Заслужаная артыстка Беларусі Любоў Рыгораўна Румянцава добра вядома аматарам кіно. У шматлікіх мастацкіх і тэлевізійных стужках яна стварыла запамінальныя вобразы, якія падкупляюць сваёй непасрэднасцю, шчодрасцю душы і шчырасцю таленту.
Нарадзілася актрыса ў Пяцігорску Стаўрапольскага краю (Расія). З дзяцінства праяўляла цікавасць да спорту. Двойчы станавілася чэмпіёнкай Малдавіі па настольным тэнісе, займалася гімнастыкай, веласпортам, але лёс яе склаўся па-іншаму. Пачалося ўсё з таго, што яе, дзевяцікласніцу кішынёўскай школы, аднойчы запрасілі на кінастудыю “Малдовафільм”, дзе прапанавалі сыграць ролю Аўрыкі ў карціне “Калыханка” (1959).
Пасля заканчэння школы паступіла ў Маскоўскі дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва імя А. В. Луначарскага. У вучэбных спектаклях сыграла цікавыя ролі, пра якія можна толькі марыць. Маладую актрысу заўважыў рэжысёр А. Ганчароў і пасля заканчэння інстытута ў 1964 г. запрасіў у Маскоўскі драматычны тэатр на Малой Броннай. Невядома, як бы склаўся далейшы творчы шлях у тэатры, калі б не выпадак. Аднойчы ў адным са спектакляў Л. Румянцаву ўбачыў кінарэжысёр кінастудыі “Беларусьфільм” Б. Сцяпанаў, які рыхтаваўся да здымак фільма “Альпійская балада” і шукаў выканаўцу на ролю Джуліі. Так з 1966 г. актрыса апынулася ў Мінску і пачала працаваць на кінастудыі. Работа ў карціне “Альпійская балада” прынесла ёй усесаюзную і сусветную славу, любоў і прызнанне гледачоў. На фестывалі “Прыбалтыйская вясна” ў 1966 г. Л. Румянцава стала ўладальніцай дыплома “За лепшае выкананне жаночай ролі”. Дэбют у “Альпійскай баладзе” прадвызначыў увесь далейшы лёс актрысы. Амаль кожны год выходзілі фільмы з яе ўдзелам.
Любоў Румянцава сыграла больш за 60 роляў у кіно. У кожнай з іх імкнулася данесці да гледача ўвесь агонь свайго натхнення, перадаць думкі і пачуцці, якія валодаюць яе гераінямі, абудзіць цікавасць да іх жыцця. З кожнай новай кінастужкай расла ўпэўненасць у сабе, у сваіх магчымасцях, назапашваўся вопыт. Актрысе ўласцівы выразная пластыка, экспрэсіўнасць, уменне выявіць духоўную сутнасць персанажа. Гераіні Л. Румянцавай адметныя разнастайнасцю і ёмістасцю характарыстык. Гэта натуры неадназначныя, у іх арганічна спалучаюцца дзіцячая безабароннасць і сталая мужнасць, юнацкая гарэзлівасць і жаноцкасць, бытавы рэалізм і высокая паэзія. Яркае пацвярджэнне гэтаму ролі ў фільмах “Прыгодны да нестраявой” (1968, Лена), “Бацька” (1971, Ніна), “Міравы хлопец” (1971, Дэлія), “Дарога на Рубецаль” (1971, Людміла Чарнова), “Учора, сёння і заўжды” (1972, Галіна), “Вялікі ўтаймавальнік” (1974, Лена), “Надзейны чалавек” (1975, Вера), “Марынка, Янка і таямніцы каралеўскага замка” (1976, прынцэсы Віктуся і Кактуся), “З кошкі ўсё і пачалося” (1982, настаўніца), “Раптоўны выкід” (1984, Люба), “Мы едзем у Амерыку” (1990, мама), “Зала чакання” (1995, эпізод), “Птушкі без гнёздаў” (1996, жонка прэзідэнта), “Паклоннік” (1999, адвакат), “Акупацыя. Містэрыі” (2003, Барбара), “Крах фаварыта” (2009, Лілія Іванаўна), “Жураў” (серыял) (2009, мама Наташы Фафанавай) і інш.
Любоў Румянцава плённа спалучае работу на здымачнай пляцоўцы з рэпетыцыямі і спектаклямі ў тэатры. Спачатку працавала ў Дзяржаўным рускім драматычным тэатры БССР імя М. Горкага, а з 1981 г. з’яўляецца актрысай Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Яе настойліва называюць расійскай актрысай, але сама лічыць, што лепшыя свае ролі выканала на беларускай сцэне. Ад вострахарактарных, драматычных вобразаў сучасніц – Веры ў “Качыным паляванні” А. Вампілава, Наташы Голубевай у “Сам-насам з усімі” А. Гельмана, удавы ў “Дзіваку з Ганчарнай вуліцы” І. Чыгрынава – да камедыйных – у п’есах А. Астроўскага – такі творчы дыяпазон Л. Румянцавай на тэатральнай сцэне. Яе праца ў тэатры з’яўляецца прыкладам таленавітага і самаадданага служэння мастацтву і сваёй прафесіі. Большасць сцэнічных вобразаў знаходзіла сама, рэпеціравала дома, а потым прапаноўвала рэжысёрам. Запомніліся гледачам ролі, выкананыя ў спектаклях “Таленты і паклоннікі” А. Астроўскага (Домна Панцялееўна; прыз за лепшую жаночую ролю на Рэспубліканскім тэатральным фестывалі “Маладзечанская сакавiца – 98”), “Філумена Мартурана” Э. Дэ Філіпа (Філумена; прыз за лепшую жаночую ролю на Рэспубліканскім тэатральным конкурсе Мінскага кінафестывалю “Лістапад-99”), “Пігмаліён” Дж. Б. Шоу (Місіс Хігінс) і іншых, што сталі з’явай на тэатральных падмостках краіны і прынеслі Л. Румянцавай заслужаную любоў гледачоў і прызнанне крытыкаў.
Любоў Рыгораўна з’яўляецца членам Саюза тэатральных дзеячаў Рэспублікі Беларусь. У 2003 г. пра актрысу быў зняты дакументальны фільм “Любоў”. За высокі прафесіяналізм, плённую дзейнасць у галіне культуры Л. Румянцава была ўзнагароджана шматлікімі дыпломамі і медалямі, а ў 2008 г. удастоена ордэна Францыска Скарыны. Акрамя ўсяго, яна яшчэ і клапатлівы педагог, які не шкадуе сіл і часу, каб перадаць свой багаты жыццёвы і творчы вопыт маладым артыстам.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.