Дата нараджэння: 22.01.1933
Дата смерці: 14.07.2013
Кароткая даведка: мастак у галіне станковага жывапісу і кніжнай графікі, аўтар ілюстрацый каля дзвюх соцень выданняў, лаўрэат рэспубліканскіх і ўсесаюзных конкурсаў "Мастацтва кнігі"
Імёны на іншых мовах: Los Alena Gheorghyeuna (англійская); Лось Елена Георгиевна (руская);
Не адно пакаленне хлопчыкаў і дзяўчынак выхоўвалася і выхоўваецца на малюнках вядомага беларускага мастака Алены Георгіеўны Лось, якая з любоўю малюе краявіды роднай зямлі, птушак і звяроў, кветкі і нацюрморты.
Нарадзілася яна ў 1933 г. у Вільнюсе. Дзіцячыя гады А. Лось звязаны з Пружаншчынай, дзе амаль 16 гадоў жыла спачатку ў м. Лыскава, потым у в. Магілёўцы і Ружанах. Пасля вайны сям’я пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Мінск. Вучылася А. Лось на аддзяленні графікі і ілюстрацыі Дзяржаўнага мастацкага інстытута Літвы, які скончыла ў 1955 г. Там яна авалодала прыёмамі работы з жывой натурай, атрымала навыкі ў малюнку і кампазіцыі, але, каб стаць сапраўдным майстрам сваёй справы, гэтага было недастаткова. Алена Лось шукала свой стыль, тэму і тэхніку ў афармленні кніг. У 1963 г. стала членам Беларускага саюза мастакоў.
Творчы шлях А. Лось пачынала ілюстратарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. У гэты перыяд разам з майстрамі кніжнай графікі аформіла кнігі-казкі “Маша і мядзведзь”, “Пшанічны каласок”. З 1960-х гг. у графіцы мастака народныя, нацыянальныя матывы займаюць усё большае месца. Пачала часта падарожнічаць па Беларусі. Яе цікавіў сялянскі побыт: уважліва назірала за тым, як жывуць вяскоўцы, чым займаюцца, як упрыгожваюць свой быт. Захапіўшыся беларускай народнай творчасцю, занатоўвала ўзоры арнаментаў, узятых з ручнікоў, сурвэтак, жаночых нацыянальных строяў, фартухоў, абрусаў, збірала народныя песні, прыпеўкі, жарты, прыказкі і прымаўкі. Усё гэта дало магчымасць знайсці сваё месца ў мастацтве, стварыць цікавы, адметны почырк. Нараджаліся яркія, сакавітыя замалёўкі, эцюды, карціны, убачаныя ў вандроўках. Яна па-свойму пачала інтэрпрэтаваць фальклор, стыль работы стаў самабытным, лёгка пазнавальным. Менавіта да гэтага перыяду адносяцца першыя поспехі ў кніжнай ілюстрацыі. Пачала працаваць А. Лось не толькі над асобнымі казкамі, але і над зборнікамі казак, а гэта складаней, паколькі ў зборніку звычайна сабраны разнастайныя па змесце казкі – бытавыя, чарадзейныя, пра жывёл. Кніжная графіка мастака ў асноўным адрасавана дзецям. Шырокаму колу чытачоў вядомы аформленыя ёй выданні беларускіх народных казак “З рога ўсяго многа” (1968), “Залатая яблынька” (1974), “Іван Світаннік” (1982), “Разумная дачка” (1988), “Два маразы” (1990), а таксама кнігі для дзяцей “Вераб’ёвы госці” А. Якімовіча (1960), “Дударык” В. Віткі (1964, з Г. Якубені), “Скарб” З. Бядулі (1965, 1975), “Кую-кую ножку” А. Дзеружынскага (1967), “За ельнічкам, за бярэзнічкам” Л. Януковіча (1969), “Ладачкі-ладкі” В. Віткі (1977), “Савось-проказник” Я. Коласа (1980), “Азбукі” А. Дзеружынскага (1997), “Грыбок, грыбок, выстаў лабок” У. Ягоўдзіка (1997), “Прыляцелі гусі а з беленькай Русі” (2003) і інш. У сваіх малюнках А. Лось ужывае лёгкую, амаль празрыстую падфарбоўку ў контурным малюнку, а ў каляровыя ілюстрацыі ўводзіць штрыхоўку, выкананую пяром, тушшу. Гэты прыём дапамагае арганічна злучыць каляровую ілюстрацыю з тэкставым наборам. Праз