Дата нараджэння:
07.03.1953 Драгічын, г., Брэсцкая вобласць
Дата смерці:
06.07.2017
Кароткая даведка:
жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1992), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2013)
Імёны на іншых мовах:
Kozhukh Uladzimir Uladzimiravitch (не вызначана); Кожух Владимир Владимирович (руская);
3937 сімвалаў
Даведка
Імя Уладзіміра Уладзіміравіча Кожуха добра вядома аматарам выяўленчага мастацтва. Яго творы вылучаюцца рамантычнай узнёсласцю, метафарычнасцю мыслення, тонкім мастацкім густам.
Нарадзіўся У. Кожух у Драгічыне Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Яшчэ ў сярэдняй школе хлопчык пачаў цікавіцца мастацтвам. Гэтаму спрыяла маці, якая добра малявала і прыгожа вышывала. Дзіцячае захапленне перайшло ў рашэнне вучыцца жывапісу і прывяло юнака пасля заканчэння школы ў Мінскае мастацкае вучылішча. Першыя настаўнікі Ю. Выхадцаў і А. Малішэўскі навучылі майстэрству малюнка і кампазіцыі. У 1972 г. У. Кожух паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Жывапісец і сёння з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае сваіх выкладчыкаў Б. Аракчэева і П. Крохалева. Дзякуючы ім яго студэнцкія работы вылучаліся разнастайным пошукам кампазіцыі, своеасаблівасцю тэм, глыбінёй думкі.
Самастойны працоўны шлях У. Кожуха пачаўся ў калгасе “Рассвет” імя К. П. Арлоўскага Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці, дзе ён кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва пры Палацы культуры. Не забываў пра творчасць і з 1980 г. удзельнічаў у міжнародных, рэспубліканскіх выстаўках, праводзіў персанальныя. Яго карціна “Чэрвень. 1941” (1981), прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны, экспанавалася на VII Усесаюзнай выстаўцы ў Маскве і была адзначана першай прэміяй ЦК ВЛКСМ.
У 1983 г. У. Кожух скончыў творчыя майстэрні жывапісу Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску, якія ўзначальваў М. Савіцкі. Вучыцца ў вядомага майстра было цяжка, але цікава. Уладзімір Кожух глыбока і поўна асвойваў метады яго работы, аднак імкнуўся захаваць сваю індывідуальнасць. У 1985 г. ён уступіў у Беларускі саюз мастакоў, дзе з 2007 па 2011 г. з’яўляўся старшынёй секцыі жывапісу. У 1992 г. стаў лаўрэатам прэміі прафсаюзаў Беларусі, а ў 2004 г. атрымаў ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”.
Жывапісная мелодыка палотнаў У. Кожуха напоўнена адметным гучаннем. Карціны, розныя па тэматыцы, аб’ядноўваюцца любоўю да зямлі, Радзімы, простых людзей. Народжаныя плынню, што некалі дала жыццё мастацтву перадзвіжнікаў, яны ўзрушваюць, хвалююць, захапляюць. Мастак паспяхова працуе ў станковым жывапісе, жанрах тэматычнай карціны, пейзажа, нацюрморта, партрэта. Сярод асноўных работ – карціны “Сустрэча вясны” (1985), “Сейбіт”, “Ордэнам Чырвонай Зоркі…” (абедзве 1987), “Пакінуты сад” (1989), “Зямля” (1990), “Сон Скарыны” (1991), “Над Прыпяццю” (1998), “Дзедаў лес” (2002), “Легенда” (2003), “Аплакванне” (2004), “Стары генерал і хлопчык” (2005), “Пасаг”, “Цішыня” (абедзве 2006), “Адкрыццё”, “Першы снег” (абедзве 2008) і інш. Ён таксама аўтар цыкла “Чарнобыльскі альбом” (1990–1996).
Агульнай для твораў У. Кожуха стала лірычная лінія, якая спадарожнічае дзівосным жаночым вобразам, што адлюстраваны ў карцінах “Тры грацыі” (1992), “Вытокі”, “Флора-пастушка” (абедзве 1994), “Песні вясны” (1997), “Анюта і паўлін” (2008) і інш. Яны захапляюць не толькі прыгажосцю, але і напаўняюць кожную работу светлай паэзіяй высокіх пачуццяў. У 2011 г. у Цэнтры сучаснага мастацтва адбылася персанальная выстаўка жывапісца, дзе дэманстравалася каля 70 карцін, сярод іх – “Новая дарога”, “Заслаўе. Урачысты краявід”, “Лісічкі” (напісаны ў тым жа годзе).
На працягу ўсёй сваёй творчасці У. Кожух імкнецца прытрымлівацца рэалістычных прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці. Яго карціны вылучаюцца глыбокім эмацыянальным гучаннем, тонкай каляровай гарманічнасцю, кампазіцыйнай завершанасцю. Работы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, фондзе Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, Карціннай галерэі імя Г. Х. Вашчанкі (Гомель), музеях, галерэях і прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі.