Творчасць Дзмітрыя Іванавіча Зубрыча – гэта адлюстраванне лёсу нашай краіны, цэлай эпохі ў жыцці пакаленняў мінулага стагоддзя.
Нарадзіўся спявак 1 чэрвеня 1922 г. у г. Дзергачы Харкаўскай вобласці (Украіна) у сям'і рабочага. З дзяцінства з задавальненнем слухаў, як прыгожа спявае бацька, які часта выступаў з царкоўным і аматарскім хорам. Як і бацька, Дзмітрый пайшоў рабочым на завод. Вялікая Айчынная вайна ўсё змяніла. Хлопцу давялося прайсці праз яе выпрабаванні: жудасныя баі, раненне, шпіталь. У дваццаць гадоў юнак стаў інвалідам, страціўшы кісць правай рукі. Пачаўся цяжкі перыяд жыцця. Аднойчы, вяртаючыся з Харкава пасля дарэмных пошукаў працы, ён заспяваў у прыгарадным цягніку. Вакол юнака сабраліся захопленыя пасажыры. Адзін са слухачоў параіў яму вучыцца і напісаў маленькую запіску (своеасаблівую рэкамендацыю для звароту ў кансерваторыю). Гэты выпадак аказаўся знакавым у лёсе будучага спевака: ён стаў вучнем знакамітага спевака прафесара Харкаўскай кансерваторыі П. Голубева. Перад юнаком адкрываўся зусім не вядомы раней свет музыкі. Спачатку ён паступіў у музычнае вучылішча. Пачалася самаадданая праца па 10–12 гадзін у дзень, урокі вакалу, наведванне канцэртных залаў, тэатраў. За два гады Д.І. Зубрыч скончыў вучылішча і стаў студэнтам кансерваторыі. У класе П. Голубева раскрыўся яркі талент, музычнасць і артыстызм маладога вакаліста. Партыя Анегіна ў оперы П. Чайкоўскага і вялікая камерная праграма сталі яго дыпломнай работай.
У 1954 г. выпускнік Харкаўскай кансерваторыі прыехаў у Мінск па запрашэнні легендарнага І. Жыновіча і быў прыняты салістам Беларускай дзяржаўнай філармоніі. З таго часу Беларусь стала для спевака другой радзімай. Тут ён знайшоў сваё прызванне, сустрэў каханне. Нядоўгі творчы шлях Д.І. Зубрыча склаўся цікава і быў вельмі плённым. Ён выступаў з лепшымі аркестрамі краіны, са славутымі музыкантамі, канцэртмайстрамі, чые імёны і сёння сімвалізуюць духоўнае жыццё і росквіт нацыянальнай музычнай культуры. Творчая індывідуальнасць спевака найбольш раскрылася ў камерным рэпертуары (рамансы Ф. Шуберта, Э. Грыга, М. Мусаргскага, Г. Свірыдава). Выконваў шмат народных песень, арый з опер, рамансаў і песень беларускіх кампазітараў. Цесная творчая дружба звязвала яго з кампазітарамі У. Алоўнікавым ( Д.І. Зубрыч быў першым выканаўцам гімна сталіцы “Песня пра Мінск”), І. Лучанком, Д. Смольскім, Л. Абеліёвічам, Г. Вагнерам. Пры дапамозе тонкіх інтанацыйных штрыхоў артысту ўдавалася перадаць светлую мару і сапраўдную трагедыю, іронію і бестурботную весялосць, летуценнасць і хваляванне. Ён многа выступаў з канцэртамі па гарадах Беларусі, часта выязджаў за яе межы. Адбыліся гастролі ў буйных канцэртных залах Масквы, Ленінграда, Сібіры, Сярэдняй Азіі, Балгарыі, Польшчы.
За выдатныя поспехі ў галіне музычнага мастацтва Д.І. Зубрычу ў 1967 г. было прысвоена званне заслужанага артыста БССР. На працягу ўсёй творчай дзейнасці ён заўсёды захоўваў бездакорныя адносіны да работы, вельмі многа працаваў, быццам спяшаўся. Жыццё Дзмітрыя Іванавіча абарвалася, калі яму споўнілася 46 гадоў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.