увасабленні шматгранных і разнастайных вобразаў А. Лось выяўляе любоў да роднай зямлі, свой свет цеплыні і радасці даносіць да кожнага сэрца. Выданні, аформленыя мастаком, блізкія дзіцячаму ўспрыманню. У даступнай форме кнігі даюць маленькаму чытачу шырокае ўяўленне аб самым блізкім – краіне, сваіх каранях. У мастака многа работ, дзе героямі з’яўляюцца дзеці. У малюнках яны – сярод прыроды. У пейзажны фон А. Лось дадае тую расліннасць, якая найбольш прыгожая ў дадзеную пару года. Танальнасць колеру гарманіруе з колерам кожнай пары года. У 1984 г. убачыла свет кніжка для дзяцей “Дзесяць дзён у Барку”. Матэрыял, сабраны ў выніку шматгадовых вандровак, лёг у яе аснову. Аўтарам апавяданняў і ілюстрацый з’яўляецца сам мастак. Алена Лось перадае ўражанні гарадскога хлопчыка, які дзесяць дзён правёў у вёсцы. Ён пазнаёміўся з працай калгасных кавалёў, сельскагаспадарчай тэхнікай, рознымі бакамі жыцця вёскі. У хлопчыка не хапае слоў, каб перадаць усю паўнату таго, што бачыць. Тут аўтара-пісьменніка дапаўняе аўтар-мастак. Кніга ўражвае сваім колеравым рашэннем. Кожная ілюстрацыя як маленькае самастойнае жывапіснае палатно са сваім сюжэтам, вобразамі, кампазіцыяй.
Паралельна з аздабленнем дзіцячых кніг і часопісаў А. Лось актыўна працуе ў галіне станковай графікі. Мастак выдатна адчула магчымасці тэхнікі лінарыта, адаптавала яе да сваіх творчых задум. Сярод станковых твораў – серыі “Дзеці Белавежы” (1966), “Песні заходніх славян” (1974), “Партрэты беларускіх пісьменнікаў” (1979), “Пад палескімі дубамі” (1981), “Ляўкі” на вершы Я. Купалы (1982), “Людзі на Прыпяці” (1984–1989), “Ружанскія паданні” (1991), “Народныя беларускія калыханкі” (1992–1993), цыкл малюнкаў да твораў Я. Коласа “Казкі жыцця” (1998). Паспрабавала свае здольнасці А. Лось і ў жывапісе. З захапленнем працуе над нацюрмортамі. Творы ўражваюць лёгкасцю, з якой яны намаляваны. Жывапісныя работы багаты на фактуры і шчодрае каларыстычнае вырашэнне. Мастак знайшла вельмі ўдалую форму падачы, што дапамагае перадаваць глыбокія і тонкія пачуцці – замілаванасць, радасць, шчырае захапленне. Кожная кветка на палатне ці кардоне мае сваю індывідуальную форму, кожны пялёстак – непаўторнае адценне. У нацюрмортах прысутнічае жывое дыханне раніцы ці вечаровая сцішанасць, усміхаюцца майскія сонечныя зайчыкі ці сумуюць пасмачкі восеньскіх туманаў.
Алена Лось актыўна супрацоўнічае з выдавецтвамі. Шмат гадоў усмешлівымі тварыкамі дзяцей і забаўнымі выявамі жывёл любаваліся чытачы дзіцячага часопіса “Вясёлка”. За дзесяцігоддзі творчай дзейнасці А. Лось аздобіла цэлую бібліятэку самых розных выданняў, адзначаных ганаровымі дыпломамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Акварэлі і літаграфіі добра вядомы ў краіне і за яе межамі. Работы мастака ўвайшлі ў другі том энцыклапедыі “Савецкая кніжная ілюстрацыя”, дзе прадстаўлены найлепшыя ілюстратары савецкага часу. Алена Георгіеўна ўзнагароджана медалямі імя Васіля Віткі часопіса “Вясёлка” (1988), “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” Беларускага саюза мастакоў (2000), Францыска Скарыны (2003). У 2009 г. выйшаў альбом “Алена Лось: жывапіс, графіка”, прысвечаны творчасці выдатнага майстра. Сёння творы А. Лось знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і Беларускага саюза мастакоў, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.