Адкрытае акцыянернае таварыства «Гродна Азот» уваходзіць у склад найбольш буйных хімічных прадпрыемстваў, якія фарміруюць аснову нафтахімічнага комплексу Рэспублікі Беларусь, асноўнай місіяй якога з'яўляецца максімальна і поўна задавальняць патрэбнасці айчыннага аграпрамысловага комплексу краіны.
Гісторыя прадпрыемства пачалася, калі ў адпаведнасці з «Направлениями развития народного хозяйства СССР на 1959–1969 годы» Пастановай Савета Міністраў СССР ад 10.04.1959 № 379 быў зацверджаны пералік найбуйнейшых будоўляў краіны на чарговае сямігоддзе, куды ўвайшло і стварэнне Гродзенскага азотна-тукавага завода (АТЗ). У кастрычніку 1960 г. былі ўзведзены часовыя дапаможныя збудаванні, а праз год – створана дырэкцыя завода. Першапачаткова прадугледжвалася вытворчасць аміяку (магутнасцю 167 тыс. тон у год), слабой азотнай кіслаты (240 тыс. тон у год), карбаміду (70 тыс. тон у год) і аміячнай салетры (313 тыс. тон у год). Першую прадукцыю – аміячную салетру – завод выпусціў 3 снежня 1963 г. У студзені 1965 г. былі ўведзены ў эксплуатацыю першыя лініі цэхаў аміяк-1 і карбамід-1, а ў студзені 1967 г. – другая лінія цэха аміяк-1.
Другі этап развіцця прадпрыемства ўключаў у сябе будаўніцтва другой чаргі вытворчасці аміяку магутнасцю 218 тыс. тон у год (сакавік 1970 г.), карбаміду магутнасцю 180 тыс. тон у год (чэрвень 1971 г.) і першай чаргі вытворчасці капралактаму магутнасцю 60 тыс. тон у год (красавік 1970 г.). У кастрычніку 1970 г. завод пераўтвораны ў Гродзенскі хімічны камбінат з прысваеннем яму імя С.В. Прытыцкага, а ў маі 1975 г. – у Гродзенскае вытворчае аб'яднанне «Азот» імя С.В. Прытыцкага. Трэці этап развіцця прадпрыемства звязаны з будаўніцтвам буйнатанажных цэхаў па вытворчасці аміяку магутнасцю 450 тыс. тон у год (май 1979 г.) і карбаміду магутнасцю 330 тыс. тон у год (кастрычнік 1979 г.).
У жніўні 2000 г. прадпрыемства пераўтворана ў Гродзенскае вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «ГВА Азот», а яшчэ праз два гады – у Адкрытае акцыянернае таварыства «Гродна Азот». У 2011 г. адбылася яшчэ адна рэарганізацыя: да прадпрыемства ў якасці вытворча-тэхналагічнага комплексу далучылася ААТ «Хімвалакно». Аб'яднанне дазволіла стварыць умовы для арганізацыі адзінага тэхналагічнага ланцуга вытворчасці поліамідаў і прадуктаў іх далейшай перапрацоўкі. Сёння асноўны кірунак вытворчасці – выпуск мінеральных угнаенняў, капралактама, які выкарыстоўваецца для атрымання хімічных валокнаў і ніцей з поліамідных смол, а таксама аміяку, азотнай, сернай і вугальнай кіслот, метанолу, біядызельнага паліва, а таксама розных тавараў народнага ўжытку. Прадукцыя прадпрыемства адрозніваецца высокай якасцю і карыстаецца попытам як на ўнутраным, так і на сусветным рынках. Таварны знак ААТ «Гродна Азот» мае міжнароднае прызнанне, зарэгістраваны ў многіх краінах. Прадукцыя пастаўляецца ў такія замежныя краіны, як Швейцарыя, Германія, Вялікабрытанія, Польшча, Францыя, Кітай, Індыя, Канада, краіны СНД. Прадпрыемства ўвесь час ставіць сваёй першачарговай задачай абнаўленне вытворчых магутнасцей і ўкараненне сучасных перспектыўных тэхналогій, захаванне і пашырэнне рынкаў збыту.
ААТ «Гродна Азот» мае развітую інфраструктуру дапаможных цэхаў, якія ажыццяўляюць рамонт і тэхнічнае абслугоўванне ўсіх відаў абсталявання, выраб запасных частак, аказанне паслуг іншым арганізацыям, а таксама работнікам аб'яднання і жыхарам горада. Супрацоўніцтва з навукова-даследчымі інстытутамі і шэрагам найбуйнейшых фірмаў, наяўнасць адпаведных навуковых падраздзяленняў дазваляюць забяспечваць пастаяннае ўдасканаленне тэхналогій з мэтай паляпшэння якасці прадукцыі і зніжэння яе сабекошту, эфектыўнай аховы навакольнага асяроддзя.
Прадпрыемства мае развітую сацыяльную структуру. Ёсць Палац культуры і тэхнікі, санаторый-прафілакторый, турбазы, спартыўныя клубы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца стану здароўя работнікаў. Ёсць свая паліклініка, дзе праводзяцца функцыянальная і ультрагукавая дыягностыка і іншыя даследаванні, арганізуюцца абавязковыя прафілактычныя медыцынскія агляды.
Стабільнасць працы, гарантаванасць высокай якасці прадукцыі, выкананне ўсіх абгрунтаваных патрабаванняў спажыўцоў, выдатны сэрвіс – усё гэта спрыяе стварэнню годнага іміджу ААТ «Гродна Азот». Пацвярджэнне таму – уручэнне шэрагу высокіх урадавых узнагарод, прысуджэнне прэмій, дыпломаў і міжнародных прызоў. Прадпрыемства – шматразовы дыпламант выставак міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўняў.