Усе перыяды развіцця Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь звязаны з гісторыяй нашай краіны. Сваю першую афіцыйную назву – Урадавая бібліятэка – яна атрымала невыпадкова. Гэтай падзеі папярэднічалі гады стварэння бібліятэк розных наркаматаў. У 1917 г. адкрыта бібліятэка Народнага камісарыята шляхоў зносін, у 1918 г. – навучальная бібліятэка Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення, у 1920 г. – статыстыка-эканамічная бібліятэка Народнага камісарыята земляробства. Існавалі таксама бібліятэкі Дзяржплана, Цэнтральнага выканаўчага камітэта (ЦВК), Савета Народных Камісараў (СНК). З мэтай аб’яднання ўсіх гэтых бібліятэк 10 снежня 1933 г. выдадзена пастанова СНК аб арганізацыі адной цэнтральнай бібліятэкі пры Доме Урада. Гэты дзень і лічыцца днём заснавання Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.
Пастановай Прэзідыума ЦВК БССР ад 17 жніўня 1938 г. бібліятэцы прысвоена імя А.М. Горкага. Умацаванню фонду, які ў 1941 г. дасягнуў 250 тыс. экзэмпляраў, садзейнічала выдзяленне беларускага бясплатнага экзэмпляра друку (пастановы СНК БССР 1934 і 1940 гг.), а таксама платнага экзэмпляра па акрэсленай тэматыцы з Цэнтральнага калектара навуковых бібліятэк (Масква). Да пачатку 1940-х гг. Урадавая бібліятэка імя А.М. Горкага стала вядучай спецыяльнай бібліятэкай рэспублікі, трэцяй (пасля Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна і бібліятэкі Акадэміі навук БССР) па велічыні і значнасці сярод буйных бібліятэк БССР. У студзені 1941 г. СНК прыняў пастанову “Аб мерапрыемствах па паляпшэнні працы Урадавай бібліятэкі імя А.М. Горкага”. Ад Народнага камісарыята асветы БССР бібліятэка была перададзена ў непасрэднае падпарадкаванне СНК, фінансаванне даручалася Народнаму камісарыяту фінансаў БССР. Быў створаны бібліятэчны савет на чале з намеснікам старшыні СНК. Распачалася праца па арганізацыі спецыялізаванага бібліяграфічнага інфармавання наркаматаў. Шырокі рэзананс атрымлівалі літаратурныя вечары, чытацкія канферэнцыі і іншыя масавыя мерапрыемствы, якія рэгулярна праводзіліся ў бібліятэцы.
У час вайны фонд бібліятэкі значна пацярпеў. Частка была вывезена нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Праца па аднаўленні бібліятэкі пачалася ўжо ў пачатку 1944 г. у прыгарадзе Гомеля, у Навабеліцы, дзе тады часова размяшчаўся ўрад БССР. Адтуль у вызвалены Мінск прывезлі некалькі тысяч кніг. Урадавая бібліятэка імя А.М. Горкага, першая сярод навуковых бібліятэк, распачала сваю дзейнасць. Ужо 8 ліпеня 1944 г. быў зацверджаны пастаянны штат. Фонд бібліятэкі аднаўляўся з трафейных крыніц (эшалон з вернутымі ад немцаў беларускімі кнігазборамі быў разгружаны ў двары Дома Урада), з буйных бібліятэк іншых рэспублік СССР (туды да вайны накіроўваўся абавязковы экзэмпляр), шляхам набыцця літаратуры ў насельніцтва. Гераічнымі намаганнямі камплектатараў у 1952 г. фонд дасягнуў даваеннай колькасці.
У 1950–80-я гг. бібліятэка паступова павышала ўзровень працы і, адпаведна, свой афіцыйны статус: 1950 г. – аднесена да навуковых бібліятэк другой катэгорыі; 1956 г. – створаны кабінет новай тэхнікі, які паступова стаў цэнтрам тэхнічнай і эканамічнай інфармацыі ў рэспубліцы; 1959–1977 гг. – па-ранейшаму абслугоўваючы органы дзяржаўнай улады і кіравання, адначасова ажыццяўляла арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва рэспубліканскай сеткай тэхнічных бібліятэк; 1960 г. – дзякуючы адкрыццю міжбібліятэчнага абанемента (МБА) фонд стаў агульнадаступным. У 1971 г. аднесена да навуковых бібліятэк першай катэгорыі. У залатую скарбніцу бібліяграфічнай прадукцыі Беларусі назаўсёды ўвайшлі фактаграфічны летапіс “Минск: краткая хроника (ноябрь 1917–1966)” (1967), бібліяграфічныя паказальнікі бібліятэкі “Советы депутатов трудящихся БССР, 1966–1975” (1977), “Народное хозяйство БССР, 1917–1963” (1965), “Развитие и размещение производительных сил БССР” (1964–1990), “Літаратура па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання” (з 1949).
