Яраполк Ізяславіч (імёны пры хрышчэнні Пётр і, верагодна, Гаўрыіл), сын Ізяслава Яраславіча
Дата нараджэння:
паміж 1043 і 1050
Дата смерці:
1086 ці 1087
Кароткая даведка:
князь полацкі, уладзіміра-валынскі, тураўскі, святы Рускай Праваслаўнай царквы
Варыянты імя:
Гаўрыіл; Пётр
Імёны на іншых мовах:
Гавриил (руская); Пётр (руская); Ярополк Изяславич (руская);
1874 сімвалы
Даведка
Дакладная дата і месца нараджэння Яраполка Ізяславіча невядомы. Лічыцца, што нарадзіўся ён паміж 1043 і 1050 гг. у сям’і Ізяслава Яраславіча, князя тураўскага і вялікага князя кіеўскага, старэйшага сына Яраслава Мудрага, і княжны Гертруды, дачкі польскага караля Мешка ІІ. Пра пачатковы перыяд жыцця Яраполка Ізяславіча звестак не захавалася. Вядома, што ў 1071 г. ён удзельнічаў у бітве з полацкім князем Усяславам Брачыславічам пад Галацічаскам і перамог яго. З 1073 г. разам з бацькам і братам Святаполкам Ізяславічам некаторы час знаходзіўся ў выгнанні, шукаў ваеннай падтрымкі ў Польшчы і Германіі. У 1075 г. прыняў каталіцтва пад імем Пётр і заключыў дагавор з рымскім папам Грыгорыем VII. Згодна з дамоўленнасцю, Яраполк Ізяславіч прызнаваўся “рускім каралём” і атрымліваў дапамогу ў барацьбе за кіеўскі трон у абмен на абяцанне ператварыць Русь у “лен святога Пятра”.
Пасля вяртання на радзіму Яраполк Ізяславіч пачаў будаўніцтва храма ў Кіеве ў гонар свайго нябеснага патрона. Ён атрымаў ад бацькі ў валоданне Вышгарад (зараз горад у Кіеўскай вобласці, Украіна), а ў 1078 г. стаў князем уладзіміра-валынскім і, паводле некаторых звестак, князем тураўскім. Недзе ў гэты ж перыяд Яраполк Ізяславіч прыняў праваслаўе, верагодна пад імем Гаўрыіл. Пасля некалькіх гадоў праўлення ў выніку міжусобіц, выкліканых складанасцю правоў на княжанне і пераблытанымі сваяцкімі адносінамі, быў забіты 22 лістапада 1086 ці 1087 г. Пасля смерці цела князя было перанесена ў Кіеў і пахавана ў пабудаванай ім царкве святога Пятра на тэрыторыі Дзмітрыеўскага манастыра (не захаваліся).
Руская праваслаўная царква прылічыла Яраполка Ізяславіча да ліку святых пад імем Пётр. У праваслаўнай гісторыі пра яго захаваліся звесткі як чалавека пакорлівага, рахманага і набожнага. Дзень памяці святога адзначаецца 22 лістапада.