Харытон Сцяпанавіч Гарагляд – адзін з выдатных вучоных-арганізатараў у галіне ветэрынарыі і жывёлагадоўлі. З яго імем звязаны станаўленне і развіццё ў Беларусі навуковых асноў ветэрынарнай санітарыі ў жывёлагадоўлі. Ён з’яўляецца таксама аўтарам распрацоўкі тэарэтычных і практычных асноў прафілактыкі захворванняў рыб, свойскіх і дзікіх жывёл.
Будучы вучоны нарадзіўся 11 кастрычніка 1898 г. у в. Стахава Пінскага павета Мінскай губерні (сёння Столінскі раён Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З маленства вымушаны быў парабкаваць у панскім маёнтку. Пачатковую адукацыю атрымаў у царкоўна-прыходскай школе, з шаснаццаці гадоў ужо працаваў рамонтным рабочым на Палескай чыгунцы. У лютым 1917 г. маладога чалавека прызвалі ў армію і адкамандзіравалі на вучобу ў ветэрынарна-фельчарскую школу. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ён добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, быў залічаны ветэрынарным фельчарам кавалерыйскага эскадрона 1-га Маскоўскага рэвалюцыйнага атрада. Потым служыў у якасці начальніка дывізійнага ветэрынарнага лазарэта і начальніка ветэрынарнай часці 1-й зводнай Сібірскай чыгуначнай дывізіі.
У 1925 г. Х. Гарагляд скончыў Кіеўскі ветэрынарна-заатэхнічны інстытут і быў прызначаны дырэктарам Канатопскай павятовай ветэрынарнай бактэрыялагічнай лабараторыі (Украіна). Падчас працы ў лабараторыі ён падрыхтаваў і апублікаваў свае першыя навуковыя працы, прысвечаныя сібірскай язве і альвеалярнай саркоме ў жывёл.
У 1928 г. Харытон Сцяпанавіч вярнуўся ў Беларусь. Працаваў ветурачом і загадчыкам ветэрынарнай лячэбніцы ў Віцебску, ардынатарам на кафедры ветсанэкспертызы Віцебскага ветэрынарнага інстытута, памочнікам дырэктара Беларускага ветэрынарна-бактэрыялагічнага інстытута і інш. У 1932 г. быў запрошаны на пасаду старшага выкладчыка ў Магілёўскі заатэхнічны свінагадоўчы інстытут, дзе за сукупнасць прац атрымаў навуковую ступень кандыдата ветэрынарных навук (1934). У 1939 г. абараніў доктарскую дысертацыю “Санітарная ацэнка рыб і ракаў у забруджаных вадаёмах”. У гады Вялікай Айчыннай вайны працягваў навуковую працу ў якасці загадчыка кафедры ветсанэкспертызы ў Троіцкім ветэрынарным інстытуце (Расія). У 1944 г. вярнуўся ў Віцебск і ўзначаліў кафедру ветсанэкспертызы ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце.
З 1949 г. Х.С. Гарагляд займаўся стварэннем Інстытута жывёлагадоўлі Акадэміі навук Беларусі і ўзначальваў яго ў 1950–1954 гг. У гэты ж час вучоны быў абраны сапраўдным членам АН Беларусі, а ў 1957–1961 гг. з’яўляўся таксама акадэмікам Акадэміі сельскагаспадарчых навук Беларусі. У 1950 г. яму прысудзілі ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі Беларусі”.
З 1956 г. Харытон Сцяпанавіч працаваў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М. Вышалескага: намеснікам дырэктара, загадчыкам аддзела, навуковым кансультантам. Пад яго кіраўніцтвам тут праводзіліся шырокія тэарэтычныя і эксперыментальныя даследаванні па ветэрынарна-санітарнай ацэнцы мяса жывёл і птушак, наяўнасці астатковай колькасці антыбіётыкаў і пестыцыдаў у прадуктах харчавання і шмат інш. Вучоны прапанаваў метад ветэрынарна-санітарнай экспертызы рыбапрадуктаў, тлушчаў і прадуктаў расліннага паходжання, стварыў апарат для абеззаражвання мяса пры прамысловай перапрацоўцы, вывучаў фізічныя ўласцівасці і хімічны склад беларускага мёду, распрацаваў методыку прымянення гетэрагеннай крыві для маладняку сельскагаспадарчай жывёлы і інш. Х.С. Гарагляд удзельнічаў у шматлікіх навуковых экспедыцыях па Беларусі, Украіне, Крыму, Сярэдняй Азіі, Каўказу, Заходняй і Усходняй Сібіры. Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 30 кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый.
Вынікі навуковых даследаванняў Х.С. Гарагляда апублікаваны ў больш чым 200 навуковых працах, сярод якіх: “Болезни и вредители рыб” (1955), “Ветеринарно-санитарные исследования продуктов животноводства и растениеводства” (1962), “Болезни диких животных” (1971) і інш. У 1964 г. падрыхтаваў падручнік “Ветэрынарна-санітарная экспертыза з асновамі тэхналогіі прадуктаў жывёлагадоўлі”, які вытрымаў у далейшым некалькі перавыданняў.
Харытон Сцяпанавіч актыўна займаўся і грамадскай дзейнасцю: выбіраўся дэпутатам Віцебскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, быў членам Прэзідыума рэспубліканскага таварыства “Веды”, членам экспертнай камісіі ВАК СССР, навукова-тэхнічнага савета Міністэрства мяса-малочнай прамысловасці, Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР, членам рэдакцыйнай калегіі часопіса “Весці Акадэміі навук БССР. Серыя сельскагаспадарчых навук” і інш. Яму, як выдатнаму вучонаму і чалавеку, былі ўласцівы высокая эрудыцыя, працаздольнасць, пачуццё абавязку, сціпласць і прастата. За шматгадовую творчую працу і навуковыя дасягненні Х.С. Гарагляд узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1951, 1966), медалямі і Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.