Кароткая даведка:
дзяржаўная сярэдняя спецыялізаваная вучэбна-выхаваўчая ўстанова
Скарочаныя назвы:
Мінскае СВВ
Назвы на іншых мовах:
Минское суворовское военное училище (руская);
5087 сімвалаў
Даведка
Сярод мноства разнастайных навучальных устаноў Мінска ёсць адна асаблівая – Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча (МСВВ). Сюды з дзяцінства імкнуцца папасці хлопчыкі, якія мараць пра ваенную прафесію.
Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча створана ў 1953 г. з мэтай выхавання дзяцей воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, а таксама сірот, чые бацькі загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Будынак вучылішча ўзведзены па праекце народнага архітэктара СССР Г. У. Заборскага. Вялікую работу па яго ўнутраным убранстве і аздабленні правялі архітэктар Я. Р. Шапіра, архітэктар-мастак М. В. Драздоў (скульптура А. В. Суворава), скульптар У. І. Жбанаў (скульптура “Маленькі генерал”). У 1974 г. да комплексу вучылішча дадаткова прыбудавалі КПП, а ў 1989 г. – пяціпавярховы вучэбны корпус.
Першы набор ва ўстанову адбыўся 1 верасня 1953 г., а 6 лістапада вучылішчу быў уручаны Баявы Чырвоны Сцяг – гэты дзень лічыцца Днём МСВВ. У той час у вучылішчы працавалі больш за 100 франтавікоў, у іх ліку 20 педагогаў і афіцэраў-выхавацеляў з іншых сувораўскіх вучылішч Савецкага Саюза. Начальнікамі МСВВ у розны час былі генерал-маёры Д. К. Малькоў, А. І. Кручкоў, П. Р. Саенка, Ф. А. Рудскі, В. П. Сцяпанаў, С. У. Багдасараў, М. В. Скобелеў, генерал-лейтэнант Л. М. Зайцаў. Зараз вучылішча ўзначальвае генерал-маёр В. А. Лісоўскі. За гады існавання МСВВ неаднаразова мяняўся тэрмін навучання: 1956–1964 гг. – 7 гадоў, 1964–1969 гг. – 3 гады, 1969–1992 гг. – 2 гады, 1992–1995 гг. – 3 гады, а з 2002 г. – 5 гадоў.
У МСВВ залічваюць дзяцей ва ўзросце 12 гадоў на конкурснай аснове па выніках уступных экзаменаў. Вучылішча з’яўляецца дзяржаўнай навучальна-выхаваўчай установай адукацыі, якая забяспечвае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі з павышаным узроўнем вывучэння асобных агульнаадукацыйных прадметаў. На працягу ўсіх гадоў існавання МСВВ аснову навучальна-выхаваўчай працы складаюць удалае спалучэнне ваеннай патрабавальнасці з бацькоўскім клопатам пра дзяцей. У ім рыхтуюць рознабакова адукаваных юнакоў, у большасці сваёй будучых афіцэраў. Асноўнымі задачамі вучылішча з’яўляюцца забеспячэнне атрымання сувораўцамі агульнай сярэдняй адукацыі, неабходных для выбару прафесіі першасных ведаў і навыкаў ваеннай справы; падрыхтоўка навучэнцаў ва ўстановы адукацыі, якія рыхтуюць кадры па спецыяльнасцях ваеннага профілю для Узброеных Сіл і воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь, і іншыя ўстановы адукацыі; фарміраванне і развіццё ў сувораўцаў пачуцця вернасці канстытуцыйнаму і воінскаму абавязку, дысцыплінаванасці, імкнення да авалодання прафесіяй афіцэра і любові да ваеннай службы; падрыхтоўка спартыўнага рэзерву для нацыянальных каманд Беларусі па відах спорту і каманд Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Навучальны працэс арганізаваны ў адпаведнасці з вучэбнымі планамі і праграмамі на аснове агульнаадукацыйнага стандарту агульнай сярэдняй адукацыі, распрацаванага Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Выхаванцы знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, носяць спецыяльную ваенную форму. У навучанні сувораўцаў асобая ўвага ўдзяляецца замежным мовам, ваеннай і фізічнай падрыхтоўцы, эстэтычнаму і этычнаму выхаванню. У вучылішчы маюцца кабінеты матэматыкі, інфарматыкі, баявой падрыхтоўкі, мастацтва і іншыя, спартыўны комплекс. Ёсць секцыі па дзюдо, рукапашным баі, стральбе, атлетычнай гімнастыцы, ваенным мнагабор’і і інш. Вялікая ўвага надаецца страявой выпраўцы выхаванцаў. Сувораўцы заўсёды ўдзельнічаюць у ваенных парадах войск сталічнага гарнізона. У абавязковым парадку наведваюць тэатры, музеі, выставы, для іх праводзяцца экскурсіі па памятных мясцінах Беларусі.
Камандаванне вучылішча актыўна ўзаемадзейнічае ў пытаннях выхавання сувораўцаў з Беларускім сувораўска-нахімаўскім саюзам, які быў створаны ў 1992 г. па ініцыятыве выпускнікоў сувораўскіх і нахімаўскіх вучылішч. Дапамогу ў духоўным і маральным выхаванні навучэнцаў аказвае Беларуская праваслаўная царква. У 2006 г. у вучылішчы быў адкрыты воінскі храм у гонар святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова.
Ва ўстанове ёсць Музей гісторыі вучылішча, які быў створаны ў 1958 г. Выдаецца штомесячны інфармацыйны веснік “Честь имею”. На яго старонках змяшчаюцца артыкулы пра гісторыю МСВВ, навіны штодзённага жыцця, карысная інфармацыя, віншаванні.
За перыяд дзейнасці вучылішча было падрыхтавана больш за 12 000 выпускнікоў, з іх 329 сувораўцаў скончылі яго з залатым медалём, 446 – з сярэбраным, больш за 100 маюць навуковыя ступені і званні, 60 выхаванцаў сталі генераламі. Сярод выпускнікоў ёсць і кіраўнікі прадпрыемстваў, прадпрымальнікі, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, дыпламаты і работнікі праваахоўных органаў.
Выпускнікі вучылішча ўдзельнічалі ў многіх ваенных і міратворчых аперацыях. За гады баявых дзеянняў у Афганістане і іншых гарачых кропках больш за 250 чалавек былі ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі, 37 загінулі ў баях. На тэрыторыі МСВВ у памяць аб іх устаноўлены абеліск (1993). 15 лютага 2008 г. адкрыта алея памяці выпускнікоў, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку.