Дата пачатку: 25.07.1853 Мінск, г.
Папярэднія назвы: Пажарная каманда прафесійная ў Мінску; Прафесійная пажарная каманда ў Мінску
З даўніх часоў чалавецтва пакутавала ад спусташальных пажараў. Старажытная драўляна-саламяная Белая Русь таксама часта гарэла. Прычын на гэта было шмат: стыхійнасць прыроды, бытавыя падпалы, захопніцкія міжусобныя войны і інш. На працягу стагоддзяў нашы продкі спрабавалі разгадаць невядомую сілу агню і шукалі сродкі барацьбы з ім.
Першыя вядомыя звесткі пра арганізацыю на беларускіх землях барацьбы з пажарамі адносяцца да XIV–XV стст. Менавіта ў гэты перыяд у буйных гарадах з мясцовым самакіраваннем пачалі ўводзіцца абавязковыя пастановы па правілах пажарнай бяспекі, так званыя агнявыя парадкі. Там акрамя разнастайных забараняльных мер адзначалася, што тушэнне пажару – абавязак усіх без выключэння гараджан. Тых, хто ўхіляўся, прымушалі або сурова каралі. Кіраваў усім працэсам сам бургамістр.
Проціпажарная ахова як асобная служба ў гарадах з магдэбургскім правам стала вядома з пачатку XVI ст., а наступнае стагоддзе ўнесла значныя змены ў яе арганізацыю. Гарадскім магістратам паступова ўводзіліся пасады агнявых старшын, ці вартаўнікоў ад агню. Яны кіравалі тушэннем пажараў і ажыццяўлялі кантроль за выананнем правілаў пажарнай бяспекі. У абавязкі простых гараджан, на чыіх плячах аж да пачатку XIX ст. трымалася барацьба з вогненнай стыхіяй, таксама ўносіліся змены. Усе мужчыны на выпадак ваеннай пагрозы дзяліліся на сотні і дзясяткі, што ў мірны час з’яўляліся і пажарнымі адзінкамі (мелі ў распараджэнні драбіны, некалькі багроў, сякер і ручную драўляную помпу). Кожная сотня выстаўляла на ноч на званіцы цэркваў пажарны дазор, які гукамі трубы паведамляў пра небяспеку.
З уваходжаннем беларускіх зямель у склад Расійскай Імперыі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у арганізацыі пажарнай справы пачаўся новы этап, што характарызаваўся стварэннем прафесійнай службы. Паўсюдна пачалі дзейнічаць “пажарныя дамы” – месцы захоўвання гарадскога пажарнага інвентару. У 1818 г. у адпаведнасці з імператарскім указам у губернскіх гарадах была ўведзена пры паліцыі штатная пасада брандмайстра. Акрамя таго, Аляксандр I загадаў падзяліць усе губернскія гарады на роўныя часткі і для кожнай вызначыць колькасць пажарных інструментаў, абозаў, коней і фурманаў. Гэта стала сур’ёзным крокам наперад па стварэнні прафесійных пажарных каманд. У іх склад уваходзілі атрады водазабеспяэння, трубны, драбінны, сякерны і ахоўны. У Мінску прафесійная пажарная каманда была створана ў 1853 г. У 1876 г. арганізавана Мінскае вольнапажарнае таварыства. У 1927 г. сфарміраваны органы Дзяржаўнага пажарнага нагляду. У 1933 г. пачала працаваць першая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы спецыялістаў пажарнай службы.
За даваенны перыяд пажарная ахова стала паўнацэннай дзяржаўнай службай: з’явіліся прадпрыемствы па выпуску пажарнай тэхнікі і аснашчэння, праводзіліся планавая падрыхтоўка кадраў, пераход на аўтамабільную цягу. У 1937 г. быў уведзены першы Баявы ўстаў пажарнай аховы. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўсе сілы і сродкі пажарнай службы былі кінуты на барацьбу з ворагам. Толькі пасля вызвалення нашай краіны аднавілася яе дзейнасць, і ўжо ў 1945 г. пажарныя каманды зноў з’явіліся ва ўсіх гарадах і раённых цэнтрах Беларусі.
Асобнай старонкай, гераічнай і трагічнай, у гісторыі пажарнай службы стаў удзел у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, калі тысячы пажарных ахвяроўвалі сваім здароўем і жыццём дзеля выратавання мільёнаў людзей. Гэта катастрофа, як і землетрасенне ў Арменіі ў 1988 г., паслужыла штуршком да стварэння спецыяльных пажарных аварыйна-выратавальных атрадаў. 15 мая 1991 г. на базе пажарнай службы пры Упраўленні пажарнай аховы Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) БССР для правядзення першачарговых аварыйна-выратавальных работ быў створаны Рэспубліканскі атрад спецыяльнага назначэння.