Да сярэдзіны 1980-х гг. Урадавая бібліятэка імя А.М. Горкага стала буйнейшай у СССР спецыяльнай бібліятэкай па абслугоўванні органаў улады і кіравання, усесаюзнай базай перадавога вопыту і каардынацыйна-метадычным цэнтрам для бібліятэк БССР у гэтай галіне. У 1986 г. Міністэрствам культуры БССР і Кіраўніцтвам справамі Савета Міністраў БССР зацверджана распрацаванае бібліятэкай Палажэнне аб адзінай рэспубліканскай сістэме бібліятэчна-бібліяграфічнага забеспячэння мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання. Такім чынам, бібліятэчна-бібліяграфічным абслугоўваннем былі ахоплены ўсе звенні дзяржапарату: ад Вярхоўнага Савета БССР і Савета Міністраў БССР да сельсавета. 1970–80-я гг. – перыяд станаўлення і развіцця Адзінай сістэмы бібліятэчна-інфармацыйнага забеспячэння мясцовых органаў улады і самакіравання БССР, якую ўзначальвалі тагачасныя Урадавая бібліятэка імя А.М. Горкага і Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У.І. Леніна.
Новы этап развіцця Урадавай бібліятэкі імя А.М. Горкага пачаўся ў 1994 г., калі распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 верасня яна была перайменавана ў Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь і пераведзена ў падпарадкаванне Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З гэтага часу выконвае бібліятэчна-інфармацыйнае абслугоўванне Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, судоў усіх інстанцый, ведамстваў і мясцовых органаў улады і кіравання.
Сёння Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь з’яўляецца спецыяльнай навуковай бібліятэкай і цэнтрам МБА па пытаннях дзяржаўнага кіравання, права і эканомікі. Яе фонд налічвае каля 1,5 млн дакументаў на традыцыйных і электронных носьбітах. Найпершы гонар бібліятэкі – яе старадаўнія рарытэты. Усяго фонд старадрукаў і рэдкіх выданняў налічвае каля 75 тыс. экзэмпляраў кніг, часопісаў, газет, лістовак. У яго ўключаны выданні да 1945 г., вылучаны калекцыі беларусікі XVIII–XX стст., старадрукаў XVI–XVIII стст., выданняў рускага грамадзянскага друку 1700–1825 гг., нелегальнага і забароненага цэнзурай друку XIX ст., марксісцкага і рэвалюцыйна-дэмакратычнага друку 1905–1907 гг. і інш. У фондзе захоўваюцца часткі бібліятэк Радзівілаў, П.М. Лепяшынскага, Супрасльскага Благавешчанскага манастыра, Рускай грамадскай бібліятэкі імя І.С. Тургенева ў Парыжы, асобныя выданні з бібліятэкі Баркалабаўскага манастыра і інш.
У кастрычніку 2003 г. быў арганізаваны сектар замежных выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Фонд сектара змяшчае сучасную навуковую літаратуру па праве, эканоміцы, палітыцы, сацыялогіі вядомых замежных выдавецтваў Oxford University Press, Cambridge University Press, Wiley, Sage Publicational, Routledge, Sweet & Maxwell, Kluwer Law International. На сённяшні дзень у бібліятэцы вядзецца праца ў рамках навукова-даследчых праектаў “Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: хроніка штодзённай дзейнасці”, “Дзяржава і права Беларусі (VI ст. – 1917 г.)”, “Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі”, “Гісторыя права Беларусі Х–ХХI стст.”, “Заканадаўства БССР”, “Радзівіліяна”, “Дзяржаўныя, палітычныя і грамадскія дзеячы Беларусі” і інш.
Установа супрацоўнічае з беларускімі СМІ, у якіх публікуюцца тэматычныя бібліяграфічныя спісы з пашыранай анатацыяй.
Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь падтрымлівае цесныя кантакты з Прэзідэнцкай бібліятэкай імя Б.М. Ельцына, Парламенцкай бібліятэкай Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі, Расійскай нацыянальнай бібліятэкай, Бібліятэкай Вярхоўнай Рады Украіны, Прэзідэнцкай бібліятэкай Упраўлення справамі Прэзідэнта Азербайджанскай Рэспублікі, Парламенцкай бібліятэкай Рэспублікі Малдова, Бібліятэкай Заканадаўчай палаты Олій Мажліса Рэспублікі Узбекістан, Бібліятэкай Мілі Меджліса Азербайджанскай Рэспублікі, Бібліятэкай Сейма Рэспублікі Польшча.
Бібліятэка мае свой сайт у Інтэрнэце www.preslib.org.by, на якім прадстаўлены электронны каталог, інфармацыйныя рэсурсы і паслугі, публікуюцца спісы і агляды новых паступленняў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.