Мастак Уладзімір Лукашык нарадзіўся у Мінску ў звычайнай сям'і: бацька інжынер-машынабудаўнік, маці – бухгалтар. У 1970 г. пасля заканчэння сярэдняй школы № 11 імя А.П. Чэхава паступіў на факультэт архітэктуры Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). Праз два гады перайшоў на кафедру прамысловага мастацтва Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), дзе вывучаў тэхнічную эстэтыку (дызайн). Аднак сваё жыццё Уладзімір Лукашык звязаў не з архітэктурай і дызайнам, а з выяўленчым мастацтвам – стаў мастаком-графікам.
Працуе У. Лукашык ў станковай і кніжнай графіцы (аловак, літаграфія, афорт, змешаная тэхніка). У мастацкіх выставах мастак прымае ўдзел з 1977 г. Работы майстра прыкметна адрозніваюцца ад работ сучасных беларускіх графікаў. Найбольш вядомымі творамі з’яўляюцца лісты «Лістападаўскі вецер», «Агароджа», «Спосаб існавання», «Брама», «Неадольнасць», «Цішыня»; серыі «Тым, хто ведае шлях», «Пераадоленне», «Пожня», «Рэшта»; каліграфічныя кампазіцыі «Паводле П. Багрыма», «Уводзіны ў беларускую філалогію» («Кола», «Ярмо», «Воля», «Дол», «Збожжа»). Уладзімір Лукашык – аўтар ілюстрацый да кніг «Меч князя Вячкі» Л. Дайнекі (1987, 2000), «Мелодыі забытых песень» (1988), «Марсіянскае падарожжа» (1990) В. Гігевіча, «Гаспадар-камень» Г. Далідовіча (1987), «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» П. Васючэнкі (2003), «Міндаўг-Mindauh: пачатак гаспадарства» А. Краўцэвіча (2005).
У працах Уладзіміра Лукашыка ёсць некалькі любімых тэм, якія так ці іначай прысутнічаюць у кожнай з яго работ: гістарычныя матывы, тэма процістаяння зла і дабрыні, памяці і бяспамяцтва, прыгажосці і пачварнасці – усё гэта мастак імкнецца выразіць і абагульніць на філасофскім узроўні, аб'яднаць мінулае, сучаснае і будучыню. Да першай спробы мастака ў рабоце з гістарычнай прозай можна аднесці ілюстрацыі да рамана Г. Далідовіча «Гаспадар-камень» (1987). Уладзімір Лукашык стварыў серыю філігранна выкананых малюнкаў і заявіў аб сабе як віртуозны майстар гістарычных дэталяў.
Аздабляючы ілюстрацыямі кнігу Л. Дайнекі «Меч князя Вячкі» (1987), мастак старанна вывучаў старажытныя беларускія строі, прадметы побыту, узбраенне таго часу. Яго вельмі ўразіла высакароднасць і сумленнасць нашых продкаў, іх сіла духу. Свае ўражанні У. Лукашык пастараўся перанесці на паперу, удала перадаў атмасферу часу, гераізм лепшых прадстаўнікоў народа, іх стойкасць і мужнасць.
Уладзімір Лукашык – аўтар выдатнага мастацкага афармлення і ілюстрацый да кнігі Алеся Краўцэвіча «Міндаўг-Mindauh: пачатак гаспадарства» (2005). У 2007 г. мастак-ілюстратар стаў пераможцам дзясятага рэспубліканскага конкурсу «Мастак і кніга» і першага рэспубліканскага конкурсу на лепшую беларускую ілюстрацыйную паштоўку ў намінацыі «Родныя напевы».
Творчая манера У. Лукашыка вельмі разнастайная: у яго творах прысутнічаюць элементы сучаснага авангардызму, рэалістычная дакладнасць дэталяў, выпісанасць, сюжэтнасць, яго вабіць дакументальнае адлюстраванне прадметаў матэрыяльнай культуры мінуўшчыны. Мастак – уважлівы сведка рэчаіснасці, ён вывучае і перадае нават самую дробную дэталь. З дзяцінства Уладзімір Лукашык любіць коней, праз гэты вобраз ён найбольш выразна выказвае свае эмоцыі, пачуцці, развагі, парывы (кампазіцыі «Поступ», «Рух», лісты «Зацугляны», «Конь ў інтэр'еры»і інш.).
Мастацкую дзейнасць Уладзімір Лукашык паспяхова сумяшчае з педагагічнай: працуе старшым выкладчыкам на кафедры малюнка, жывапісу і скульптуры факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, выступае з артыкуламі ў перыядычным прафесійным друку, прымае ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях.
У 1983 г. малады мастак стаў дыпламантам Усесаюзнага конкурсу «Мастацтва кнігі», у 2004 г. – быў узнагароджаны прэміяй «За лепшае выданне года» Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» за дызайн, афармленне і ілюстрацыі да кнігі П. Васючэнкі «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі», неаднаразова станавіўся дыпламантам Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» (1983, 2001, 2006).
Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондзе Беларускага саюза мастакоў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.