Барталамей Папроцкі нарадзіўся ў Папроцкай Волі (Мазовія, Польшча) у сям’і дробнага шляхціца Анджэя і Эльжбеты з роду Яжэўскіх. Лічыцца, што адукацыю ён атрымаў у Кракаўскай акадэміі. Некаторы час служыў пры двары галіцкага чашніка і пасла Рэчы Паспалітай у Турцыі А. Тараноўскага, разам з якім наведаў Канстанцінопаль (сучасны Стамбул). Пасля вяртання ў родныя мясціны займаўся літаратурнай творчасцю, быў падчашым добрыньскім, прымаў актыўны ўдзел у палітычнай барацьбе за польскі трон на баку Габсбургаў. Пасля перамогі партыі Жыгімонта ІІІ Вазы, вымушаны быў пакінуць Польшчу і накіравацца ў Маравію. Знаходзячыся за мяжой, Б. Папроцкі пісаў паэтычныя творы, займаўся гістарычнымі і геральдычнымі даследаваннямі Чэхіі. У 1610 г. вярнуўся ў Рэч Паспалітую, жыў у Ванхоцку, Лодзі (сучасная Польшча), працягваў пісаць. Памёр і быў пахаваны гісторык у Львове (сучасная Украіна) у 1614 г.
Займацца літаратурнай творчасцю Барталамей Папроцкі пачаў недзе з 1575 г. Пісаў на латыні, польскай і чэшскай мовах. Атрымаў вядомасць як аўтар твораў па генеалогіі Рэчы Паспалітай. Яго першая вялікая праца “Паноша, гэта значыць праслаўленне паноў і панят рускіх зямель за мужнасць, маральнасць і іншыя добрыя справы” (1575) уяўляла сабой вершаваны гербоўнік заходне-ўкраінскіх зямель. У працы “Гняздо цноты” (1578) змясціў звесткі пра некаторыя роды і паходжанне гербаў. Найбольш поўным яго сачыненнем стаў генеалагічны твор у пяці тамах “Гербы польскага рыцарства” (1584). Пры напісанні яго даследчык карыстаўся хронікамі Кадлубка, Башкі, Я. Длугаша і іншых, дакументамі, што захоўваліся ў замках і кляштарах, сямейнымі хронікамі, судовымі кнігамі, актамі Кароннай метрыкі, некралогамі, надмагільнымі надпісамі. Чацвёртая кніга “Гербаў” была прысвечана сімвалу Вялікага Княства Літоўскага – гербу “Пагоня”, а таксама Гедзімінавічам, Ягелонам і некаторым іншым найвышэйшым родам Княства (усяго каля 130 прозвішчаў).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.