26 чэрвеня 1945 г. быў падпісаны Статут Арганізацыя Аб'яднаных Нацый (ААН) – міжнароднай арганізацыі, створанай для падтрымкі і ўмацавання міжнароднага міру і бяспекі, развіцця супрацоўніцтва паміж дзяржавамі. У якасці генеральнага сакратара дэлегацыі Беларускай ССР пад Статутам ААН паставіў свой подпіс Фрол Парфіравіч Шмыгаў.
Гісторык, педагог і дыпламат Ф.П. Шмыгаў нарадзіўся ў Расіі. Скончыў Пермскі педагагічны інстытут (цяпер Пермскі дзяржаўны гуманітарна-педагагічны ўніверсітэт) (1935), Вышэйшую дыпламатычную школу Наркамата замежных спраў СССР (1944). Пэўны час працаваў на пасадзе выкладчыка і загадчыка кафедры ў родным інстытуце. У 1944–1949 гг. Ф.П. Шмыгаў працаваў у Міністэрстве замежных спраў БССР у якасці загадчыка аддзела, узначальваў камісію па замежных справах Вярхоўнага Савета БССР (1971–1975).
У красавіку – чэрвені 1945 г. Ф.П. Шмыгаў прымаў удзел у рабоце Сан-Францыскай канферэнцыі, дзе працаваў у камісіі па рэдагаванні Статута ААН, дзе выступаў у абарону беларускага праекта рэзалюцыі аб выдачы і пакаранні нацысцкіх злачынцаў, даказваў безпадстаўнасць дамаганняў Італіі на югаслаўскія тэрыторыі і прапаноўваў прынцыповыя папраўкі да праектаў пагадненняў аб апецы над калоніямі Англіі, Францыі і ЗША.
З 1949 г. прафесар Ф.П. Шмыгаў зноў звярнуўся да педагагічнай працы: выкладаў у Мінскім педагагічным інстытуце замежных моў (цяпер Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт), Беларускім дзяржаўным універсітэце (1949–1970), Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, 1970–1987). У гэты час прафесар Ф.П. Шмыгаў даследаваў пытанні гісторыі сацыялістычнага будаўніцтва, нацыянальна-вызваленчага руху ў краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Пад яго навуковым кіраўніцтвам было падрыхтавана, напісана і абаронена больш дзесяці кандыдатскіх дысертацый. Намаганні вучонага і педагога былі адзначаны ганаровым званнем «Заслужаны работнік вышэйшай школы Беларусі» (1972).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.