Савецкі фізікахімік Якаў Ківавіч Сыркін нарадзіўся ў Мінску. У 1912–1914 гг. вучыўся на хімічным факультэце ўніверсітэта Нансі (Францыя). У сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны быў вымушаны пакінуць Францыю. У 1915 г. паступіў на хімічны факультэт Рыжскага політэхнічнага інстытута, які ў сувязі з набліжэннем фронту быў эвакуіраваны ў Маскву. У 1918 г. група выкладчыкаў і студэнтаў пераехала ў Іванава-Вазнясенск, дзе быў арганізаваны Іванава-Вазнясенскі політэхнічны інстытут (ІВПІ). Стаў студэнтам ІВПІ і Я.К. Сыркін. У 1919 г. ён скончыў інстытут. Маладому інжынеру прапанавалі пасаду малодшага асістэнта кафедры агульнай хіміі ІВПІ, а ў 1922 г. яго выбралі дацэнтам гэтай кафедры. У канцы 1925 г. Я.К. Сыркіна зацвердзілі ў званні прафесара і адначасова загадчыка кафедры фізічнай хіміі інстытута. У пачатку 1926 г. ён стаў намеснікам дэкана хімічнага факультэта.
Разам з выкладчыцкай дзенасцю Я.К. Сыркін актыўна займаўся навуковай (вывучаў будову рэчыва, геаметрыю арганічных і неарганічных малекул, уласцівасці неарганічных злучэнняў). У 1929 г. праходзіў навуковую стажыроўку ў Берліне. У 1931 г. Я.К. Сыркін быў абраны загадчыкам кафедры фізічнай хіміі Маскоўскага інстытута тонкай хімічнай тэхналогіі (МІТХТ) і восенню 1932 г. пераехаў у Маскву. Вучоны узначаліў кафедру фізічнай хіміі і лабараторыю будовы малекул фізіка-хімічнага інстытута. Я.К. Сыркін займаўся даследаваннямі тэарэтычных пытанняў хіміі, распаўсюджваннем метадаў квантавай механікі на будову малекул, вывучэннем дыпольных момантаў і міжмалекулярных узаемадзеянняў у малекулярных сістэмах, даследаваннем іх вагальных спектраў, прымяненнем ізатопнага метаду для вывучэння механізму праходжання і кінетыкі хімічных рэакцый і г. д. У 1935 г. вучонаму было прысуджана званне доктара хімічных навук, у 1943 г. ён быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй і абраны членам-карэспандэнтам АН СССР. З 1967 па 1974 г. Я.К. Сыркін узначальваў аддзел Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі АН СССР. Ім быў апублікаваны шэраг навуковых прац, у тым ліку: «Химическая связь и строение молекул» (1946, разам з М.Я. Дзяткінай), «Периодическая система и проблемы валентности» (1971), пад яго рэдакцыяй выходзілі зборнікі артыкулаў «Химия изотопов» і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.