Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (БДЭУ) – адна з буйнейшых вышэйшых навучальных устаноў Беларусі па падрыхтоўцы спецыялістаў эканамічнага профілю. Датай стварэння ўніверсітэта лічыцца 20 мая 1933 г. У гэты дзень шляхам аб'яднання Планава-эканамічнага і Фінансава-эканамічнага інстытутаў з Інстытутам спажывецкай кааперацыі была створана новая навучальная ўстанова – Інстытут народнай гаспадаркі. У перыяд 1935–1992 гг. інстытут набыў статус дзяржаўнага і меў назву «Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В.У. Куйбышава» (БДІНГ імя В.У. Куйбышава). У інстытуце была выпрацавана стратэгія комплекснай падрыхтоўкі спецыялістаў эканамічнага профілю, якая адпавядала патрабаванням кадравага забеспячэння краіны. Пры першым рэктары (дацэнт А.В. Гурло, 1933–1935) навучальная ўстанова мела пяць факультэтаў і 10 кафедр, на якіх навучалася больш за тысячу студэнтаў, працавала 103 навуковых супрацоўнікі, была створана вялікая бібліятэка навукова-метадычнай літаратуры. Да 1939 г. інстытут выпусціў больш за паўтары тысячы спецыялістаў для прамысловасці і сельскай гаспадаркі і стаў буйнейшым эканамічным ВНУ краіны. Развіццё і станаўленне інстытута было прыпынена падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В.У. Куйбышава зноў адчыніў свае дзверы толькі 28 кастрычніка 1944.
У перыяд пасляваеннага адраджэння інстытут сутыкнуўся з праблемай нізкага ўзроўню кваліфікацыі выкладчыцкіх кадраў: на пачатку 1950-х гг. навучальная ўстанова мела 47 выкладчыкаў, 17 чалавек з якіх мелі вучоныя ступені і званні. У 1960-я–1980-я гг. адбылося значнае паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ВНУ. Педагагічны калектыў у гэты час налічваў 118 выкладчыкаў, з якіх 57 былі кандыдатамі навук, дацэнтамі. З 1969 г. па 1991 г. інстытут узначальваў прафесар Ф.В. Баравік. У пачатку 1970-х гг. у БДІНГ імя В.У. Куйбышава была створана аспірантура па пяці навуковых спецыяльнасцях, у 1980-я гг. была адкрыта дактарантура, што дало магчымасць выкладчыкам ВНУ актыўна займацца навукай. З цягам часу БДІНГ імя В. Куйбышава вырас да памераў буйнейшай вучэбна-вытворчай установы, дзе навучалася больш 10 тысяч студэнтаў, працавала 11 факультэтаў, у тым ліку факультэт павышэння кваліфікацыі спецыялістаў народнай гаспадаркі.
У 1992 г. ВНУ набыла новы статус і атрымала назву – Установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт” (БДЭУ). У гэты час з'явіліся новыя факультэты і спецыяльнасці, якія адпавядалі патрабаванням сучаснай эканомікі. У ВНУ пачалі рыхтаваць спецыялістаў для знешнеэканамічнай дзейнасці, камунальнага кіравання, маркетынгу, рэкламнай дзейнасці і турызму. Былі створаны філіялы БДЭУ ў Бабруйску, Пінску, Маладзечне, Гродне і Віцебску. Для перападрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй былі створаны Вышэйшая школа кіравання і бізнесу (ВШКБ) і Вышэйшая школа турызму (ВШТ), якія дапамаглі рашыць праблему недахопу кадраў.
У 2002 г. універсітэт узначаліў былы міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь, доктар эканамічных навук, прафесар В.М. Шымаў. У БДЭУ паспяхова працуюць больш тысячы выкладчыкаў, 53% з якіх маюць вучоныя ступені і званні. Выдавецкі цэнтр ВНУ займаецца выданнем навуковых і навукова-практычных часопісаў «Белорусский экономический журнал», «Бухгалтерский учет и анализ», «Веснік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта», газеты «Эканаміст». Штогод выпускаецца каля 250 назваў падручнікаў, вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, зборнікаў навуковых прац, манаграфій, матэрыялаў навуковых канферэнцый.
Адным з галоўных накірункаў дзейнасці Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта з’яўляецца навукова-даследчая і інавацыйная работа, якая здзяйсняецца на 10 факультэтах, у Інстытуце сацыяльна-гуманітарнай адукацыі, Бабруйскім філіяле БДЭУ, Інстытуце пвышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі эканамічных кадраў, Цэнтры макраэканамічных даследаванняў, Цэнтры сацыяльна-гуманітарных даследаванняў, студэнцкіх навукова-даследчых лабараторыях, часовых навуковых калектывах. Ва ўніверсітэце зарэгістраваны 9 навукова-педагагічных школ па актуальных праблемах развіцця сучаснай эканамічнай навукі. На іх базе вядуцца навуковыя даследаванні, падрыхтоўка навукова-педагагічных кадраў для Рэспублікі Беларусь, дзейнічае 5 спецыялізаваных саветаў па абароне доктарскіх і кандыдатскіх дысертацый. Універсітэт праводзіць мэтанакіраваную палітыку інтэграцыі ў сусветную прастору бізнэс-адукацыі. На сённяшні дзень навукова-даследчая праца вучоных БДЭУ арыентавана на рэальныя патрэбы эканомікі, цесна звязана з развіццём вытворчай сферы краіны.
Адным з галоўных накірункаў дзейнасці Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта з'яўляецца міжнароднае супрацоўніцтва з эканамічнымі ВНУ Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Польшчы, Балгарыі, Літвы, Латвіі, Кітая, Расіі, Украіны, Малдовы і інш. БДЭУ ўваходзіць у склад Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, Міжнароднай асацыяцыі выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры, Еўрапейскай Акадэміі рознічнага гандлю, Міжнароднай асацыяцыі гандлёва-эканамічнай адукацыі, некамерцыйнай арганізацыі «Міжнародная асацыяцыя арганізацый фінансава-эканамічнай адукацыі», сеткі Віртуальнага інстытута пры ЮНКТАД.
Вядучая эканамічная ўстанова краіны прайшла складаны і доўгі шлях станаўлення і развіцця, выпусціла вялікую колькасць высокакваліфікаваных эканамістаў для ўсіх галін народнай гаспадаркі СССР, Беларусі, а таксама краін Усходняй Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Значная колькасць выпускнікоў сталі вядомымі дзяржаўнымі дзеячамі, кіраўнікамі міністэрстваў і ведамстваў, вядомымі вучонымі.
За заслугі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў для народнай гаспадаркі і развіццё навуковых даследаванняў у 1983 г. ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. 19 мая 2008 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт быў узнагароджаны Ганаровым дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую дзейнасць па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў і навуковых кадраў, асаблівыя поспехі ў сацыяльна-культурным развіцці.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.