У першыя гады пасля абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці пажарная служба Беларусі захавала структуру, што існавала ў былым СССР. Аднак праз некаторы час узнікла неабходнасць яе рэарганізацыі. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 мая 1993 г. № 292 “Аб стварэнні ваенізаванай пажарнай службы Міністэрства ўнутраных спраў” на базе пажарнай аховы МУС Рэспублікі Беларусь была створана ваенізаваная пажарная служба (ВПС), у склад якой увайшлі прафесійная пажарная ахова і некаторыя падраздзяленні іншых ведамстваў. Наступным крокам стала прыняцце Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 1993 г. № 2403-XII “Аб пажарнай бяспецы”, які вызначыў прававую аснову і прынцыпы арганізацыі сістэмы пажарнай бяспекі і дзяржаўнага пажарнага нагляду ў Рэспубліцы Беларусь. У гэтым жа годзе Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў задачы, арганізацыю і функцыянаванне Рэспубліканскай сістэмы па папярэджванні і дзеяннях у надзвычайных сітуацыях, вызначыўшы, што падраздзяленні ВПС адносяцца да сіл і сродкаў ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
На пачатку 1995 г. для мабільнай і аператыўнай барацьбы з пажарамі было прынята рашэнне аб арганізацыі дзяржаўнай пажарнай службы ў сельскай мясцовасці і на прадпрыемствах у гарадах. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 кастрычніка 1995 г. № 401 “Аб стварэнні пажарных аварыйна-выратавальных падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў” у мэтах павышэння аператыўнасці дзеянняў у надзвычайных сітуацыях, якія ўзнікаюць на тэрыторыі нашай краіны, на базе ВПС МУС Рэспублікі Беларусь у гарадах, што маюць патэнцыяльна небяспечныя аб’екты і вытворчасці, пачалі стварацца пажарныя аварыйна-выратавальныя падраздзяленні. Іх з’яўленне значна пашырыла спектр работ ВПС – аказанне медыцынскай дапамогі, разборка завалаў, выратавальныя работы на вышынях, хімічная і радыяцыйная разведка, вадалазныя і выбуховыя работы.
Ваенізаваная пажарная служба актыўна ўключылася ў ажыццяўленне і каардынацыю навукова-тэхнічнага забеспячэння супрацьпажарнай аховы. Пачалі работу абласныя навукова-практычныя цэнтры і Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр (з 29 красавіка 1998 г. – Навукова-даследчы інстытут пажарнай бяспекі; з 17 сакавіка 2000 г. – установа “Навукова-даследчы інстытут пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый” Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (МНС) Рэспублікі Беларусь), унікальныя тэхнічныя распрацоўкі якіх знайшлі практычнае прымяненне. Гэта сістэма ранняга выяўлення лясных і тарфяных пажараў, устаноўка імпульснага тушэння, аўтамабілі хуткага рэагавання і інш. На беларускіх прадпрыемствах пачалі серыйна выпускаць пажарную тэхніку, абсталяванне і іншыя сродкі аховы. У 1996 г. у пасёлку Светлы Гай Барысаўскага раёна адкрыўся Рэспубліканскі вучэбна-трэніровачны цэнтр (з 14 снежня 2001 г. дзяржаўная ўстанова адукацыі “Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі” МНС Рэспублікі Беларусь).
У верасні 1998 г. на базе ВПС, выдзеленай са складу МУС Рэспублікі Беларусь, створана МНС Рэспублікі Беларусь. Яму падпарадкаваны абласныя ўпраўленні і Мінскае гарадское ўпраўленне, часці і пасты, навуковыя і вучэбныя ўстановы, пажарныя аварыйна-выратавальныя атрады, падраздзяленні забеспячэння і спецыяльныя падраздзяленні. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь праводзіць актыўнае супрацоўніцтва з многімі замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Падпісаны шэраг пагадненняў у галіне грамадзянскай абароны, па папярэджванні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. У 1999 г. Беларусь стала членам Міжнароднага тэхнічнага камітэта па папярэджванні і тушэнні пажараў (CTIF). Беларускія пажарныя ўдзельнічалі ў тушэнні лясных пажараў на тэрыторыях Турцыі, Грэцыі, Расіі і іншых краін.
18 жніўня 2001 г. у мэтах папулярызацыі пажарна-выратавальнай справы і знаёмства шырокіх колаў насельніцтва з гісторыяй пажарнай службы, традыцыямі і гераізмам пажарных у Мінску быў адкрыты Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы МНС Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.