Дата нараджэння: 28.07.1812
Дата смерці: 19.03.1887
Кароткая даведка: польскі пісьменнік, гісторык, публіцыст, бібліяфіл, мастацтвазнавец, грамадскі дзеяч, шмат твораў якога прысвечана Беларусі, акадэмік Акадэміі ведаў у Кракаве
Псеўданімы: Балеславіта Б.; Др. Амега; Пастарнак К.; Фіш Зянон
Імёны на іншых мовах: Kraszewski Józef Ignacy (польская); Крашевский Юзеф Игнацы (руская);
Больш за 600 тамоў раманаў i гiстарычных аповесцей – менавіта такую творчую спадчыну пакінуў пасля сябе чалавек незвычайнай адоранасці і працавітасці, славуты пісьменнік, гісторык, публіцыст і грамадскі дзеяч Юзаф Ігнацы Крашэўскі. Ужо ў наш час сусветным выданнем «Кніга рэкордаў Гінэса» ён быў прызнаны самым прадуктыўным аўтарам «эпохi гусiнага пяра».
Нарадзiўся будучы пісьменнік 28 лiпеня 1812 г. у Варшаве ў сям’i пружанскага харунжага Яна Крашэўскага. У дзяцiнстве і ў сталым узросце яго жыццё было звязана з вёскай Доўгае каля Пружан, пра якую потым у сваіх успамiнах ён пісаў: «У маленькiм Доўгiм, з маленькiм нiзкiм домiкам, з маленькай каплiцай на маленькiм узгорку, з садзiкам, з зараслямi, якiя хацелi звацца лесам, з адной сасной на полi, што засталася ад шчаслiвых часоў, у тым Доўгiм бацька i мы пражылi спакойна доўгiя гады». Аднак большую частку свайго дзяцінства Юзаф правёў на выхаванні ў бабулi i дзядулi Мальскiх у Раманаве пад Бялай Падляскай (Польшча). Па успамінах пісьменніка, гэта былі самыя шчаслівыя гады ў жыцці. Вучыўся ў блiжэйшай да Раманава школе ў Бялай, у 1827 г. паступіў у Свiслацкую гiмназiю, у 1829 г. – на лiтаратурны факультэт Вiленскага ўнiверсiтэта. Аднак хутка вучоба была перапынена арыштам і турэмным зняволеннем, звязаным з паўстаннем 1830–1831 гг.
Пасля вызвалення Юзаф жыў ў Вiльнi пад наглядам палiцыi, потым у бацькоў у Доўгім і на Валыні. У гэты перыяд прысвяціў сябе літаратурнай дзейнасці і самаадукацыі. Захапляўся гісторыяй, мастацтвам, этнаграфіяй, археалогіяй, складаў вершы, маляваў, шмат часу аддаваў музыцы, падарожнічаў па беларускіх і суседніх землях, вёў назіранні і збіраў краязнаўчы матэрыял. У 1841–1851 гг. рэдагаваў вiленскі польскамоўны часопiс «Athenaeum», які асвятляў праблемы гісторыі, культуры і грамадска-палітычнага жыцця зямель былога Вялікага Княства Літоўскага. Удзельнічаў таксама ва ўсіх польскіх перыядычных выданнях, пісаў фельетоны ў варшаўскіх газетах, а з 1844 г. быў пастаянным супрацоўнікам пецярбургскага лістка “Tygodnik”.
Да часу свайго пераезду ў Варшаву ў 1860 г. Ю. Крашэўскі стаў ужо шырока вядомым аўтарам папулярных у сучаснікаў аповесцяў і раманаў. Пісаць вершы і апавяданні, самастойна выдаваць невялічкую рукапісную газету будучы пісьменнік пачаў яшчэ ў гады вучобы ў школе. На жаль, са школьнага перыяду творчасці збераглася толькі вершаваная балада “Монастырь на горе”. Як празаiк Ю. Крашэўскі дэбютаваў у 1831 г. Пісаў аповесці і раманы на гістарычныя тэмы, нарысы пра свае шматлікія падарожжы, навуковыя працы па мастацтве, гісторыі, краязнаўстве, этнаграфіі, фальклору і інш. Усе яго творы былі напісаны цудоўным стылем і адрозніваліся ўменнем ствараць яркія мастацкія вобразы. Перапiсваўся з В. Каратынскiм, А. Плугам, А. Ельскiм, А. Кiркорам, В. Дунiным-Марцiнкевiчам i iнш. Сябраваў з мастаком Н. Ордам, настойлiва падтрымлiваў яго ў выданнi альбома.
