Барыс Барысавіч Цітовіч нарадзіўся ў г. Коркіна (Расія) у сям’і ваеннага. У 1963 г. ён разам з сям’ёй пераехаў у Мінск, дзе скончыў мастацкую школу. У 1966 г. паступіў на аддзяленне графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Вучыўся ў П. Любамудрава, В. Шаранговіча. Пасля заканчэння інстытута ў 1972 г. служыў у арміі. Потым працаваў у выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Беларусь», дзе займаўся ілюстраваннем кніг. За ілюстрацыі да раманаў І. Мележа «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» (1973) мастак быў удастоены дыплома ІІ ступені на Усесаюзным конкурсе «Мастацтва кнігі» (Масква, 1975). Усяго ім было праілюстравана каля двух дзясяткаў кніг беларускіх пісьменнікаў, сярод якіх «Дзве аповесці» В. Казько (1977), «Завеі, снежань» І. Мележа (1978), «Пушча» В. Карамазава (1979), «Марат Казей» П. Броўкі (1980), зборнік вершаў і паэм «Песня свабоды» Я. Купалы на малдаўскай мове (1982), «Летуценнік» і «Смутак белых начэй» І. Навуменкі (1985), «Ля крыніцы: аповесці» Я. Брыля (1986), «Зеніт» І. Шамякіна (1987) і інш. Творы Б.Б. Цітовіча, на думку мастацкіх крытыкаў, звяртаюць на сябе ўвагу жыццёвай праўдай, рэльефнасцю вобразаў, уменнем перадаць характар героя і каларыт мастацкага тэксту.
З 1974 г. пачаўся новы этап жыцця мастака. Барыс Барысавіч з сям’ёй пакінуў сталіцу і пераехаў жыць у в. Заброддзе Вілейскага раёна Мінскай вобласці. У гэты перыяд акрамя ілюстрацый да мастацкіх твораў майстар стварыў некалькі графічных серый, прысвечаных ваеннай тэматыцы і жыццю ў вёсцы, – «Памяці Брэста» (1975), «Поры года» (1978), «Салдацкім удовам прысвячаецца» (1981), «Мае аднавяскоўцы» (1982), «Сялянскі накцюрн» (1983), «Тыя, хто перанёс вайну» (1985), «Хроніка з нататкамі на палях» (1986) і інш. У 1975 г. стаў адным са стваральнікаў і мастаком-пастаноўшчыкам Нарачанскага ўзорнага дзіцячага вандроўнага тэатра «Ялінка». У 1992 г. разам з жонкай далучыўся да працы па стварэнні Музейнага комплексу старажытных народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі» (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці). Дзякуючы іх намаганням у музеі былі ўзноўлены забытыя рамёствы і беларускія народныя промыслы, абсталяваны рэстаўрацыйная майстэрня, сталярны і ганчарны цэхі, пякарня і інш. Рэстаўрацыяй кузні мастак займаўся сам.
Жывучы ў вёсцы, майстар паступова перастаў супрацоўнічаць з выдавецтвамі і зацікавіўся гісторыяй навакольных мясцін Заброддзя. У прылеглым да вёскі ўрочышчы Абоз ён знайшоў запушчаныя пахаванні і пры дапамозе архіўных дакументаў і сведчанняў аднавяскоўцаў вызначыў, што адносіліся яны да перыяду Першай сусветнай вайны і належалі 1-му ваеннаму шпіталю 29-й пяхотнай дывізіі 20-га армейскага корпуса 2-й рускай арміі. Дзякуючы мастаку салдацкія могілкі набылі прыстойны выгляд. У 1998 г. у в. Бараўцы, таксама непадалёк ад Заброддзя, намаганнямі Б.Б. Цітовіча ў гонар 80-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны была ўзведзена каплічка. Крыху пазней побач з в. Рускае Сяло быў пастаўлены помнік на яшчэ адных выяўленых салдацкіх могілках гэтага ж перыяду. У 2005 г. Барыс Барысавіч па ўласным праекце заклаў будаўніцтва Барысаглебскай мемарыяльнай капліцы-помніка ў Заброддзі. У выніку шматгадовай працы па аднаўленні памяці аб загінуўшых вайскоўцах усе гэтыя і некаторыя іншыя аб’екты ў Вілейскім раёне сталі часткай створанага мемарыяльнага комплексу «Памяці падзей Першай сусветнай вайны на Вілейшчыне», які стаў вядомы далёка за межамі Беларусі. З 2005 г. Б.Б. Цітовіч з’яўляецца навуковым супрацоўнікам Вілейскага краязнаўчага музея па стварэнні гэтага комплексу, вядзе адукацыйную работу з моладдзю, стаў ініцыятарам і здзяйсняльнікам шматлікіх культурных і гістарычных праектаў на Вілейшчыне.
У апошнія гады мастак працягвае працу ў галіне іканаграфіі, рэстаўрацыі і прасторавай музеефікацыі ландшафтна-гістарычных слядоў Першай сусветнай вайны. Ён аўтар шэрага памятных знакаў, стваральнік некалькіх абразоў дэісуснага чыну і насценнага роспісу для царквы свяціцеля Ціхана ў Вілейцы, ініцыятар і арганізатар штогадовых мерапрыемстваў патрыятычнай і духоўна-гістарычнай накіраванасці, заснавальнік мясцовага дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду «Крокі» (Вілейка).
Мастак з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў з 1979 г. Яго працы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным літаратурным музеі Я. Купалы, фондах Беларускага саюза мастакоў, іншых музеях і прыватных зборах Беларусі, Расіі, ЗША, Германіі, Італіі, Польшчы. Барыс Барысавіч вядзе актыўнае творчае жыццё, спалучае працу прафесійнага мастака і музейнага супрацоўніка. За ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення, вывучэнне ваенна-гістарычнага мінулага краіны і ўвекавечанне памяці воінаў, загінуўшых у часы ваенных дзеянняў, мастак адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Ён стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2004), кавалерам ордэна Ф. Скарыны (2015), быў узнагароджаны медалямі і граматамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.