Заслужаны артыст Беларусі пачаў сцэнічную дзейнасць па-за межамі гэтай краіны, у рускіх тэатрах. У 1926 г. з Бярдзічаўскім тэатрам рускай драмы (Украіна) гастраляваў у Оршы, дзе з поспехам выконваў ролю Авадня ў аднайменнай п'есе паводле твора Э.Л. Войніч. У гэты ж час ён быў запрошаны ў БДТ-1 (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы), у якім працаваў акцёрам, а потым і рэжысёрам. Першым педагогам і выхавацелем артыста стаў выдатны майстар беларускай сцэны, рэжысёр, акцёр і драматург Е. Міровіч. Ён дапамог маладому артысту знайсці шлях да сапраўднага рэалістычнага мастацтва, якому М. Зораў і прысвяціў усё сваё нядоўгае жыццё. У 1934–1937 гг. ён быў адначасова і мастацкім кіраўніком Беларускага тэатра рабочай моладзі (ТРАМа), дзе ажыццявіў пастаноўкі спектакляў «Працяг будзе» (1935, роля прафесара Ведэля) і «Ася» (1936) А. Бруштэйн, «Музыканцкая каманда» Д. Дэля (1936). Прыход у ТРАМ М. Зорава з'явіўся важнай падзеяй у творчым жыцці калектыву. Ён дапамог акцёрам канчаткова развітацца са спектаклем-прадстаўленнем, дзе выканаўца не жыў на сцэне ў вобразе, а ўсхвалявана дакладваў тэкст аўтара п'есы. Пры пастаноўцы спектакляў М. Зораў патрабаваў рэалістычнага паказу жыццёвых з'яў, засяроджваў увагу на вучэбна-выхаваўчым працэсе, што спрыяла павышэнню прафесійнага майстэрства акцёраў.
У БДТ-1 М. Зораў дэбютаваў у спектаклі «Вір» Я. Рамановіча (1926), у якім ён ярка і каларытна сыграў ролю Войшалка, сына князя Міндоўга. Паспяховым было выступленне артыста ў спектаклі «Перамога» Е. Міровіча (1926). Выканаўца стварыў вобраз «чырвонага дырэктара», чалавека, які ўсе свае сілы аддае аднаўленню завода. Акцёр прадэманстраваў глыбокае пранікненне ў духоўны свет іншага чалавека. Па-мастацку пераканаўчым быў М. Зораў у ролі адмоўнага персанажа Скрылёва ў спектаклі «Гута» Р. Кобеца (1930), які набыў жывыя рысы хітрага і скрытнага ворага-кулака, з якім нялёгка змагацца, бо ён пойдзе на ўсё, каб дасягнуць сваёй мэты.
Амаль кожная роля М. Зорава – новае слова ў творчай біяграфіі акцёра. Так, значнай падзеяй стаў сцэнічны вобраз камуніста-падпольшчыка Евеля Цывіна ў спектаклі «Бацькаўшчына» паводле К. Чорнага (1933). У рамане гэтага вобраза не было, аднак, у час працы над п'есай аўтар дапісвае новую ролю спецыяльна для акцёра. У яго выкананні Евель Цывін не стаў прахадным персанажам, ён быў неабходны ў раскрыцці асноўнага канфлікту драмы. Гэты вобраз у значнай меры вызначыў ідэйнае гучанне спектакля. Акцёр раскрыў у вобразе Евеля Цывіна высакародныя рысы характару, знайшоў своеасаблівыя для яго інтанацыі і рухі.
