Дата нараджэння:
21.04.1952 Даўгінава, аграгарадок, Вілейскі раён, Мінская вобласць
Кароткая даведка:
скульптар, аўтар твораў у манументальнай, станковай і паркавай скульптуры, медальерным мастацтве, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы (2016)
Імёны на іншых мовах:
Slabodtchykau Uladzimir Ivanavitch (англійская); Слободчиков Владимир Иванович (руская);
5466 сімвалаў
Даведка
Беларускую скульптуру двух апошніх дзесяцігоддзяў немагчыма ўявіць без твораў Уладзіміра Іванавіча Слабодчыкава. Член Каралеўскай брытанскай асацыяцыі скульптараў, ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза мастакоў, загадчык кафедры скульптуры Беларускай акадэміі мастацтваў, ён працуе ў станковай, манументальнай і паркавай скульптуры, дробнай пластыцы, медальерным мастацтве.
Нарадзіўся Уладзімір Іванавіч у в. Даўгінава Вілейскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Адразу пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў). Выкладчыкамі У. Слабодчыкава былі народны мастак Беларусі А. Анікейчык і Г. Мурамцаў. Іх творчасць, сфарміраваная ў час так званай адлігі, станоўча паўплывала на будучага скульптара, стала яго прафесійнай асновай як у мастацтве, так і педагагічнай дзейнасці.
Яркі, незвычайны талент У. Слабодчыкава праявіўся яшчэ ў студэнцкія гады. Яго першы значны твор – скульптурная кампазіцыя “Дон Кіхот” (1973) – меў выключны поспех. Выкананы ў бронзе, невялікі па памерах, ён быў прадстаўлены на выстаўцы выяўленчага мастацтва Беларусі ў Польшчы і адразу прыцягнуў увагу спецыялістаў. Вытанчаная пластыка, мяккая эскізная лепка падкрэслівалі індывідуальнасць аўтара, яго адметны стыль. Гэта скульптура шмат падарожнічала з выстаўкай “20 савецкіх скульптараў” па Італіі, Югаславіі. Зараз яна знаходзіцца ў Траццякоўскай галерэі. Тут захоўваецца яшчэ пяць работ У. Слабодчыкава: “Вербніца”, “Мой дзед”, “Зімовы змрок”, “Жанчына з рэзгінамі”, “Мая спадчына”. У 1975 г. Уладзімір Іванавіч скончыў інстытут. Яго дыпломная работа “На рыштаваннях” была адзначана бронзавым медалём ВДНГ СССР. У 1975–1988 гг. У. Слабодчыкаў працаваў у Беларускай рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве (зараз Беларускі рэспубліканскі вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка), з 1978 г. выкладае у Беларускай акадэміі мастацтваў, з 1989 г. загадвае кафедрай скульптуры. Ён выхаваў шмат таленавітых майстроў, якія сёння ствараюць гісторыю беларускай скульптуры.
Уладзімір Іванавіч заўсёды сумяшчаў выкладчыцкую працу з творчай дзейнасцю. Ён плённа працаваў і працуе ў розных жанрах скульптуры. Стылістычны дыяпазон твораў У. Слабодчыкава даволі шырокі. У работах 1970–1980-х гг. можна ўбачыць імкненне да выяўлення псіхалагічнага стану персанажаў. У гэты час скульптар сфарміраваў уласны светапогляд, які і вызначыў яго творчасць. Кампазіцыі “Мастак і мадэль” (1976), “Артысты тэатра лялек” (1980), “Спелыя яблыкі”, “Роздум мастака” (абедзве 1981), “Мой родны кут, як ты мне мілы…” (1982) і іншыя пранізаны цеплынёй і асабістымі перажываннямі аўтара. У 1989 г. У. Слабодчыкаў быў узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР за працы “Мацярынства” і “Сапфо” (абедзве 1988).
Скульптуры 1990-х гг. набылі новыя якасці, іх пластычная аснова трансфармуецца ў бок большай лёгкасці, элегантнасці, набываючы пачуццё меры і гармоніі. Аб гэтым сведчаць творы “Дзяды”, “Анёл з апаленымі крыламі” (абодва 1990), “Шагалу прысвячаецца” (1994) і інш. У гэты перыяд У. Слабодчыкаў усё часцей звяртаўся да біблейскіх сюжэтаў. У скульптурах “Адам і Ева” (1995), “Раўнавага сямейнага чоўна”, “На той бок ракі” (абедзве 1996) і іншых ён удала злучае сучаснасць з мінулым і, насычаючы сюжэт філасофскім зместам, імкнецца раскрыць вобразы праз прызму Бібліі.
Уладзімір Іванавіч Слабодчыкаў – майстар яркай індывідуальнасці, які ідзе ўласным шляхам, не баіцца эксперыментаў. Пошук арыгінальнасці вылучае яго і ў працы над манументальнымі творамі. Скульптар стварыў помнікі беларусам, якія загінулі за межамі краіны (1997), актрысе С. Станюце (2003) – абодва ўстаноўлены ў Мінску, – графу С. Зорычу (2007) у Шклове. Сярод работ – скульптуры для Нясвіжскага парку (1988–1989), мемарыяльны знак М. Багдановічу (1992), мемарыяльная дошка С. Манюшку (2000), “Чалавек” (2000) у нямецкім горадзе Оберкірхене, серыі паркавых скульптур для швейцарскага горада Бадэна (2001) і інш. У 2005 г. у Светлагорску быў адкрыты помнік “Звон-набат” у гонар святкавання 60-годдзя Перамогі, а да 65-годдзя вызвалення Беларусі ў Магілёве ўстаноўлены помнік “Дзецям вайны”. Іх аўтарам з’яўляецца У. Слабодчыкаў. У снежні 2010 г. каля Дома Ваньковічаў у Мінску адбылося адкрыццё скульптурнай кампазіцыі “Раніца мастака” (2000–2010), прысвечанай жывапісцу XIX ст. В. Ваньковічу. Уладзімір Іванавіч – аўтар кампазіцыі спецыяльнага прыза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення” (яго ўручаюць удзельнікам міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”), мемарыяльнага знака для былога жаночага лагера Равенсбрук у Германіі, а таксама трыпціха “Восеньскія святы” для будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Работы У. Слабодчыкава атрымалі шырокае прызнанне на сусветных выстаўках і форумах: 2004 г. – удзельнік I Міжнароднага сімпозіума скульптуры ў Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), 2006 г. – III прэмія ў конкурсе “Скульптурнае афармленне Алімпійскага парку” ў Пекіне (Кітай). Сёння яго творы можна ўбачыць у Мінску, Нясвіжы, Рэчыцы, Маскве, галерэях Італіі, Германіі, Швейцарыі, ЗША і іншых краін свету.
За плённую вучэбна-педагагічную дзейнасць і асабісты ўклад у выяўленчае мастацтва У. Слабодчыкаў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2006), а ў 2011 г. скульптару прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі”.