Дата нараджэння:
04.10.1854 Трасціно, вёска, Хоцімскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
24.12.1905 Расія
Кароткая даведка:
вучоны ў галіне афтальмалогіі, хірург, які зрабіў сотні бясплатных афтальмалагічных аперацый жыхарам Магілёўскай, Мінскай і Смаленскай губерняў
Варыянты імя:
Касценіч Ерафей Васільевіч
Імёны на іншых мовах:
Костенич Иерофей Васильевич (руская);
2341 сімвал
Даведка
Ерафей Васільевіч Касценіч нарадзіўся ў в. Мужычок Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні (цяпер в. Трасціно Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці). Пасля заканчэння Магілёўскай гімназіі паступіў у Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта, які скончыў у 1880 г. Працоўны шлях пачаў лабарантам у фізіялагічнай лабараторыі ўніверсітэта, адначасова навучаўся ў Санкт-Пецярбургскай ваенна-медыцынскай акадэміі. У 1883 г. паспяхова здаў экзамен на званне ўрача (спецыяльнасцю абраў афтальмалогію). Праз чатыры гады абараніў доктарскую дысертацыю і пачаў чытаць лекцыі па гісталогіі і эмбрыялогіі ва ўніверсітэце. У 1890 г. Е. В. Касценіч быў накіраваны ў Францыю, Германію і Аўстрыю для далейшага ўдасканалення па афтальмалогіі. Восенню 1893 г. ён вярнуўся з-за мяжы, здаў экзамен на званне клінічнага прафесара і быў прызначаны загадчыкам аддзялення хвароб вачэй ваеннага шпіталю ў Варшаве. Адначасова кіраваў Варшаўскім акруговым упраўленнем Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа. У 1897 г. быў абраны экстраардынарным прафесарам кафедры афтальмалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. З 1900 па 1905 г. Е. В. Касценіч працаваў у Санкт-Пецярбургу. Ён займаў пасаду клінічнага прафесара Мікалаеўскага ваеннага шпіталю, адначасова працаваў загадчыкам клінікі і дырэктарам лячэбніцы хвароб вачэй.
Урачэбная дзейнасць Е. В. Касценіча вызначалася пастаяннымі пошукамі новага як у практычнай, так і ў тэарэтычнай медыцыне. Ім напісана больш за 20 навуковых прац, частка з якіх была надрукавана на французскай, нямецкай і англійскай мовах. Як хірург-практык Е. В. Касценіч удасканаліў шэраг афтальмалагічных аперацый. Да прафесара за дапамогай звярталіся хворыя, якія беспаспяхова лячыліся ў буйных замежных спецыялістаў. Дзякуючы яго аперацыі і лячэнню, быў вернуты зрок славутаму хіміку Д. І. Мендзялееву. Пасля заканчэння Санкт-Пецярбургскай ваенна-медыцынскай акадэміі Е. В. Касценіч штогод у час адпачынкаў прыязджаў у в. Царкоўны Асавец (цяпер Чырвоны Асавец Быхаўскага раёна), дзе жылі яго бацькі, і бясплатна лячыў і аперыраваў сялян.
Праз усё жыццё пранёс Е. В. Касценіч любоў да родных мясцін. Ён памёр 24 снежня 1905 г. у Санкт-Пецярбургу і быў пахаваны (згодна запавету) у в. Чырвоны Асавец. У 1964 г. на яго магіле пастаўлены абеліск.