Найбольш цікавымі для вывучэння культуры нашай краіны з’яўляюцца яго кнігі «Пiнск i Пiншчына» (1837), «Успамiны пра Палессе, Валынь i Лiтву» (1840), «Малюнкi з жыцця i падарожжаў» (1842), «Некалькі замалёвак з жыцця сельскага насельніцтва Кобрынскага павета» (1850), «Адзенне мяшчан i сялян з ваколiц Брэста, Кобрына i Пружан» (1860). У 1840–1845 гг. напісаў паэтычную трылогiю гiсторыi Лiтвы «Анафеляс», рэцэнзентам якой быў Я. Чачот. Сярод навуковых прац даследчыка: «Старажытная Лiтва. Яе гiсторыя, законы, мова, вера, звычаi, песнi…» (1847–1850), «Барысаў» (1848), «Мастацтва ў славян, асаблiва ў Польшчы i дахрысцiянскай Лiтве» (1860) i iнш. Мастацкія творы пісьменніка, прысвечаныя гістарычнаму мiнуламу Польшчы, Беларусi, Лiтвы i Украiны, заклалі асновы новага тыпу гiстарычнага рамана ў польскай лiтаратуры: «Апошнiя з слуцкiх князёў» (1841), «Зыгмунтаўскiя часы» (1846), «Залаты яблык» (1853), «Графiня Косель» (1873), «Бруль» (1874), «Старая казка» (1876) i iнш. Ю. Крашэўскі быў перакананы ў неабходнасці адмены прыгоннага права, таму ў сваіх творах часта адлюстроўваў цяжкае жыццё прыгоннага сялянства: «Гiсторыя Саўкi» (1842), «Уляна» (1843), «Астап Бандарчук» (1847), «Хата за вёскай» (1853–1854), «Ярмола» (1857), «Гiсторыя Калка ў плоце» (1860), «На Палессi» (1884).
У 1860-я гг. у Варшаве пісьменнік узначаліў выданне «Gazeta Polska». Аднак на новым месцы жыхарства ён таксама надоўга не затрымаўся: пад пагрозай новага арышту пасля пачатку паўстання 1863 г. ён быў вымушаны эмігрыраваць у Саксонiю. Жыў у Дрэздэне, шмат вандраваў, прымаў актыўны ўдзел у грамадскіх справах эмiграцыi, у 1868 г. адкрыў тут уласную друкарню. У наступныя гады жыў таксама ў Львове, Кракаве. У 1872 г. за навуковыя дасягненні Ю. Крашэўскі быў удастоены ганаровага звання акадэміка Акадэміі ведаў у Кракаве і абраны ганаровым доктарам навук ва ўніверсітэтах Кракава і Франкфурта-на-Майне. У 1883 г. саксонскія ўлады абвінавацілі яго ў шпіянажы, арыштавалі і прысудзілі да трох гадоў зняволення ў Магдэбургскай крэпасці.
Памёр Ю. Крашэўскi 19 сакавiка 1887 г. у Жэневе ад запалення лёгкiх. Труну перавезлi ў Кракаў, дзе 18 красавiка адбылося ўрачыстае пахаванне ў Склепе Заслужаных на Скалцы.
Вялікая творчая спадчына выдатнага вучонага і пісьменніка, яго жыццё і дзейнасць, на жаль, мала вядома беларускім чытачам. Апошнім часам выходзяць з друку даследчыцкія працы, прысвечаныя Ю. Крашэўскаму, перакладаюцца з польскай мовы яго творы, праводзяцца выстаўкі. Так, у снежнi 2003 г. у музеi-сядзiбе «Пружанскi палацык» (г. Пружаны, Брэсцкая вобласць) адбылася выстаўка «З Доўгага ў свет», падрыхтаваная польскімі калегамі, супрацоўнiкамі музея Ю. Крашэўскага ў Раманаве (Польшча). Гэта была першая падобная выстаўка ў Беларусi, якая прадстаўляла сабой збор са 128 копій фотадакументальных матэрыялаў, прысвечаных жыццю i творчасцi Ю. Крашэўскага, зробленых з арыгiналаў мемарыяльнага музея ў Раманаве і iншых музеяў i бiблiятэк Польшчы. У сакавiку 2008 г. у брэсцкiм музеi «Выратаваныя мастацкiя каштоўнасцi» была адкрыта яшчэ адна выстаўка «Знакамiты i малавядомы Юзаф Iгнацы Крашэўскi». У чэрвенi 2008 г. прайшла мiжнародная канферэнцыя «Ю.I. Крашэўскi – вялiкi сын зямлi надбужанскай». Дзякуючы актыўнай працы па захаваннi памяцi аб Ю. Крашэўскiм імя выдатнага творцы, гэтага “тытана працы” вяртаецца ў краіну, з якой яго звязвалі доўгія гады жыцця і творчай дзейнасці.
Матэрыял падрыхтаваны Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага ў 2012 г.