Сярод роляў М. Зорава вылучаюцца Пылаеў («Міжбур'е» Д. Курдзіна), Ксёндз («Салавей» З. Бядулі), Бабіч («Мост» Я. Рамановіча), Незяласаў («Браняпоезд 14-69» У. Іванова), Лешч («Апошнія» М. Горкага). Першая буйная самастойная пастаноўка М. Зорава на сцэне БДТ-1 – спектакль «Платон Крэчат» А. Карнейчука (1936). П'еса была адной з самых папулярных у савецкім тэатральным рэпертуары. У ёй расказвалася пра высакародную працу ўрачоў. Міхаіл Зораў знаёміўся з дзейнасцю хірургаў, сур'ёзна вывучаў таямніцы гэтай складанай прафесіі, прысутнічаў на аперацыях у клініцы. І толькі набыўшы адпаведныя веды, ён прыступіў да рэпетыцый. Рэжысёр бачыў задачу ў тым, каб перадаць атмасферу свайго часу, паказаць, як мары лепшых розумаў чалавецтва робяцца рэальнасцю. Пастаноўшчык адзначаў, што на сцэне трэба паказваць суровую праўду, быць шчырым і пераканаўчым. Ролю Платона ў спектаклі выканаў сам М. Зораў. Як акцёру, яму былі ўласцівы інтэлектуальнасць, псіхалагічная дакладнасць, засяроджанасць, драматызм. Гэтыя акцёрскія якасці поўнасцю адпавядалі ролі. Хірург, рамантык і паэт Платон Крэчат у выкананні М. Зорава, вызначаўся вялікай абаяльнасцю, непасрэднасцю, выклікаў давер да ўсяго таго, што гаварыў і рабіў. Сцэнічны поспех быў дасягнуты дзякуючы пошукам псіхалагічнай праўды. Пастаноўка М. Зорава з'явілася прыкладам рашучага пераадолення тэндэнцый фармальнай, знешне эфектнай, але па-сутнасці беззмястоўнай ігры. Спектакль атрымаўся хвалюючым і яркім.
Пры сцэнічным увасабленні гістарычнай п'есы «Кацярына Жарнасек» М. Клімковіча (1938) рэжысёр М. Зораў імкнуўся пазбегнуць фальшывага пафасу і знешняй рамантычнасці. У спектаклі выразна прагучала асноўная думка аўтара – права народа на барацьбу за сваю свабоду.
Пачэснае месца ў творчасці М. Зорава займала класічная драматургія. Праз яе рэжысёр імкнуўся сказаць гледачу такое слова, якое ўзбагачала б яго духоўна. Самым значным дасягненнем БДТ-1 ва ўвасабленні рускай класікі была пастаноўка «Апошніх» М. Горкага (1937). Рэжысёр М. Зораў і творчы калектыў звярнуліся да п'есы, якая да таго не мела поспеху ў тэатры і за якой доўгі час трымалася рэпутацыя «несцэнічнай». БДТ-1 не толькі абверг гэта, але і стварыў такі спектакль, які стаў сапраўды класічным узорам увасаблення твора. Пастаноўка вызначалася бездакорным акцёрскім ансамблем. На Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве (1940) спектакль атрымаў высокую ацэнку тэатральнай грамадскасці. Пастаноўка з выключным поспехам ішла на сцэне тэатра больш за 25 гадоў.
У рэжысёрскіх работах М. Зораў галоўную задуму выяўляў праз акцёра, лірычную цеплыню і гумар спалучаў з насычанасцю драматызмам («Лён» Е. Міровіча, сумесна з аўтарам, 1932; «Ірынка» К. Чорнага, 1941). Міхаіл Зораў выконваў ролі як гераічнага плана, так і характарныя. Мастацтва акцёра вызначалася тонкім псіхалагізмам. Яго вобразы захаплялі страснасцю і глыбінёй. У кожнай вялікай ці маленькай ролі М. Зораў імкнуўся сказаць сваё слова. Большасць яго персанажаў – людзі са сталай жыццёвай пазіцыяй, цвёрдым характарам. Некаторым работам уласціва перавага інтэлектуальна-лагічнага пачатку, але ў лепшых ролях ён спалучаў лірычныя, эмацыянальныя і інтэлектуальныя якасці сваёй акцёрскай індывідуальнасці.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны М. Зораў быў прызначаны мастацкім кіраўніком Тэатра юнага гледача. Загінуў у мінскім гета. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.