Жыцень” (2000), “Берагіня” (2001–2002), “Абліччы камянёў” (2002), “Лель” (2003), станковыя кампазіцыі “Песня пратэсту” (1977), “Вясна Перамогі” (1978), “Уз'яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі” (1979), “Яблынька” (1981), графічныя серыі “Славянскія матывы”, “Ноч на Івана Купалу”, “Раніца” (усе 1995), “Усяношчная” (2002), шэраг жаночых партрэтаў (1980-я гг.), “Памяці В. Хары” (1987), “Музыка” (1990), “Двое”, “Сын зямлі” (абодва 1991), “Лясное возера” (1992), “Кастусь Каліноўскі”, “Белая Ганча”, “Сумненне” (усе 1993), “Вяртанне белага анёла”, “Сымон-музыка”, “Адам і Ева” (усе 1994), “Скок” (1995), серыя “Прысвячэнне П. Пікаса” (1996).
Генадзь Буралкін займаўся афармленнем інтэр'ераў драматычнага тэатра (у суаўтарстве) і Дома грамадзянскіх абрадаў у Гродне (1970-я гг.). Для некаторых работ майстра характэрны шматграннасць вобраза, іншасказальнасць. Так, напрыклад, у кампазіцыі “Яблынька” (чырвонае дрэва) увасобіліся вобразы жанчыны-маці, Зямлі, прыроды. Драўляныя скульптуры “Язычніцкі бог”, “Купалле”, “Ярыла”, “Вяртанне белага анёла” таксама вабяць сваёй загадкавасцю і сімвалічнасцю.
Разам са скульптарам А. Фінскім мастак стварыў цудоўныя скульптурныя кампазіцыі, якія ўпрыгожваюць Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь (архітэктарская задума І. Лангбарда, ажыццёўленая праз сем дзесяцігоддзяў). Работы выкананыя ў арыгінальным стылі, які ўключае ў сабе класічныя грэчаскія і сучасныя традыцыі. Пры стварэнні багінь (апякунак тэатра Мельпамены і музыкі Палігімніі) Г. Буралкіну пазіравалі нашы маладыя сучасніцы, таму невыпадкова, што ў рысах твару і фігурах муз увасобілася прыгажосць менавіта беларускіх жанчын. Генадзь Буралкін з'яўляецца аўтарам помніка заснавальніку і першаму вялікаму князю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу. У 2009 г. у гістарычным цэнтры Навагрудка адбылося яго адкрыццё. Помнік адліты з бронзы і ўяўляе сабой постаць Міндоўга з мячом на кані, устаноўленымі на каменным пастаменце. 9–10 верасня 2011 г. у Навагрудку святочна адзначалася 500-годдзе з часу надання яму магдэбургскага права. Адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака, выкананага Г. Буралкіным, з выявай гістарычнага герба, гадзінніка і ключоў ад горада.
Спадчына вядомага скульптара Г. Буралкіна вельмі багатая і разнастайная. Магчымасць пазнаёміцца з ёю прадстаўляецца на выстаўках, якія арганізоўваюцца ў Беларусі. Так, на “ТРОГАТелЬной выставке”, адкрытай 18 мая 2011 г. у Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, былі прапанаваны скульптурныя работы многіх мастакоў, у тым ліку найбольш знакавыя творы Г. Буралкіна.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.