Дата нараджэння:
16.04.1952 Акцябр, в., Лагойскі раён, Мінская вобласць
Кароткая даведка:
жывапісец, графік, мастак кнігі, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1989), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2008), кавалер ордэна Ф. Скарыны (2017)
Імёны на іншых мовах:
Savitch Uladzimir Pyatrovitch (не вызначана); Савич Владимир Петрович (руская);
5361 сімвал
Даведка
Творчасць Уладзіміра Пятровіча Савіча, аднаго з найбольш яркіх прадстаўнікоў сучаснага беларускага мастацтва, пранізана пачуццём хараства і трагізму жыцця, душэўным болем за лёс радзімы, яе прыроды, роднай мовы. Ён майстар з адметным светаўспрыманнем, своеасаблівай манерай выканання. Многія работы творцы вельмі выразныя па форме і глыбокія па пераасэнсаванні нацыянальнага пачатку ў беларускім выяўленчым мастацтве. Уладзімір Савіч з’яўляецца заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі (1990), лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1989), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2009).
Нарадзіўся У. Савіч у в. Хатавічы (зараз в. Акцябр) Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве (1963–1970). Затым – на аддзяленні графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута ў В. Шаранговіча (1970–1976, у 1991 г. перайменаваны ў Беларускую акадэмію мастацтваў). Пасля заканчэння вучобы працаваў выкладчыкам у гэтай жа ўстанове (з 1989 г. з’яўляўся загадчыкам кафедры графікі, з 1996 – прафесарам). Удзельнічаць у рэспубліканскіх, міжрэспубліканскіх, усесаюзных выстаўках, а таксама міжнародных выстаўках савецкага мастацтва пачаў з 1972 г. Прымаў удзел у трыенале станковай графікі ў Таліне (1983) і кніжнай графікі ў Вільнюсе (1984). Неаднаразова арганізоўваліся персанальныя выстаўкі творцы як у Беларусі, так і за яе межамі. У канцы 1987 г. У. Савіч быў запрошаны ў Германію выдавецтвам “Шрайбер”, для якога пасля аформіў серыю з чатырох кніг пад агульнай назвай “Дзецям пра звяроў”. З 1978 г. з’яўляецца членам Саюза мастакоў Беларусі, з 2007 г. – яго старшынёй.
Таленавіты жывапісец У. Савіч заўсёды меў цікавасць да нацыянальных традыцый і тэм. Раннія работы вызначаюцца ўвагай да народнага тыпажу, манументальнасцю кампазіцыі, пругкасцю ліній, матэрыяльнасцю колеравай гамы (“Беларускія мадонны” (1970), “Этнографы” (1978)). У 1980-я гг. творчасць майстра набыла пэўную культурна-асветніцкую накіраванасць. Ён звяртаўся да мінуўшчыны сваёй зямлі, родных сэрцу вобразаў (“Голас Янкі Купалы” (1982), “Маці-Бацькаўшчына”, “Па Міншчыне”, “Святло роднага дома”, “Каб род наш не рассеяўся” (усе 1983), “Палессе” (1984), “Зіма. Стары гасцінец”, “Аздамічы. Час медазбору” (абедзве 1988)). Вялікую цікавасць прадстаўляюць сабой афорты серыі “Маці-Бацькаўшчына”, прысвечаныя трагічным падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Вобразы беларускіх жанчын, захавальніц адвечных традыцый, вырашаны мастаком з вялікім пачуццём павагі і сімпатыі. У 1990-я гг. пачаўся новы этап у творчасці У. Савіча. Ім створаны працы, напоўненыя філасофскім роздумам над спрадвечнымі пытаннямі быцця: “Сон зямлі” (1990), “Легенда старога замка” (1993), “Далёкае – блізкае”, “Князь” (абедзве 1994), “Каўчэг захаваных свят”, “У крузе магічных абрадаў”, “Шэсце”, “Святасць споведзі” (усе 1996), “Перакрыжаванні”, “Гуканне вясны” (абедзве 1998), “Вобраз складкі”, “Рух з запасам цішыні”, “Анёл сноў” (усе 1999), “Той, хто носіць сваю дарогу”, “У пошуку згубленага часу” (абедзве 2000), “Разарваныя фрагменты памяці”, “Жывапіс для ветру”, “Вярнуцца, каб ізноў вярнуцца” (усе 2001). Мастак усё больш актыўна выкарыстоўваў складаную камбінаваную тэхніку, арганічна спалучаў графічныя элементы з выразнымі сродкамі друкарскага набору. Такія эксперыменты вывелі яго за межы традыцыйнага разумення класічнай графікі. Лінія як асноўны сродак графічнага выяўлення саступіла месца колеру, фактуры паверхні. Такім чынам зніклі межы паміж графікай і жывапісам, прыярытэтным для мастака стала імкненне да вітража. У камбінаванай і змешанай тэхніках выкананы “Маладое віно” (2000), “Час чырвонага быка” (2004), “Камень-прадказальнік” (2005), “Месца, дзе сустракаюцца два ветры” (2006), “Лаўцы сноў” (2007), “Анёл”, “Пачуццёвы досвед”, “Восеньскі матыў” (усе 2009) і інш.
Уладзімір Савіч з’яўляецца аўтарам ілюстрацый да многіх кніг, іх мастацкага афармлення: “Пінская шляхта” В. Дуніна-Марцінкевіча (1976, дыплом Акадэміі мастацтваў СССР), “Беларускія народныя казкі” (1978, на англійскай мове), “Міхасёвы прыгоды” Я. Коласа (1980), “Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя” Н. Мацяш (1982), “Свае і чужынцы” І. Чыгрынава (1984), “Госці” В. Віткі (1984, дыплом трыенале кніжнай графікі ў Вільнюсе), “Родныя дзеці” Н. Гілевіча і беларускія народныя казкі “З рога ўсяго многа” і “Малы-малышок” (дыплом І. Фёдарава, 1985), “Выбранае” Цёткі (1986; дыплом Ф. Скарыны, 1987) і інш. Значную ролю ў стварэнні ім мастацкага казачнага вобраза адыгрывае наяўнасць этнаграфічных матываў. На працягу многіх гадоў У. Савіч бываў у экспедыцыях па Беларусі, вывучаў узоры матэрыяльнай культуры. Прымаў актыўны ўдзел у складанні і мастацкім афармленні альбома М. Раманюка “Беларускае народнае адзенне” (1981). Асаблівасцямі творчасці У. Савіча з’яўляюцца тонкае валоданне сучаснай пластыкай, разуменне псіхалогіі вобраза, шырокае ўжыванне элементаў народнага побыту. Карціны мастака вабяць сваёй шчырасцю. Большасці работ уласцівы сімволіка-метафарычнае гучанне і колерава-пластычная гарманічнасць. Многія з карцін на дзіва касмічныя: святло ў іх сыходзіць нібы з бясконцых глыбінь. Творы мастака з поспехам дэманстраваліся ў розных краінах свету. Яны захоўваюцца ў музеях Беларусі, Расіі, Літвы, Славакіі, Аўстрыі, Германіі, ЗША, Італіі, Францыі, Бельгіі, Швейцарыі, Нарвегіі, Японіі, а таксама ва ўласных калекцыях.