Дата пачатку: 1953 Мінск, г.
Кароткая даведка: дзяржаўная навуковая ўстанова, каардынатар фізіялагічных даследаванняў у рэспубліцы
Назвы на іншых мовах: Институт физиологии НАН Беларуси (руская);
Інстытут фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з’яўляецца вядучай навукова-даследчай установай па праблемах фізіялагічных навук у Беларусі, школай падрыхтоўкі навуковых кадраў у галіне біялагічных і медыцынскіх навук. Навуковая ўстанова была створана ў 1953 г. на базе Інстытута тэарэтычнай медыцыны Акадэміі навук Беларускай ССР. Спачатку штат Інстытута фізіялогіі налічваў усяго 67 чалавек, у лік супрацоўнікаў уваходзіў 1 доктар і 6 кандыдатаў біялагічных навук. На працягу 30 гадоў (1953–1984) Інстытут узначальваў акадэмік Іван Андрэевіч Булыгін. Пад яго кіраўніцтвам праводзіліся даследаванні ў галіне фізіялогіі, марфалогіі, патафізіялогіі і біяхіміі нервовай сістэмы, была створана сапраўдная школа беларускіх фізіёлагаў. З 1954 г. пры інстытуце дзейнічае аспірантура, з 1964 г. – Савет па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Дзякуючы намаганням І.А. Булыгіна Інстытут фізіялогіі атрымаў прызнанне на ўсесаюзным і міжнародным узроўнях. Навуковыя дасягненні калектыву інстытута былі адзначаны ганаровай граматай ЦК КПБ, Прэзідыума Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў БССР (1967). У 1977 г. работы супрацоўнікаў інстытута атрымалі сярэбраныя і бронзавыя медалі, ганаровыя дыпломы Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Кіраўнікі і арганізатары навуковых даследаванняў, акадэмікі І.А. Булыгін, Д.М. Голуб і Д.А. Маркаў сталі лаўрэатамі Дзяржаўных прэмій БССР і СССР у галіне навукі і тэхнікі (1972, 1974, 1978).
У перыяд з 1984 г. да 2005 г. Інстытут фізіялогіі ўзначальваў выдатны вучоны, акадэмік Валерый Мікалаевіч Гурын. Гэты этап развіцця адзначаны значным пашырэннем тэматыкі навуковых даследаванняў: вялікая ўвага надавалася вывучэнню агульных уласцівасцей дзейнасці нервовых цэнтраў, якія забяспечваюць рэгуляцыю функцый унутраных органаў у норме і пры наяўнасці паталогіі. Тэарэтычныя і практычныя вынікі даследаванняў акадэміка В.М. Гурына былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (1996).
У 2005–2010 гг. Інстытут фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўзначальваў акадэмік НАН Беларусі Уладзімір Сяргеевіч Улашчык. У гэты час у Інстытуце праводзіліся даследаванні фізіялагічнага і лячэбнага ўздзеяння фізічных фактараў на арганізм чалавека, распрацоўваліся новыя тэхналогіі і методыкі фізіятэрапеўтычнага лячэння, ішла работа па стварэнні новай фізіятэрапеўтычнай апаратуры. Вынікі даследаванняў знайшлі адлюстраванне ў манаграфіяй, даведніках, тэматычных зборніках і навуковых артыкулах. У гэты перыяд было абаронена 14 дысертацый, атрымана 75 патэнтаў на вынаходніцтвы.
З восені 2010 г. кіраўніком Інстытута фізіялогіі з’яўляецца вядомы беларускі вучоны, член-карэспандэнт НАН Беларусі Іосіф Віктаравіч Залуцкі. Пад яго кіраўніцтвам праводзіцца вывучэнне механізмаў фарміравання паталагічных станаў арганізма (у першую чаргу гіпаксічных і нейрадэструктыўных) і абгрунтаванне новых тэхналогій прафілактыкі, лячэння і рэабілітацыі. Асобая ўвага ўдзяляецца распрацоўцы комплексных спосабаў лячэння злаякасных пухлін, стварэнню новых метадаў імунатэрапіі для пацыентаў з ракам падстраўнікавай залозы. Даследаванні праводзяцца ў шматфункцыянальнай дыягнастычнай лабараторыі, лабараторыі фізіялогіі харчавання і спорту, лабараторыі рэгулярных бялкоў і пептыдаў, лабараторыі фізіятэрапіі і курарталогіі, лабараторыі мадуляцый функцый арганізма. Тэхнічную падтрымку даследаванняў забяспечвае лабараторыя тэхнічнага суправаджэння. Штогод на базе Інстытута фізіялогіі праводзяцца міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі і сімпозіумы па актуальных медыка-біялагічных праблемах, выдаецца навукова-практычны і навукова-тэарэтычны часопіс «Новости медико-биологических наук». Навуковыя даследаванні, якія праводзяцца Інстытутам фізіялогіі, адпавядаюць сучасным тэндэнцыям развіцця медыка-біялагічных навук, а таксама пераліку прыярытэтных фундаментальных і прыкладных накірункаў, якія дапамагаюць у рашэнні стратэгічных сацыяльна-эканамічных праблем краіны.
За гады існавання Інстытута яго супрацоўнікамі абаронена 20 доктарскіх і 160 кандыдатскіх дысертацый, выдадзена 110 манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, атрымана больш за 150 патэнтаў на вынаходніцтвы і карысныя мадэлі. У сценах Інстытута фізіялогіі вырасла плеяда выдатных прадстаўнікоў медыка-біялагічных навук, якая ўнесла значны ўклад у развіццё не толькі фізіялогіі, але і смежных навук. Сярод іх І.А. Булыгін, Д.М. Голуб, Д.А. Маркаў, В.А. Лявонаў, А.Я. Пракапчук, А.С. Дзмітрыеў, В.М. Гурын, У.А. Мацюхін, Ф.В. Аляшкевіч, Я.П. Дзямідчык і інш.
Сёння Інстытут фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з’яўляецца каардынуе фізіялагічныя даследаванні ў краіне, з’яўляецца галаўной арганізацыяй па правядзенні фундаментальных даследаванняў па Дзяржаўных праграмах: «Рэгуляцыя функцый» і «Экалогія і адаптацыя». Інстытут фізіялогіі з упэўненнасцю рухаецца наперад і актыўна працуе над актуальнымі праблемамі ў галіне фізіялогіі і медыцыны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.