Дата нараджэння:
25.02.1957 Іванаўка, в., Касцюковіцкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
23.04.2004
Кароткая даведка:
паэт, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1988), Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1998)
Варыянты імя:
Пісьмянкоў Алесь
Імёны на іншых мовах:
Письменков Александр Владимирович (руская); Письменков Алесь (руская);
3150 сімвалаў
Даведка
Адным з самых яркіх паэтаў, што прыйшлі ў беларускую літаратуру ў 70-я гады мінулага стагоддзя, быў Алесь (Аляксандр Уладзіміравіч) Пісьмянкоў.
Нарадзіўся паэт у вёсцы Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў спачатку ў Касцюковіцкай раённай газеце. Некаторы час з’яўляўся намеснікам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”, галоўным рэдактарам штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, узначальваў рэдакцыю часопіса “Вожык”.
Першыя вершы А. Пісьмянкова былі надрукаваны ў 1972 г. у Касцюковіцкай раённай газеце, а першая паэтычная кніжка “Белы камень” – у 1983 г. Асноўныя тэмы кнігі – айчынная гісторыя, мова, літаратура. Карані паэта былі ў вёсцы, таму менавіта яе прыгажосць, вясковыя краявіды апісаны ў яго вершах з асаблівым замілаваннем. Пасля гэтага зборніка выходзілі яго кнігі – “Чытаю зоры” (1988), “Планіда” (1994), “Вершы” (1997), “Журавель над студняй” (1998). У 2000 г. на пераломе двух стагоддзяў у знакамітай серыі “Беларуская паэзія XX стагоддзя” выйшла яго выбранае “Я не памру, пакуль люблю”. Штогод вялікія падборкі вершаў паэта друкаваліся ў часопісе “Полымя” і штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. Але сваю празаічна-публіцыстычную кнігу “Думаць вершы…” (2005) паэт, на жаль, ужо не пабачыў…
Ёсць у нешматлікай спадчыне А. Пісьмянкова і творы для дзяцей. Гэтыя прыгожыя, цікавыя, з густам і веданнем мовы напісаныя вершы і казкі склалі зборнікі “Заўзятары”, “Ласуны-веселуны”, “Мы з братам”.
А. Пісьмянкоў – лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі і Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. Свае вершы А. Пісьмянкоў ніколі не прысвячаў пэўным датам, не пісаў на “злобу дня”. Яны пра тое, што было ім унутрана перажыта, што глыбока запала ў душу. Крытыкі часта параўноўваюць А. Пісьмянкова з рускім паэтам С. Ясеніным. Як і яго выдатнага папярэдніка, А. Пісьмянкова не хацела адпускаць ад сябе вёска:
У туманы клічуць сосны,
Нібы мачты караблёў.
Толькі мне збірацца позна –
Я ўжо сэрца раскалоў.
І, відаць, невыпадкова
Боллю сціснулі ціскі:
Я не твой, не свой, вясковы
І зусім не гарадскі.
“Вечар вынырнуў нясмела…”
Пісаў паэт пра свае карані, пра гераічнае мінулае сваёй радзімы (“Думы Вітаўта”, “Упартыя карані”, “Мае рэліквіі”, “Якаў Палачанін” і інш.), пісаў пра старажытныя беларускія гарады (Крычаў, Мсціслаў). Шмат яго вершаў прысвечана хрысціянскай тэматыцы, каханай. “Паэзія А. Пісьмянкова, – адзначае крытык А. Марціновіч, – не можа не выклікаць захаплення… Ягоная паэзія вабіць да сябе нязмушанасцю радка і адначасова яго надзвычайнай ёмістасцю, што нярэдка пераходзіць у філасофскую напоўненасць. Яна настолькі прачулая, што здаецца, усё, што напісана ім, выплеснута і з тваёй уражлівай душы. У ёй ёсць жыццёвая моц, але яна прываблівае і сваёй духоўнай трываласцю”*.
Памёр паэт 23 красавіка 2004 г.
* Пісьмянкоў А. Думаць вершы…: вершы, эсэ, успаміны / Алесь Пісьмянкоў. Мінск, 2005. С. 168.